Top.Mail.Ru

За што Аляксею Мандрыку прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны»?

Перш, чым на сцэну выйдуць артысты, яе трэба... зрабіць.


Дзелавы падыход да справы, працоўны запал, поўная самааддача характэрныя для ўсіх работнікаў новалукомскага прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «ПрамКамплектЦэнтр». Ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны» сёлета прысвоена намесніку дырэктара кампаніі па камерцыйных пытаннях Аляксею Мандрыку.

Калектыў, адным з кіраўнікоў якога ён з’яўляецца, невялікі (крыху больш за 40 чалавек), амаль цалкам мужчынскі: слесары, зваршчыкі, мантажнікі. Усе яны пераважна вясковыя хлопцы, якія не баяцца бруднай і цяжкай работы, што даводзіцца выконваць менавіта рукамі. Вярнуўшыся пасля вучобы ці службы ў войску дадому, яны засталіся на радзіме, з бацькамі і блізкімі.

Сярэдні ўзрост работнікаў — 35 гадоў. Самы час ствараць, праяўляць грамадзянскую сталасць, дапамагаць развіццю сваіх мясцін. Таму работнікі прыватнага прадпрыемства з ахвотай удзельнічаюць у мясцовых сацыяльных праграмах, суботніках.

— Наша асноўная вытворчая база знаходзіцца ў аграгарадку Лукомль, — згадвае Аляксей Мандрык. — Таму грэх было не зрабіць свой унёсак у рэканструкцыю будынка былога сельсавета пад праваслаўны храм. Удзельнічаем у добраўпарадкаванні іншых населеных пунктаў. Летась мы падарылі мабільны сцэнічны комплекс райцэнтру Чашнікі.

Да таго, як заняць пасаду намесніка дырэктара, Аляксей скончыў вучылішча, затым — каледж і нарэшце — універсітэт, паспытаў рознага хлеба: працаваў у будаўніцтве, ездзіў на заробкі ў Расію. Кар’еру на «ПрамКамплектЦэнтры» пачынаў слесарам. Цяпер для яго не ў навізну падарожжа ажно ў Кітай — яшчэ і для таго, каб пацікавіцца, а як там з вытворчасцю зборных сцэн, і потым задаволена паведаміць калектыву: наша — найлепшае!

Кампанія спецыялізуецца на вырабе мабільных сцэнічных подыумаў, комплексаў розных мадыфікацый і звязанага з гэтым абсталявання. У кожным беларускім раённым і абласным цэнтры, у сталіцы ўстаноўлены вулічныя зборныя сцэны, зробленыя ў Новалукомлі.

Сёння вытворчыя плошчы ПВГУП «ПрамКамплектЦэнтр» займаюць 2,5 тысячы квадратных метраў, а пачыналі 17 гадоў таму на 60 «квадратах».

На такім пятачку выпусціць абсталяванне для вялізнай сцэны культурна-спартыўнай установы «Чыжоўка-арэна» тады ўдалося дзякуючы натхнёнасці, гарачаму жаданню ствараць новую патрэбную і якасную прадукцыю. Сур’ёзная заяўка аб сабе дазволіла ўмацаваць рэпутацыю, атрымліваць больш і больш заказаў. Цяпер да яго стаяць чэргі.

— Мы гарантуем якасць сваёй складанай інжынернай прадукцыі. Выдатна разумеем, што побач са сцэнай знаходзіцца вялізная колькасць людзей, — запэўнівае Аляксей Мандрык. — Сярэдняя вага такога перасоўнага комплексу набліжаецца да трох тон, ён можа вытрымаць столькі ж навяснога гукавога, светлавога абсталявання, аздаблення сцэны.

 Прадукцыя «ПрамКамплектЦэнтра» прыйшлася да месца ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа», Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», шматпрофільным культурна-спартыўным комплексе «Мінск-арэна», тэлестудыях.

Больш за 60% вырабаў майстры з Новалукомля экспартуюць за межы краіны, пераважна ў Расію. Геаграфія — ад Масквы і Санкт-Пецярбурга да Далёкага Усходу. Акрамя таго, зборнае сцэнічнае абсталяванне «гастралюе» з папулярнымі выканаўцамі.

Падставай для гонару з’яўляецца тое, што сцэнічныя канструкцыі, вырабленыя на іх прадпрыемстве, збіраюцца за лічаныя гадзіны ўручную, без выкарыстання спецыяльнай тэхнікі. І тым, што, нягледзячы на вялікія габарыты, усе дэталі выкананы надзвычай акуратна і дакладна.

  За 2024-ы прадпрыемства выпусціла абсталявання на 11,7 мільёна рублёў, у тым ліку на 7,1 мільёна — на экспарт.

Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю