Top.Mail.Ru

За неба яснае, за думкі чыстыя!

«Марафон адзінства» развітаўся з Наваполацкам, накіроўваючыся далей па краіне. Два дні для горада-нафтавіка прайшлі ў атмасферы паўсюднага свята на вуліцах, у гандлёвых цэнтрах, на прадпрыемствах. І кожны, хто так ці іначай змог далучыцца да мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі, яшчэ раз упэўніўся ў тым, што моц беларусаў — у адзінстве.


Канцэрт едзе на завод!

Адметнасць «Марафону адзінства» — праект для простых рабочых заводаў і прадпрыемстваў «Разам працуем, разам спяваем!», які вельмі палюбіўся ўсім працаўнікам краіны. Гэта выдатная магчымасць выказаць нашым людзям словы падзякі за нялёгкую і часам небяспечную працу літаральна на месцы, амаль не адрываючыся ад вытворчага працэсу.

У Наваполацку разам спявалі два дні, свята пад чырвона-зялёным сцягам прыйшло на адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Палімір», «Нафтан», «Вымяральнік», «Белсплат». Музычныя падарункі калектывам дарылі Жанэт, Ганна Благава, Вольга Рыжыкава і ТЕО, Тарас Прысяжнюк, Вольга Булай, Аляксандра Мелех і іншыя.

Гаворачы аб адраджэнні традыцыі цэхавых канцэртаў на «Марафоне адзінства», гендырэктар ААТ «Нафтан» Алег Жэбін падкрэсліў, што такія мерапрыемствы яшчэ больш аб’ядноўваюць дружны калектыў нафтазавода. «Гэта, па-першае, для нас вялікі гонар, а па-другое, творчасць і праца — два бакі аднаго медаля, што дазваляе нам добра працаваць і добра адпачываць. Гэта тая ідэя аб’яднання нацыі для дасягнення высокіх мэт, росквіту», — падзяліўся кіраўнік прадпрыемства.

Старшыня цэхавага камітэта цэха № 015 ААТ «Палімір» Аляксандр Васілеўскі выказаў захапленне ад таго, што, нягледзячы на шчыльны працоўны графік, работнікі завода змаглі сабрацца на такой важнай падзеі. 

Ён адзначыў, што «Марафон адзінства» стаў не толькі магчымасцю для завадчан сустрэцца, але і адчуць сябе часткай усёй Рэспублікі Беларусь, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці.

«Вельмі здорава, што „Марафон адзінства“ даехаў да Наваполацка. Мы, жыхары горада, пра гэта вельмі прасілі, і вось мары спраўджваюцца. Канцэрт на родным прадпрыемстве — гэта ўвогуле агонь! Бачыце, як шчыра завадчане рады, якімі апладысментамі сустракаюць кожную песню?!.. Такое не адыграеш на камеру: для нас гэта сапраўднае свята», — падзялілася эмоцыямі мантажнік радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў ААТ «Вымяральнік» Кацярына Лук’янава.  

Майстар-клас ад мэтраў

У дзіцячай школе мастацтваў № 1 г. Наваполацка прайшоў канцэрт-лекцыя ад артыстаў Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства стала падарункам для маленькіх навучэнцаў школы. «Кожнае наша выступленне, напэўна, адрозніваецца тым, што мы заўсёды абнаўляем праграму, пераглядаем яе. Сёння мы прывезлі некалькі новых твораў беларускіх кампазітараў. Дзеці сустракаюць нас вельмі цёпла і з вялікім энтузіязмам. Мы імкнёмся стварыць душэўную, цёплую атмасферу не толькі падчас канцэрта, але і падчас шчырай размовы. Думаю, што пасля такіх сустрэч дзеці вяртаюцца з жаданнем дасягаць новых вышынь у музычным мастацтве», — адзначыў галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Віталь Кульбакоў

Хутчэй на плошчу!

Яшчэ адным прыемным сюрпрызам для жыхароў і гасцей Наваполацка стала выстаўка спецыяльнай тэхнікі прадпрыемстваў горада, якая разгарнулася на плошчы Будаўнікоў 14 студзеня. Тут жа стартавала акцыя «Гэта мая краіна!», падчас якой трэба было сфатаграфавацца на фотазоне акцыі і атрымаць ад арганізатараў «Марафону» фірменны падарунак з лагатыпам рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі. Дарэчы, на своеасаблівы выклік адгукнуліся сотні новапалачан.

Яркі акорд

Прыгожа і душэўна «Марафон» развітаўся з горадам-нафтавіком святочным канцэртам, які прайшоў на пляцоўцы Палаца культуры ААТ «Нафтан». У маштабным канцэрце ўзялі ўдзел Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», гурт «Аўра», Валерый Шмат, Жанэт, «Ружовыя ружы», Ганна Благава і іншыя зоркі айчыннай эстрады.

«Нельга перадаць эмоцыі ад канцэрта. Гартаючы музычнымі нумарамі старонкі нашай гісторыі, амаль заўсёды ў вачах стаялі слёзы — ад болю і памяці, ад гонару за тое, што мы маем. Шчыры дзякуй за тое, што такое важнае і патрэбнае свята яшчэ мацней гуртуе нас», — падзялілася эмоцыямі жыхарка горада Таццяна Іванова.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю