Top.Mail.Ru

За год экспарт турпаслуг вырас амаль на трэць

Усе мы памятаем ковідныя часы, калі турызм (як уязны, так і выязны) фактычна быў пастаўлены на паўзу. Як запэўніваюць спецыялісты, гэтыя не лепшыя часы для галіны засталіся ў мінулым. Зрэшты, ёсць і іншыя для нас пазітыўныя моманты не толькі ў сферы эканомікі, але і геапалітыкі: нягледзячы на розныя забароны латвійскіх улад мясцовыя жыхары актыўна карыстаюцца беларускім бязвізам і ўжо занялі чацвёрты радок у рэйтынгу замежнікаў, якія прыязджаюць у нашу краіну. Пра тое, чым прыцягвае Беларусь замежнікаў і як развіваецца экспарт турыстычных паслуг, карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.


Выйшлі на даковідныя паказчыкі

Як паведаміў суразмоўца, у 2024 годзе колькасць уязных турыстычных паездак замежных грамадзян у Рэспубліку Беларусь склала 6,6 мільёна. Для параўнання: гэта на 1 мільён больш, чым у 2023 годзе. Калі казаць у грашовым выражэнні, то экспарт турыстычных паслуг склаў 268,1 мільёна долараў, што на 28,4% больш, чым у папярэднім годзе:

— Мы бачым, што сёння гэты кірунак дынамічна развіваецца. Станоўчая дынаміка назіралася і год таму. Мы з упэўненасцю можам сказаць, што дасягнулі рэкорднага даковіднага ўзроўню 2019 года.

Намеснік міністра адзначыў, што гэты пазітыўны трэнд адбываецца не паўсюдна — напрыклад, сёння сусветная турыстычная галіна цалкам яшчэ не выйшла на паказчыкі 2019 года:

— У прыватнасці, не выйшла Еўропа. Мы адна з краін еўрапейскага кантынента, якая перасекла гэты ўзровень. І, больш за тое, па рэйтынгах Сусветнай турыстычнай арганізацыі, мы занялі 48-е месца па колькасці турыстаў, якія наведалі нашу краіну, з больш чым 200 дзяржаў свету.

Калі ацэньваць геаграфію ўязнога турызму, то, безумоўна, расіяне займаюць першы радок рэйтынгу:

— Тут шмат прычын, самыя асноўныя — адкрытасць дзяржаўных граніц, адсутнасць моўных і ментальных бар’ераў. Гэта асноўны наш рынак, — растлумачыў суразмоўца. — Тэмп росту экспарту турпаслуг склаў 129,6% да ўзроўню 2023 года, гэта 212 мільёнаў долараў ЗША.

Ён таксама звярнуў увагу, што растуць і іншыя напрамкі: у прыватнасці, на другім месцы рэйтынгу — Турцыя (з тэмпам росту 125,5% да ўзроўню 2023 года і амаль 9 мільёнамі долараў экспарту).

Трэцяе месца ў спісе стабільна ўтрымлівае Кітай:

— Аб’ём 6,6 мільёна долараў, рост на 132%. Гэтаму спрыяе павелічэнне магчымасцяў лагістыкі: калі раней існаваў адзін авіярэйс паміж нашымі краінамі, то цяпер іх тры.

Суразмоўца адзначае, што павышэнню прывабнасці нашай краіны спрыяюць і кітайскія студэнты, якія навучаюцца ў Беларусі:

— Сёння іх каля 12 тысяч, і яны вельмі актыўныя вандроўнікі. Плюс яны клічуць сваіх родных, сяброў і знаёмых у Беларусь.

На чацвёртым месцы рэйтынгу — Латвія. Нягледзячы на запалохванне латвійскімі ўладамі ўласных жыхароў, апошнія актыўна карыстаюцца магчымасцямі беларускага бязвізу: закупіцца смачнымі і якаснымі прадуктамі па даступнай цане, лекамі, ды і паправіць здароўе ў нашай краіне значна танней і якасней, чым у краінах Еўрасаюза. Таму і звяртаюцца да гэтага акенца магчымасцяў нашы суседзі.

— Якія б яны (латвійскія ўлады. — Заўв. аўт.) абмежаванні ні ўводзілі, але латвійскія грамадзяне сёння таксама даюць пэўны плюс ва ўязным турызме ў Беларусь, — растлумачыў Алег Андрэйчык.

Паводле яго слоў, дзякуючы ўвядзенню бязвізавага рэжыму колькасць турыстаў павялічылася па ўсіх краінах Еўропы.

На пятым месцы нашага рэйтынгу — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Вялікабрытанія — на шостым, на сёмым — Азербайджан, восьмым — Туркменістан, дзявятым — Казахстан, дзясятым — Швейцарыя.

— Калі казаць па краінах далёкай дугі, рост экспарту турпаслуг — 127,7%.


Чым прывабная Беларусь?

Разам з тым варта сказаць, што экспарт турызму — паняцце больш шырокае. Экспарт па артыкуле «паездкі» ўключае больш шырокі спектр выдаткаў замежных турыстаў пры наведванні нашай краіны. І гэты паказчык склаў 819,9 мільёна долараў.

— Тут таксама назіраецца рост, фактычна тэмп складае 107%. Улічваецца не толькі арганізаваны турыстычны паток, але і выдаткі, якія нясе турыст індывідуальна, — тлумачыць суразмоўца.

Дарэчы, існуе пэўны рэйтынг і па відах турызму, якія найбольш папулярныя ў замежнікаў:

— На мой погляд, самымі экспартнымі для нашай краіны можна назваць наступныя: першы — лячэбна-аздараўленчы турызм, другі — гісторыка-культурны, трэці — аграэкатурызм. Таксама попытам карыстаюцца экалагічны, паляўнічы і прамысловы турызм.

Са слоў Алега Андрэйчыка, толькі аб’екты прамысловага турызму летась наведала больш за 260 тысяч турыстаў:

— Гэта не толькі прафарыентацыйны кірунак. Гэта турысты, якія заплацілі за наведванне прамысловых аб’ектаў. Немалаважна, што ў гэтым аб’ёме больш за 52% складаюць замежныя вандроўнікі.

Чым цікавяцца? БелАЗам, Мінскім трактарным заводам, «Камунаркай», гадзіннікамі «Луч» і многім іншым.

— Гэта вельмі карысны від турызму для нашай краіны, бо за ім не толькі рэклама вытворчага, прамысловага, эканамічнага патэнцыялу Беларусі, але і прасоўванне нашай прадукцыі за мяжу, — рэзюмаваў намеснік міністра спорту і турызму.

Маргарыта ЗАРОЎКІНА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю