У 30 раёнах Беларусі дзейнічае забарона на наведванне лясоў. Пра гэта сведчаць звесткі інтэрактыўнай карты Міністэрства лясной гаспадаркі, паведаміла БелТА.
Забароны актуальныя для Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, Барысаўскага, Любанскага, Слуцкага, Салігорскага раёнаў Мінскай вобласці, Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Крычаўскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. У Гомельскай вобласці большая частка лясных масіваў пазначана чырвоным колерам, што азначае забарону на наведванне; абмежаванні дзейнічаюць у Брагінскім, Лельчыцкім, Лоеўскім і Хойніцкім раёнах.
У астатніх раёнах краіны ўведзеныя абмежаванні на наведванне лясоў. Толькі ў Верхнядзвінскім раёне наведванне лясных масіваў дазволена.
Інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў Мінлясгаса пастаянна актуалізуецца, аператыўна абнаўляюцца даныя пра сітуацыю ў лясных масівах па раёнах краіны і ўвядзенне мер абмежавальнага характару. Таксама інфармацыю можна ўдакладніць у мясцовых райвыканкамах і лесагаспадарчых установах.