Top.Mail.Ru

«Заўсёды глядзеў на дзядулю і тату»: пазнаёміліся з дынастыяй пілотаў з Беларусі

У «Белавія» працуе цэлая дынастыя пілотаў, улюбёных у неба. Што трэба, каб стаць лётчыкам, і якія якасці абавязкова павінны быць у прафесіянала? Пра гэта паведаміла БелТА.


— Мой бацька ў свой час сказаў: «Едзь вучыцца», — усміхнуўся камандзір 1-й авіяэскадрыллі авіякампаніі «Белавія» Андрэй Мінкевіч. — Я не тое каб проста марыў, не магу сказаць, што з дзяцінства гарэў — не, такога не было. Але ідэя мне спадабалася. Паехаў, адвучыўся, і вось са мной адбылося тое, што адбылося. А потым — сыны. Я таксама нікога не прымушаў, а проста прапанаваў: калі ёсць жаданне — калі ласка. Некаторыя нават крыху ўпіраліся, але потым пагадзіліся.

— Тады стаяў выбар паміж спортам і атрыманнем прафесіі. Улічваючы тое, што я займаўся спортам з шасці гадоў, цяжка было пакінуць гэтую справу і звярнуць на зусім іншы шлях, — падтрымаў аповед другі пілот авіякампаніі «Белавія» Дзяніс Мінкевіч. — А так мне з дзяцінства падабалася гэтая прафесія, самалёты. Заўсёды глядзеў на дзядулю і тату. Па кожным прадмеце яшчэ ў вучылішчы (па навігацыі, аэрадынаміцы), калі нешта было незразумела, пытаўся. Тата ўсё тлумачыў, як умеў. І цяпер, калі лётаю другім пілотам, заўсёды магу нейкае пытанне занатаваць і потым задаць. На ўсё адкажа, дапаможа.

— У нас не прынята сваякам быць у адным экіпажы, таму разам мы не лётаем, — патлумачыў дэталі Андрэй Мінкевіч. — Ну а на працы — якія дзеці? Не, ён звычайны другі пілот — такі ж, як і ўсе астатнія, пераносіць усе цяжкасці гэтай службы.


— У мяне таксама стаяў выбар паміж спортам і авіяцыяй. Мы з братам футболам займаліся, нават гулялі на адной пазіцыі, — далучыўся да размовы навучэнец Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі Аляксандр Мінкевіч. — Перад 11-м класам прыйшоў час выбіраць. Паглядзеў на сваю сям’ю, на брата, які таксама пайшоў у авіяцыю, і вырашыў усё ж такі не здраджваць традыцыям.

«Самая спакойная лятаючая нацыя»

— Трэба сказаць, што беларусы — гэта самая спакойная лятаючая нацыя. Чытаю спецыфічныя прафесійныя каналы, усюды навіны: то тут, то там нейкія скандалы на борце. У нас таксама бывае, вядома, не без гэтага. Але вельмі рэдка. І мы ж не толькі беларусаў возім — як правіла, беларусы ў такіх інцыдэнтах не ўдзельнічаюць, — заўважыў Андрэй Мінкевіч. — Фізічна доўгія пералёты даволі моцна стамляюць. Таму ключ не ў тым, каб быць моцным і вытрымліваць, а ў тым, каб умець адпачываць і аднаўляцца. Мы ў авіякампаніі «Белавія» стараемся выбіраць для сваіх экіпажаў лепшыя гатэлі. Увогуле, нічога незвычайнага: гатэль, адпачынак, ежа. Калі пашанцуе, то сонца, мора і пясок таксама дапамагаюць аднавіцца.

— Добры пілот, на мой погляд, — гэта ўсебакова развіты чалавек з шырокім кругаглядам. І трохі з так званым матэматычным складам розуму. У цэлым варта быць ветлівым у зносінах чалавекам, не рабіць з мухі слана. Быць ураўнаважаным, разважлівым і кампетэнтным спецыялістам на сваім працоўным месцы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю