За мінулыя суткі ў міліцыю паступіла каля 400 паведамленняў аб званках тэлефонных аферыстаў. Дзякуючы аператыўнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і пільнасці грамадзян большасць злачынстваў удалося прадухіліць. Аб гэтым паведамілі ў МУС, піша SB.by.
Зарэгістравана 36 злачынстваў, учыненых з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Аддзелам арганізацыі апрацоўкі ашуканскіх аперацый МУС ініцыяваная блакіроўка дзевяці фішынгавых інтэрнэт-рэсурсаў — падробленых гандлёвых пляцовак, банкаў ці сэрвісаў, неадрозных ад сапраўдных. Заблакіравана магчымасць плацяжоў у адрас 43 замежных плацежных рэквізітаў, якія выкарыстоўвалі зламыснікі. Таксама прыпынены расходныя аперацыі па 60 рахунках.
Аператыўнікі затрымалі двух кур’ераў, якія працавалі ў інтарэсах аферыстаў. У іх канфіскавана каля 160 тысяч рублёў.
Па спосабе ўчынення супрацьпраўных дзеянняў лідзіруюць вішынг ад імя службовых асоб (тэлефонныя махлярствы) і крадзяжы з выкарыстаннем сацсетак. Затым ідуць набыццё тавараў у інтэрнэце і гандаль на фінансавых біржах. Праца па выяўленні і спыненні ашуканскіх дзеянняў працягваецца.
У МУС нагадваюць: прапановы хуткага і лёгкага заробку або пакупкі тавараў па значна зніжаным кошце ў інтэрнэце нязменна звязаныя з рызыкай страты грошай. Залатое правіла пры зносінах з ашуканцамі па тэлефоне — спыніць размову і паведаміць у міліцыю па нумары 102.