Top.Mail.Ru
236

За тыдзень у Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ паступіла каля 200 зваротаў

Пытанні самыя розныя — ад тлумачэнняў асаблівасцей кантрактнай формы найму, парадку давання водпуску, аплаты працы ў святочныя і выхадныя дні да сітуацый спрэчных, такіх, як, напрыклад, няпоўная выплата прэміяльных і адпускных. Напрыклад, на думку аднаго з работнікаў, які звярнуўся, наймальнік сістэматычна недаплачваў яму заработную плату. Юрысты ФПБ выехалі ў арганізацыю, вывучылі лакальныя дакументы — парушэнні пацвердзіліся. Па выдадзенай наймальніку рэкамендацыі работніку вярнулі больш за 1200 рублёў.



— Работа спецыялістаў нацэлена на аператыўнасць. Безумоўна, ёсць зварот, дзе работнікам неабходна толькі растлумачэнне той ці іншай нормы працоўнага заканадаўства. Адказы на такія пытанні грамадзяне атрымліваюць падчас размовы з аператарам. І такіх званкоў на сённяшні дзень большасць. Калі пытанні не датычацца працоўных адносін або не ўваходзяць у кампетэнцыю прафсаюзаў, то спецыялісты Цэнтра дапамагаюць зарыентаваць грамадзян, куды можна звярнуцца для вырашэння іх сітуацыі. Разам з тым, нямала зваротаў, якія патрабуюць дэталёвага разбору — спецыялісты ў такім выпадку бяруць на кантроль зварот і высвятляюць падрабязнасці. Але нават у няпростых пытаннях зваротную сувязь прафсаюзныя спецыялісты імкнуцца даць у той самы дзень. Важна растлумачыць таму, хто звярнуўся, якія робяцца захады для ўрэгулявання працоўнай спрэчкі, — расказалі ў прэс-службе ФПБ.

Так, напрыклад, у Цэнтр звярнуўся вадзіцель аднаго з аўтапаркаў Мінскай вобласці, які меў сумневы ў правільнасці налічэння заработнай платы. Прафсаюзныя спецыялісты, азнаёміўшыся з лакальнымі дакументамі арганізацыі, высветлілі, што парушэнняў у частцы выплаты заробку не было. У той жа час, калектыўная дамова прадпрыемства прадугледжвае дадатковыя гарантыі для работнікаў, у якіх няма дысцыплінарных спагнанняў, адміністрацыйных правапарушэнняў. Дарэчы, вадзіцеля, які звярнуўся, на працы характарызуюць як добрасумленнага работніка. І ў выніку перагавораў з наймальнікам дасягнута дамоўленасць аб прысваенні вадзіцелю класнасці, што дасць магчымасць павысіць аплату працы.

Нагадаем, Федэрацыя прафсаюзаў запусціла працу Міжгаліновага маніторынгавага цэнтра, задача якога дапамагаць работнікам у вырашэнні працоўных і звязаных з імі пытанняў. 

Звярнуцца ў Цэнтр можна па адзіным нумары — 8-801-100-1111. 

Званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life), A1, МТС. 

Звароты прымаюцца з панядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю