Top.Mail.Ru

За дзесяць гадоў колькасць карупцыйных злачынстваў у краіне скарацілася амаль удвая

У 2015 годзе іх было 1600, у 2025-м — 843. Дарэчы, дзве трэці з іх так ці інакш звязаны з закупкамі, гаспадарчымі дагаворамі і іншым распараджэннем дзяржуласнасцю.


Стабільна ў зоне рызыкі — сельская гаспадарка, прамысловасць і будаўніцтва. Так, сёлета былі ўзбуджаны крымінальныя справы за крадзеж больш за 1000 тон насення рапсу коштам 1,4 мільёна рублёў. 

Злачынства ўчынілі на Міншчыне.

Крыху менш да карупцыі схільныя сферы аховы здароўя і гандлю, расказаў старшы пракурор упраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Андрэй ФЕДАРОВІЧАЎ: «Усяго за дзевяць месяцаў бягучага года выяўлена 705 карупцыйных злачынстваў. Амаль палова прыпадае на Мінск і Мінскую вобласць, найменшы ўзровень адзначаны ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Структуру карупцыйнай злачыннасці вызначаюць хабарніцтва (60 %) і службовыя крадзяжы (28 %)».

Таму праваахоўнікі засяроджаны на выяўленні злачынных схем, у тым ліку пры рэалізацыі інвестыцыйных і дзяржаўных праграм. Удзяляецца ўвага і процідзеянню неабгрунтаванаму пасярэдніцтву. Паводле слоў Андрэя Федаровічава, беларускімі пракурорамі сёлета было ўзбуджана 236 крымінальных спраў, большасць з якіх звязана з подкупам пры закупках або іншым лабіраваннем інтарэсаў розных камерцыйных арганізацый. Хабары даходзілі да дзесяці працэнтаў ад цаны абсталявання — у асобных выпадках да 190 тысяч рублёў. Па патрабаванні пракурораў прыйшлося адмяніць больш за 800 працэдур закупак.

«Распрацоўваецца пастанова ўрада, якая будзе ўстанаўліваць адзінае патрабаванне да ўдзельнікаў працэдур дзяржаўных закупак з дапамогай біржавых таргоў. Акрамя таго, вядзецца работа па стварэнні адкрытага рэестра юрыдычных асоб, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за подкуп з мэтай абмежавання іх удзелу ў дзяржаўных закупках і закупках за кошт уласных сродкаў», — адзначыў Андрэй Федаровічаў. Абмяркоўваецца і магчымасць канфіскоўваць маёмасць у карупцыянера і яго сям’і, калі няма доказаў, што яна куплена на законныя даходы. Пакуль такая мера дзейнічае толькі для службовых асоб, якія займаюць адказныя пасады, але размова ідзе аб тым, каб распаўсюдзіць яе на ўсе катэгорыі дзяржслужачых.


Кожнае пятае карупцыйнае злачынства ў краіне здзяйсняецца кіраўніком дзяржаўнага органа або дзяржаўнай арганізацыі, які павінен быў прымаць меры па супрацьдзеянні карупцыі, расказаў Андрэй Федаровічаў: «Толькі ў гэтым годзе прыцягнута 607 асоб, з іх чацвёра займалі адказнае становішча. За хабарніцтва асуджаныя былыя генеральныя дырэктары „Камунаркі“, Беларускага цэментнага завода, Гродзенскага мясакамбіната і шэраг іншых высокапастаўленых службовых асоб». Дарэчы, у злачынных схемах усё часцей фігуруюць замежныя грамадзяне, а самі злачынствы адыходзяць у лічбу. Прыкметней становіцца і крыптавалюта — яе карупцыянеры выкарыстоўваюць як зручны інструмент разліку.

Але такія злачынствы рэдка пачынаюцца з аднаго злога намеру. Куды часцей галоўная прычына — сістэмны прабел, аслаблены кантроль, зручныя «шчыліны» ў саміх арганізацыях, адзначыла следчы па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю цэнтральнага апарату Следчага камітэта Таццяна ПРЫГОДЗІЧ: «Карупцыя — з’ява, якая ўплывае на якасць жыцця кожнага з нас. Яе наступствы — гэта адсутнасць сучаснага абсталявання ў бальніцах, што зніжае эфектыўнасць медыцынскай дапамогі, зношаная тэхніка на прадпрыемствах і небяспечныя ўмовы працы, няякасныя будаўніцтва і дарогі, якія правакуюць дарожна-транспартныя здарэнні». І, як вынік, перашкода паспяховай будучыні нашых дзяцей, нашай краіны.

Аміна НАЗАРАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю