Напярэдадні навагодніх свят актыўнасць махляроў традыцыйна набірае абароты. То лжэпрадаўцы прапануюць набыць за дробныя грошы ёлку або іншую святочную атрыбутыку, то іграюць на нервах пажылых людзей пад маркай ДТЗ, у якое быццам бы трапіў іх родны чалавек, то спрабуюць пазбавіцца ад падробак. Гэта не эпізод з кінастужкі, а рэальнасць: за 11 месяцаў зарэгістравана 406 фактаў збыту фальшывых купюр.
Падробкі з 25 краін
Найчасцей падробліваюць замежную валюту. Сёлета яе доля складае 98,5 % ад агульнай колькасці канфіскаваных фальшывых банкнотаў. Першае месца — за доларамі ЗША (315 фактаў), другое — за расійскімі рублямі (56 фактаў), трэцяе — за еўра (29 фактаў). Найбольшая колькасць падробак увезена з Расіі, Польшчы і Турцыі. Усяго — з 25 краін свету.
Беларускія рублі падробліваюць радзей: за 11 месяцаў зарэгістравана шэсць выпадкаў, узбуджаны крымінальныя справы. У асноўным фальшывая нацыянальная валюта канфіскоўвалася ў сталіцы, Брэсцкай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Тры факты выяўлены падчас пералічэння грашовай выручкі з гандлёвых аб’ектаў.
Як адзначае старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС Вольга Загароўская, фальшывая замежная валюта пераважна выраблена на прафесійным абсталяванні, таму адрозніць яе ад сапраўднай звычайнаму чалавеку практычна немагчыма. «Што датычыцца падробленых беларускіх банкнотаў, іх якасць даволі нізкая, — удакладняе яна. — Мясцовыя „ўмельцы“ разлічваюць на няўважлівасць грамадзян пры збыце. Супрацоўнікі падраздзяленняў БЭП аператыўна затрымліваюць злачынцаў».
У прыватнасці, летась у Жлобіне міліцыянеры затрымалі дваіх мясцовых жыхароў (шматдзетных бацькоў), якія наладзілі выраб і збыт фальшывых беларускіх рублёў наміналам 5, 10 і 20 рублёў. Яны былі прызнаны вінаватымі і асуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пяці з паловай гадоў абмежавання свабоды адпаведна.
За машыну разлічыўся падробкамі
Як правіла, абарот замежнай валюты заканчваецца на этапе прад’яўлення падробленых банкнотаў у пункты абмену валют банкаў. Адным са спосабаў атрымання фальсіфікатаў з’яўляецца і ўдзел у незаконных валютных аперацыях. Сёлета зафіксавана 23 такія выпадкі. Грамадзянам, якія адважваюцца на такія здзелкі, варта памятаць, што яны падвяргаюць сябе падвойнай рызыцы. Па-першае, у адносінах да іх, як удзельнікаў незаконнай валютнай аперацыі, будзе складзены адміністрацыйны пратакол. Па-другое, нелегальна набываючы замежныя грошы, яны рызыкуюць атрымаць падробленыя банкноты.
«Сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае прыняцце замежнай валюты ў якасці плацежнага сродку прыцягнуты 53 асобы, за парушэнне парадку правядзення валютна-абменных аперацый — 74 грамадзян, — канкрэтызуе Вольга Загароўская. — Напрыклад, у жніўні ў Мінску грамадзянін Беларусі прадаў аўтамашыну грамадзяніну Расіі, які разлічыўся з ім грашыма ў суме 12 200 долараў ЗША. У далейшым у банку пры абмене аднаго з банкнотаў наміналам 100 долараў высветлілася, што ўсе атрыманыя грашовыя сродкі з’яўляюцца фальшывымі».
Акрамя таго, падробленыя купюры выяўляюцца і падчас продажу тавараў з выкарыстаннем гандлёвых пляцовак або пры разліках за выкананыя работы і аказаныя паслугі. Назіраецца рост фактаў збыту і так званых сувенірных банкнотаў, якія паўтараюць грашовыя знакі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Сёлета зафіксаваны 331 такі факт. У адносінах да асоб, якія ўсведамлялі, што разлічваюцца банкнотападобнымі вырабамі, узбуджана пяць крымінальных спраў.
Разлікі — выключна ў беларускіх рублях
Міністэрства ўнутраных спраў рэкамендуе грамадзянам праяўляць пільнасць і быць уважлівымі пры ажыццяўленні разлікаў наяўнымі грашыма, а таксама ажыццяўляць усе валютныя аперацыі ў спецыяльна прызначаных для гэтага ўстановах, не купляць валюту з рук і не прымаць удзел у сумнеўных здзелках.
«Пры ажыццяўленні наяўных разлікаў грамадзянам варта звяртаць увагу на банкноты, якія прымаюцца, — рэкамендуе Вольга Загароўская. — Трэба ведаць свае грошы. Многія касіры, хоць яны абавязаны ведаць тыя ж элементы абароны, не заўсёды звяртаюць на гэта ўвагу. Што датычыцца замежнай валюты, неабходна каб усе аперацыі праводзіліся ў банках. Грамадзяне не павінны ўдзельнічаць у сумнеўных здзелках, незаконных валютных аперацыях. Праводзіць разлікі за тавары неабходна толькі ў беларускіх рублях, якія з’яўляюцца законным плацежным сродкам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Міністэрства ўнутраных спраў нагадвае: супрацоўнікі аб’ектаў гандлю, дзе разлічваюцца наяўнымі грашыма, павінны памятаць, што за невыкананне патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні праверкі наяўных грашовых сродкаў на сапраўднасць і плацежнасць прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У выпадках выяўлення падробак неабходна звяртацца ў органы ўнутраных спраў. Ні ў якім разе не спрабуйце абмяняць фальсіфікаты альбо разлічыцца імі!
За выраб, захоўванне з мэтай збыту або збыт падробленых грошай артыкулам 221 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў ці пазбаўлення волі ад двух да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. Прычым да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца асобы, якія да моманту ўчынення злачынства дасягнулі 16-гадовага ўзросту. Таму абавязкова пагаварыце са сваімі дзецьмі, за якія «гульні» яны могуць быць прыцягнуты да абсалютна недзіцячага пакарання.
Фота з адкрытых крыніц