Беларусь плануе павялічыць экспарт прадуктаў харчавання да 12 мільярдаў долараў да 2030 года — адпаведную задачу ставіць Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. За кошт чаго наша краіна можа нарасціць пастаўкі прадуктаў у іншыя дзяржавы, а таксама які шлях прайшла Беларусь у харчовай прамысловасці за апошнія 30 гадоў і якія перспектывы яе развіцця, расказалі эксперты ў эфіры ток-шоу на тэлеканале «Беларусь 1».
— Галіна штогод прыносіць краіне мільярды долараў экспартнай выручкі. Сёлета больш за 9,5 мільярда долараў. Дзякуючы зладжанай рабоце аграрыяў мы атрымалі адзін з самых высокіх ураджаяў збожжавых — 11 мільёнаў тон. І цукровых буракоў — 6 мільёнаў тон. Такога ніколі не было. < ... > У жывёлагадоўлі пераадолеем новую мяжу — вырабім больш за 9 мільёнаў тон малака. Толькі ўдумайцеся ў гэтыя ўнікальныя лічбы. На кожнага беларуса атрымалі больш за адну тону збожжа і адну тону малака. Колькі такіх дзяржаў? Амаль няма.
< ... > У выніку мы павінны мець выгаду ад харчовага экспарту са штогадовай мінімальнай планкай у 12 мільярдаў долараў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА.
Падчас звароту з пасланнем на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, 18 снежня 2025 г.

Можам накарміць яшчэ дзве краіны
Сёння прадукты харчавання — гэта стратэгічны рэсурс і нацыянальны гонар Беларусі. Мы забяспечылі харчовую бяспеку краіны і задаем трэнды на рэгіянальных рынках. Але пасля распаду Савецкага Саюза сітуацыя была практычна катастрафічнай.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксандр ЯКАЎЧЫЦ адзначыў, што за апошнія 30 гадоў адбыліся глабальныя змены. Сёння беларусы ўжо не ўяўляюць сабе паўтарэнне сцэнарыю 1990-х.
— Цяпер, калі казаць пра праблемы, то гэта, напэўна, будзе праблема выбару. Усё, што сёння харчовая прамысловасць вырабляе, у тым асартыменце і тых аб’ёмах, складана змясціць на паліцах нашых магазінаў, — падкрэсліў Аляксандр Якаўчыц.
Паводле слоў намесніка міністра, краіна працягвае імпартаваць асобныя віды прадукцыі, аднак экспарт значна перавышае імпарт:
— Летась, калі з агульнага аб’ёму імпарту прадуктаў харчавання прыбраць той аб’ём, які вывезены з краіны, так званы рээкспарт, то наша сальда аказваецца станоўчым. Мы экспартавалі прадукцыі на 10 мільярдаў 85 мільёнаў долараў і прадалі прадуктаў харчавання на 4,4 мільярда долараў больш, чым завезлі.
Аляксандр Якаўчыц таксама расказаў аб узроўні самазабеспячэння па ключавых пазіцыях:

— Малака мы вырабляем па тоне на кожнага чалавека ў год, а спажываем 247 кілаграмаў. У сярэднім у свеце — 110-140 кілаграмаў. 70 % малака мы прадаем. Што тычыцца іншых прадуктаў: 40 % вырабленага мяса, 30 % яек мы таксама прадаем. Бульбай мы цалкам забяспечылі рынак. Цалкам сябе забяспечваем і гароднінай. Два гады таму гэтага ўзроўню дасягнулі па агурках. Мы ўжо закрываем патрэбы і ў міжсезонны перыяд. Засталося толькі да канца рэалізаваць стратэгію развіцця па таматах. Я перакананы, што ў наступным годзе — пачатку 2028-га мы таксама выйдзем на самазабеспячэнне таматамі ў міжсезонны перыяд. Цяпер праблема не ў тым, што чагосьці няма, а ў тым (нават не праблема, а выклік для нашых вытворцаў), што мы вырабляем так шмат і павінны кожны дзень думаць, куды мы будзем гэта прадаваць.
Госць праграмы дадаў:
— Калі ўзяць асноўную наменклатуру прадуктаў харчавання, то аб’ёмы вытворчасці сёння дазваляюць накарміць яшчэ дзве такія рэспублікі, як наша.
Намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар ГРУЦА ў сваю чаргу заўважыў, што спажывец сёння стаў больш патрабавальным.
— Гэта адносіцца як да асартыменту, так і да складу той прадукцыі, якую ён хоча атрымліваць. Мала проста заявіць, што мы выпускаем натуральную, экалагічна бяспечную прадукцыю. Цяпер спажывец хоча атрымліваць нейкія дадатковыя вітаміны, прэбіётыкі, мінералы, — канстатаваў ён.
Генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Аляксей Меляшчэня растлумачыў, што ў Беларусі да пачатку 1990-х сфармаваўся своеасаблівы парадокс:

— Калі мы падышлі да 1990 года, Беларусь вырабляла найбольшы ўзровень харчавання ў часы Савецкага Саюза. Прайшло літаральна 2-3 гады і ў нас адбыўся рэзкі абвал. Гэтаму ёсць некалькі прычын, асабліва якія тычацца развіцця харчовай прамысловасці. Першапачаткова Беларусь у многіх галінах была нацэлена на вытворчасць сыравіны. Мы прадавалі амаль 70 % мяса не ў выглядзе гатовых вырабаў, а пастаўлялі тушы, паўтушы. Вельмі шмат малака пастаўлялі не ў выглядзе гатовай прадукцыі. Атрымліваўся своеасаблівы парадокс: выраблялі быццам бы шмат, а на нашых прылаўках прадукцыі было мала. Да сярэдзіны 1990-х мы гэта ўбачылі, Прэзідэнт паставіў задачы па стабілізацыі сітуацыі. Таму адбылася стабілізацыя, з’явілася разуменне таго, як закрыць элементарныя патрэбы і што рабіць далей.
Аляксей Меляшчэня адзначыў, што наступны маштабны этап у харчовай прамысловасці прыйшоўся на пачатак 2000-х:
— Першае — гэта скіраванасць на экспарт. Здавалася б, які экспарт, калі ў нас яшчэ свайго не хапае. Але мы памятаем, якія былі першыя прыярытэты — экспарт і прадукты харчавання. У гэтай частцы яны спалучаліся. У першых праграмах былі закладзены стратэгічныя напрамкі па кожнай з галін. Зразумела, што без пераабсталявання гэтага дасягнуць было нельга. Такая задача была пастаўлена і на ўзроўні галін, і на ўзроўні кожнага прадпрыемства. Наступны этап — пачалі прымацца па кожнай з галін стратэгіі развіцця: што нам трэба, у якіх аб’ёмах, якія інвестыцыі пад гэта неабходныя.
Госць праграмы таксама нагадаў аб прыняцці Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі.
— Калі мы ўжо разумелі, што можам вырабляць і ў якіх аб’ёмах, пайшлі досыць вялікія інвестыцыі ў сяло, у вытворчасць сыравіны. Тыя стратэгічныя этапы, якія былі вызначаны і вырашаны ў рамках краіны, прывялі да таго, што сёння мы з асаблівым гонарам гаворым аб харчовай прамысловасці Беларусі, — падкрэсліў Аляксей Меляшчэня.
Козыр — максімальная натуральнасць прадукцыі
Аляксандр Якаўчыц нагадаў, што ў 2025 годзе Беларусь дасягнула рэкорднага аб’ёму паставак прадуктаў харчавання і сельгассыравіны — звыш 10 мільярдаў рублёў.
— Каб выканаць даручэнне Прэзідэнта, мы некалькі памянялі парадыгму. Зараз мы аналізуем усе краіны свету на прадмет аб’ёмаў імпарту прадукцыі той наменклатуры, якую мы вырабляем, з улікам лагістычных выдаткаў, мытных тарыфаў, пошлін, нетарыфных мер. Ацэньваем, наколькі мы канкурэнтаздольныя, суадносячы наш сабекошт з усімі выдаткамі да рынку краіны, якая нас цікавіць. Мы ўжо сфаміравалі для сябе такую матрыцу арыенціраў, і ў кожнага кіраўніка на стале ляжыць дакумент, якім мы кіруемся для дасягнення гэтых параметраў, — расказаў эксперт.
Паводле яго слоў, Расійская Федэрацыя была, ёсць і застанецца рэгіёнам № 1 па экспарце, на другім месцы — Кітай. Добры прырост паказала і Індыя — гэтая краіна па выніках мінулага года ўвайшла ў пяцёрку лідараў. Намеснік міністра адзначыў, што асаблівая ўвага надаецца Афрыцы — гэта рынак будучыні. Асартымент экспарту — сыры, сметанковае масла, сухія малочныя прадукты, мяса і мясныя вырабы. Паводле слоў Аляксандра Якаўчыца, Беларусь летась заняла пятае месца ў свеце па экспарце сметанковага масла.
Гаворачы аб перавагах Беларусі на знешніх рынках Ігар Груца адзначыў:

— Я б сказаў, што гэта разумнае спалучэнне цаны і якасці. Нашы цэны на знешніх рынках не самыя нізкія, аднак нашым вытворцам удаецца забяспечваць стабільнасць якасці.
Аляксей Меляшчэня дадаў:
— Наш своеасаблівы козыр — максімальная натуральнасць прадукцыі. Другое — мы дастаткова адкрытыя. Большасць нашых заводаў праводзяць экскурсіі, паказваюць усё і блогерам, і звычайным спажыўцам. Праводзяцца і аўдыты з боку экспертаў з іншых краін.

Задача — паспяхова замацавацца на сусветных рынках
Гаворачы аб глыбокай перапрацоўцы Аляксандр Якаўчыц адзначыў, што Беларусь ужо шмат гадоў ніводнага літра сырога малака ў якасці сыравіны не прадае за мяжу:
— Перапрацоўваем усё ўнутры краіны. І сёння мы ўжо глыбей сыходзім у перапрацоўку. У нас два прадпрыемствы робяць канцэнтрат сыроватачнага бялку. Будзем рабіць канцэнтрат малочнага бялку.
Аляксей Меляшчэня дадаў, што ў перспектыве будзе гідралізат і лактаферын з малочнага бялку.
Паводле яго слоў, галоўная задача — не толькі забяспечыць глыбіню перапрацоўкі, але і паспяхова замацавацца на сусветных рынках:
— Там (у свеце. — Заўв. рэд.) няма зусім пустога рынку. Мы павінны прабіць гэтую нішу, замацавацца на ёй.
Адным з яркіх прыкладаў глыбокай перапрацоўкі Ігар Груца назваў работу беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.
— Першае, што прыходзіць на розум, гэта наша Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК), якая мае тэхналогіі сусветнага ўзроўню і дазваляе максімальна раскласці збожжа, што вырошчвае сельгасвытворца, — адзначыў намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам».
Асобная ўвага надаецца прынцыпу безадходнай вытворчасці.
— У тэме глыбіні перапрацоўкі я б яшчэ адзначыў безадходную вытворчасць. Гэтыя паняцці знаходзяцца досыць блізка, на мой погляд. І літаральна на кожным прадпрыемстве штодня праводзіцца работа па памяншэнні страт, — заўважыў эксперт.
У якасці канкрэтнага прыкладу ён прывёў вынікі работы з цукровымі буракамі:
— Напрыклад, летась атрымалі рэкордны ўраджай цукровых буракоў — каля 6 мільёнаў тон. Паглядзелі на лічбы і ўбачылі, што за апошнія 10 гадоў страты пры перапрацоўцы цукровых буракоў знізіліся ў два разы. У цукры гэта 3,5 тысячы тон цукру, больш за 2 мільёны долараў, калі браць бягучыя цэны.
Такім чынам, на думку экспертаў, стратэгія глыбокай перапрацоўкі сыравіны дазваляе Беларусі не толькі цалкам забяспечваць унутраныя патрэбы, але і ўмацоўваць пазіцыі на знешніх рынках, мінімізаваць страты і павышаць дабаўленую вартасць прадукцыі.
Па матэрыялах news.by і sb.by