Top.Mail.Ru

19 студзеня праваслаўныя адзначаюць адно з самых вялікіх святаў у царкоўным календары — Вадохрышча

У гэты дзень вернікі ўспамінаюць хрышчэнне Ісуса ў рацэ Іардан, з якога пачалося яго служэнне чалавецтву. Свята таксама называюць Богаяўленнем, бо ў той момант Бог з’явіўся ў трох іпастасях — Айца, Сына і Святога Духу.


Галоўнай падзеяй на Вадохрышча з’яўляецца асвячэнне вады ў царкве, крыніцах. вадаёмах. Ваду, асвечаную напярэдадні, у Навячэр’е, і ў сам дзень Богаяўлення, у Царкве называюць агіясмай, г. зн. вялікай святыняй. Чын асвячэння ў гэтыя два дні нічым не адрозніваецца, таму вада з’яўляецца абсалютна аднолькавай.

Яна захоўваецца месяцамі і нават гадамі, валодае ўласцівасцю лячыць людзей ад хвароб і ўмацоўваць духоўна менавіта таму, што набывае па малітве Царквы ўласцівасці абноўленага Сусвету, пазбаўленага ад наступстваў чалавечага граху. Безумоўна, цудоўныя ўласцівасці вадохрышчанскай вады праяўляюцца толькі пры ўмове веры чалавека.

Напярэдадні вялікага свята і ў сам дзень свята вернікі разам з сем’ямі традыцыйна наведваюць храмы. У дварах храмаў цягнуцца доўгія чэргі па святую ваду.

Лічыцца, што на Вадохрышча, з паўночы да паўночы, вада набывае гаючыя ўласцівасці і захоўвае іх на працягу года. Яе даюць піць цяжкахворым, ёю асвячаюць храмы, дамы і жывёл. Для навукі застаецца загадкай той факт, што вадохрышчанская вада не псуецца, не мае паху і можа захоўвацца на працягу года і даўжэй.

Вада асвячаецца ў крыніцах, а там, дзе такой магчымасці няма — у двары храма. 

Вялікае значэнне апошнім часам надаецца ў святочныя дні купанню ў іардані – вадаёме альбо прасечанай у ім палонцы ў выглядзе крыжа. Галоўнае пры гэтым – не аднесціся да купання як да “спартыўнага” подзвігу. Варта разумець, што гэта акунанне не ачышчае, як некаторыя думаюць, ад грахоў. Апусканне ў халодныя воды іардані сведчыць аб веры чалавека ў непахісную сілу ласкі Божай, якая зберажэ яго ў моцныя маразы, а таксама ад хвароб і немачы абароніць.

18 студзеня, дзень напярэдадні свята Вадохрышча, называецца Навячэр’е Богаяўлення, або Вадохрышчанская куцця (Вадапосная, Галодная, Вадзяная). Падыходзяць да канца Каляды, адмысловы святочны перыяд ад Калядаў да Вадохрышча Гасподняга. Вадохрышчанская куцця з’яўляецца днём посным, гэтак жа, як і Куцця перад Раством.

Так, у гэты дзень, калі не хварэлі, стараліся нічога не есці да вечара, каб перад вячэрай выпіць «свянцонай» вады і толькі пасля гэтага пачынаць есці. Пры гэтым падчас вячэры напярэдадні Вадохрышча не ўжываліся ў ежу мясныя, малочныя, рыбныя стравы, а таксама стравы, якія ўтрымлівалі яйкі. Абавязкова рабілі посную куццю, кашу з пшанічных круп, запраўленую алеем, таксама гатавалі стравы з агародніны, варылі густы аўсяны ці яблычны кісель.

Перад тым як сям'я сядзе за святочны стол, галава сям’і браў гаршчок з кашай, крыж, хлеб, падрыхтаванае крапіла з жытніх каласоў і асвечанай вадой акрапляў усе гаспадарчыя забудовы: хлеў, лазню, пуню, склеп, дрывотню, гумно.

Характар сталавання прадвызначаўся жаданнем прадбачыць умовы ўборкі ўраджаю. Сама вячэра не была доўгай. Людзі елі ў пэўнай ступені паспешліва, спадзеючыся, што летам гэтаксама хутка ўправяцца з асноўнымі палявымі работамі.

Народныя прыкметы

  • Калі на Вадохрышча дрэвы пакрытыя інеем, увесну сеяць зімавую пшаніцу трэба ў той жа дзень тыдня — ураджай будзе багатым.

  • Калі на Вадохрышча ідзе лапатай снег — да добрага ўраджаю.

  • Калі на Вадохрышча ясна і холадна — да неўраджаю, засушлівага лета.

  • Калі на Вадохрышча зорная ноч — будзе добры ўраджай арэхаў і ягад.

  • Калі на Вадохрышча відаць шмат рыбы — будуць пчолы добра раіцца.

  • Каб даведацца, наколькі цёплым будзе астатак зімы, у ноч Куцці перад Вадохрышчам трэба проста паглядзець на неба. Калі зоркі свецяць ярка, лета будзе сухім і гарачым, а вясна пачнецца рана. Больш за тое, восень таксама будзе цёплай і зацяжной. Таксама яркія зоркі на небе ў Вадохрышча кажуць аб тым, што год будзе спакойным, без палітычных ці эканамічных узрушэнняў.

  • Калі ў ноч Вадохрышча будзе поўня, то вясной трэба асцерагацца моцнага разліву рэк.

  • Не вельмі добра, калі на Вадохрышча цёпла: прыметы гавораць аб тым, што ў гэтым годзе будуць праблемы са здароўем. Наадварот, калі на Вадохрышча шмат снегу — гэта да моцнага здароўя.

На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы. У народзе казалі: «Трашчы, мароз, не трашчы, прыйшлі Вадохрышчы — не к Раству, а к Пятру». Лічылася, што зіма пасля Вадохрышча павярнула на вясну і большых маразоў ужо не будзе.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю