Top.Mail.Ru
251

«Заўсёды гатовы падставіць плячо». Ваеннаслужачыя дапамагаюць убіраць ураджай у Мсціслаўскім раёне

Ваеннаслужачыя з розных куткоў Беларусі дапамагаюць убіраць ураджай аграрыям Мсціслаўскага раёна. Аб гэтым БелТА расказаў намеснік камандзіра зводнага ўзвода ў ідэалагічнай рабоце капітан Леанід Шчыгельскі.


Зводны атрад з 20 чалавек працуе ў Мсціслаўскім раёне ў трох гаспадарках: ААТ «СГЦ «Віхра», ААТ «Сож-Агра» і ААТ «Мазалоўскае». Атрымаўшы неабходны інструктаж і навучанне, ваеннаслужачыя адправіліся ў палі. Арганізавана таксама медзабеспячэнне: для гэтых мэт ёсць санітарная машына. Працуе і перасовачная рамонтная майстэрня.
«Як і ў мінулым годзе на базе 8-й брыгады радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, якая размешчана ў Старых Дарогах, быў сфарміраваны зводны ўзвод. І ў канцы ліпеня ваеннаслужачыя прыбылі для аказання дапамогі ва ўборцы ўраджаю, — адзначыў Леанід Шчыгельскі. — Асабіста я ўжо другі раз удзельнічаю ва ўборачнай кампаніі».
Як адзначыў намеснік камандзіра, ваеннаслужачыя ніколі не застаюцца ў баку ад важных і значных падзей. «Прэзідэнт нашай краіны паставіў дакладную задачу, каб усё было ўбрана своечасова і без страт, бо гэта ж наш хлеб. У гаспадарках патрэбны рукі, таму яны і звярнуліся ў Міністэрства абароны, — сказаў ён. — Ваенныя заўсёды гатовы падставіць плячо».

У ліку тых, хто прыехаў на дапамогу — старшы вадзіцель аўтамабільнай роты батальёна матэрыяльнага забеспячэння вайсковай часці 33933 Максім Радзівонік. «Мы пад’язджаем да камбайна, які спыніўся, загружаем, чакаем наступны, — расказаў ён. — Па ўсёй краіне ідзе ўборка, калі кожны чалавек будзе правільна ставіцца да сваёй работы, з працавітасцю і стараннасцю, у нас на стале заўсёды будзе хлеб, малако і мяса».

Працаваць зводны атрад будзе да канца жніўня. А калі з’явіцца такая неабходнасць — прадоўжаць і далей.

Гарачая пара ў Мсціслаўскім раёне ідзе актыўнымі тэмпамі — у работу ўключыліся ўсе гаспадаркі. Убраць неабходна каля 30 тыс. га.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю