Вынікі работы па ахове працы за 2025 год, падведзеныя Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва, сталі падставай для сур’ёзнага аналізу.
Вынікі работы па ахове працы за 2025 год, падведзеныя Брэсцкай абласной арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва, сталі падставай для сур’ёзнага аналізу.
Летась тэхнічнай інспекцыяй працы галіновага прафсаюза Брэстчыны, грамадскімі інспектарамі прадпрыемстваў праведзена каля 700 маніторынгаў, па выніках якіх наймальнікі ліквідавалі сотні выяўленых парушэнняў заканадаўства аб ахове працы. Аднак статыстыка галіны — 8 няшчасных выпадкаў за год. За гэтай лічбай стаяць канкрэтныя чалавечыя памылкі, ігнараванне правіл і небяспечная саманадзейнасць.
Аналіз здарэнняў паказвае, што трагедыі часцей за ўсё адбываюцца там, дзе дысцыпліна саступае месца грэбаванню патрабаваннямі бяспекі.
Паказальны прыклад — выпадак з грузчыкам, які па асабістай ініцыятыве вырашыў пакасіць траву. Работнік знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і пры гэтым выкарыстаў для касьбы трымер з саматужным металічным дыскам. У працэсе работы самаробны элемент адарваўся і літаральна раздрабіў мужчыну нагу. Тут сышліся ўсе фактары рызыкі: адсутнасць кантролю з боку кіраўніцтва, небяспечная «самадзейнасць» і нецвярозы стан.
Алкаголь стаў спадарожным фактарам і ў іншай гісторыі, калі грузчык пры выгрузцы тавару спатыкнуўся на лесвіцы рампы і атрымаў складаны пералом са зрушэннем ступні. У яго крыві таксама быў выяўлены алкаголь. Такія выпадкі пацвярджаюць: на вытворчасці не бывае «бяспечнай» дозы або «нязначнага» парушэння. Любое адхіленне ад правіл ператварае звычайнае працоўнае дзеянне ў пагрозу жыццю.
Нават вопытныя спецыялісты не застрахаваны ад бяды, калі пачынаюць працаваць «на аўтамаце». Фармоўшчык каўбасных вырабаў пятага разраду пазбавілася фалангі пальца, калі неасцярожна апусціла руку ў люк фаршамяшалкі, якая працавала. Станочнік дрэваапрацоўчага цэха, маючы за плячыма гады стажу, праявіў залішнюю спешку пры распілоўванні складанага бруса з сучком. Замест таго каб знізіць падачу, ён з намаганнем штурхнуў дрэва пад нож — вынік аказаўся жаласным: разрыў сухажылляў і цяжкая траўма кісці.
Яшчэ адзін інцыдэнт здарыўся ў каўбасным цэху, дзе грузчык, транспартуючы тушу, рухаўся спіной наперад. Не заўважыўшы небяспекі, атрымаў удар металічным крукам у галаву.
Безумоўна, нельга спісваць усё толькі на неасцярожнасць работнікаў. Выяўлены выпадкі, калі да траўмаў прыводзіла няспраўнасць абсталявання. Так, грузчык на складзе другаснай сыравіны пашкодзіў кісць у гідраўлічным прэсе, у якога не працаваў выключальнік бяспекі. Да таго ж высветлілася, што супрацоўнік не прайшоў належнае навучанне. А на адной з баз таваразнаўца трапіла пад колы пагрузчыка, кіроўца якога парушыў правілы манеўравання ў цеснай прасторы паміж палетамі.
Падводзячы вынікі года і аналізуючы прычыны кожнага інцыдэнту, тэхнічны інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі Міхаіл Пузанкоў падкрэслівае:
— Ніякія сучасныя тэхналогіі і сістэмы абароны не заменяць асабістую адказнасць і дысцыпліну. Галоўная прычына большасці траўм у 2025 годзе — чалавечы фактар. Мы бачым, што нават кваліфікаваныя работнікі грэбуюць інструкцыямі, спадзеючыся на вопыт ці выпадак. Але ахова працы не даруе фармалізму. Наша задача — не проста выяўляць парушэнні падчас прафсаюзных праверак і маніторынгаў, а дастукацца да кожнага работніка. Бяспека пачынаецца не з загада дырэктара, а з усведамлення таго, што дома цябе чакаюць здаровым.
Сёння прафсаюз працягвае трымаць сітуацыю на кантролі. У 2025 годзе дзякуючы ўмяшанню інспектараў на многіх працоўных месцах былі адрамантаваны бытоўкі, заменена няспраўнае абсталяванне і закуплены якасны інвентар. Але гэтыя намаганні знаходзяць сэнс толькі ў звязцы: пакуль наймальнік стварае ўмовы, работнік абавязаны несці адказнасць за выкананне правіл аховы працы.
Алена КРАВЕЦ