Top.Mail.Ru

Ключавыя пасылы Прэзідэнта на пленарным пасяджэнні IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы

«Наш прынцыповы падыход — дыялог і супрацоўніцтва»


Бяспека. У сучасным свеце гэтае слова з кожным днём набывае ўсё большую каштоўнасць. Менавіта яна сёння ў аснове і міждзяржаўных адносін, і проста жыцця кожнага чалавека на планеце. Бо будаваць эканоміку, развіваць прамысловасць і проста атрымліваць адукацыю, працаваць значна прасцей, усведамляючы, што жывеш пад мірным небам. 

Наш Прэзідэнт пастаянна нагадвае: палітыка Беларусі выключна мірная, а на знешнім контуры галоўныя прыярытэты — добрасуседства і шматвектарнасць. Сусветныя адносіны сёння складваюцца такім чынам, што падобныя падыходы сапраўды ў дэфіцыце. У дэфіцыце і просты дыялог, якога так не хапае многім палітыкам. Менавіта з прапановай такога дыялогу выступае афіцыйны Мінск і на шматлікіх міжнародных пляцоўках, надаючы асаблівую ўвагу пытанням бяспекі. Пра гэта і не толькі падчас пленарнага пасяджэння IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Сёлета форум сабраў прадстаўнікоў больш як 40 дзяржаў, 7 міжнародных арганізацый. На канферэнцыю запрошаны ўвесь дыпламатычны корпус, акрэдытаваны ў Беларусі, — 56 пасольстваў і 15 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый.

«Дыялог становіцца ўсё больш прадметным»

Сваё выступленне кіраўнік дзяржавы пачаў не па пратаколе. Прэзідэнт заўважыў, што, нягледзячы на свой значны вопыт выступленняў перад вялікімі аўдыторыямі, «ніколі так не хваляваўся і не перажываў за свой удзел ні ў адной канферэнцыі, як у гэтай, і гэта не ўпершыню». А пра сваё выступленне сказаў: «Лічыце, што гэта меркаванне не толькі маё асабістае. Гэта меркаванне нашай дзяржавы, нашай Беларусі — краіны, якая знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы». Беларусь — гэта не вялікая краіна. Але тым не менш яна валодае сваім голасам і сваім меркаваннем, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што іх мае кожная краіна.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў тое, што на канферэнцыі прысутнічаюць кіраўнікі рабочых органаў усіх ключавых рэгіянальных арганізацый: ШАС, АДКБ, СНД. «І ўпершыню наша сустрэча выклікала вялікую цікавасць на высокім узроўні ў АБСЕ, — канстатаваў Прэзідэнт. — Увага да нашай з вамі работы расце. І справа нават не ў павелічэнні колькасці ўдзельнікаў. Справа ў якасці дыялогу: ён становіцца ўсё больш прадметным. Адкрыта абмяркоўваюцца любыя „болевыя кропкі“, забароненых тэм для нас няма. Ну, ці хацелася б, каб іх не было».

Кожны год беларускі бок імкнецца зрабіць гэту канферэнцыю актуальнай, карыснай і максімальна насычанай, акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. «Пры гэтым само жыццё падказвае нам сюжэты парадку дня дадзенага мерапрыемства. Упэўнены, што асаблівую цікавасць выкліча тэматычная сесія аб ролі жанчын ва ўмацаванні міру, бяспекі і ўстойлівым развіцці. Ну, калі мужыкі не могуць справіцца, трэба жанчын падключаць, — перакананы беларускі лідар. — Дакладчыкамі будуць толькі жанчыны. Думаю, усім будзе карысна пачуць іх меркаванні аб тым, як спыніць раскручванне махавіка гвалту і спыніць мілітарызацыю планеты». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта жанчыны, як усім вядома, — захавальніцы жыцця. Ім бліжэй стваральная праца, а не канфрантацыя. І ў Беларусі невыпадкова абвясцілі 2026-ы Годам беларускай жанчыны. «Лічым, што жаночы голас у пытаннях міру павінен гучаць гучней», — пазначыў пазіцыю беларускага народа Прэзідэнт. 


«Мы, расіяне і беларусы, не збіраемся ні на каго нападаць або з кімсьці ваяваць»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наш бок чакае ад мерапрыемства свежых ідэй аб тым, як знізіць канфліктны патэнцыял, які дасягнуў крытычнага пункта. «Ведаем, што за ходам нашай канферэнцыі сочаць на Захадзе і многія хацелі б на ёй пабываць. Але ім перашкаджае страх адарвацца ад заходняга мэйнстрыму. Скажу адразу: мы не праводзім раздзяляльных ліній і не навешваем ярлыкі, а сумленна, адкрыта гаворым аб нашым успрыманні праблем, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У адказ жа хочам пачуць галасы тых, каму неабыякавая будучыня Еўразіі і светаўладкаванне. Наша мэта — каб усе зразумелі: Мінская канферэнцыя — аб’яднаўчы форум. Ці хтосьці думае, што ў Захаду свая Еўразія, а ва Усходу — свая?» 

Беларускі лідар назваў Еўразію суперкантынентам, калыскай вялікіх цывілізацый і сусветных рэлігій з тысячагадовым вопытам узаемадзеяння розных культур і народаў. «Сёння ў Еўразіі сканцэнтраваны найбуйнейшыя рэсурсы планеты і пражывае большасць насельніцтва. Менавіта тут б’ецца сэрца сучаснага свету. І ад таго, як будзе развівацца Еўразія, залежыць свет, які без страху і сумненняў мы перададзім нашым дзецям», — адзначыў Прэзідэнт.

Па словах кіраўніка дзяржавы, мы выступаем за агульную Еўразію. І Еўразійская бяспека — агульная і непадзельная. «Адказнасць за яе таксама агульная, бо ў адзіночку яе паўнавартасна не забяспечыць ніхто — ні Захад, ні Усход. Тут няма альтэрнатывы!» — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Свет ніколі раней не мяняўся так імкліва, як цяпер. „Новая нармальнасць“, як прынята называць глабальную сітуацыю, сёння, па сутнасці, стала ненармальнасцю на мяжы хаосу. Ступень канфрантацыі паміж буйнымі дзяржавамі дайшла да краю. Давер — на нулі. Напружанасць ужо такая, што бударажыць кожную краіну і кожнага чалавека. Стары светапарадак рассыпаўся на вачах, новы не сфарміраваўся. Механізмы забеспячэння бяспекі ў выглядзе кантролю над узбраеннямі і мер даверу фактычна разбураныя. Не працуе сістэма стрымак і проціваг, якая ў перыяд халоднай вайны дапамагла не скаціцца ў бездань глабальнага ядзернага канфлікту». 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, на жаль, Паўночна-Атлантычны блок стаў агрэсіўным блокам з ваенным патэнцыялам наступальнага характару. «Заходнія краіны не стамляюцца палохаць сваё насельніцтва, асабліва цяпер, надуманай пагрозай з Усходу. Рыхтуючыся нібыта да вайны з Расіяй у 2030 годзе, Захад наўрад ці ўсведамляе, якое гэта будзе ваеннае сутыкненне, — заўважыў беларускі лідар. — Яшчэ раз падкрэслю: мы, расіяне і беларусы, не збіраемся ні на каго нападаць або з кімсьці ваяваць. Наш прынцыповы падыход — дыялог і супрацоўніцтва». 

«Беларусь прапануе аб’яднальны парадак дня»

Прэзідэнт канстатаваў, што сёння, на жаль, сіла міжнароднага права пры патуранні і з маўклівай згоды міжнародных інстытутаў пакуль цалкам саступае праву сілы. «Найперш, гэта датычыцца Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пры ўсёй павазе да гэтай арганізацыі — шмат гаворыцца, але практычна нічога не робіцца, — заўважыў ён. — У свой час Ліга Нацый, на змену якой прыйшла ААН, распалася па прычыне сваёй няздольнасці прадухіліць Другую сусветную вайну. Баюся, што ААН падрыхтаваная тая ж роля. Не хацелася б». 


Ні для каго не сакрэт, што сёння ў апараце Арганізацыі запраўляюць заходнія чыноўнікі, акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. «Нядзіўна, што яе парадак дня не адпавядае інтарэсам Глабальнай большасці. Пануюць разгубленасць і нявызначанасць, а ад духу салідарнасці не засталося і следу. Цалкам лагічна, што ў гэтых умовах краіны імкнуцца да рэгіянальных аб’яднанняў, дзе можна вырашыць праблемы разам з аднадумцамі. Мне вельмі хацелася б сёння сказаць, што ў дадзены момант расце значэнне ШАС, БРІКС, ЕАЭС, іншых платформаў. Гэтага я сказаць не магу. Там таксама вялацякучы нейкі парадак дня і паводзіны яе членаў. Пра гэта я казаў на адным з пасяджэнняў ШАС, — выказаў сваю пазіцыю Прэзідэнт. — Чаго не скажаш пра АБСЕ. Гэта структура магла б нармальна працаваць, калі б ёй дазволілі. Яна ж нарадзілася з Хельсінскага працэсу, з той самай ідэі роўнага дыялогу. Пляцоўка арганізацыі дала магчымасць многім краінам гучна, упэўнена заявіць пра сябе і свае нацыянальныя інтарэсы на ўвесь свет». 

Разам з тым кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што эйфарыя была нядоўгай і хутка змянілася перыядам нестабільнасці, геапалітычных узрушэнняў, перакройкі граніц і крывавых канфліктаў: «Успомніце: спачатку ў Югаславіі, затым на прасторы былога Савецкага Саюза замест роўнага дыялогу прыйшоў палітычны, эканамічны, ды і ваенны дыктат з боку так званых „адукаваных дэмакратый“. Адсюль сённяшняе становішча АБСЕ — далёка на задворках не толькі сусветных, але і еўрапейскіх працэсаў. Так, мы бачым шчырае імкненне некаторых краін выратаваць арганізацыю і ў цэлым ідэю разрадкі, такой неабходнай Еўропе. Гэта ідэя была і застаецца разумнай. Яе можна і трэба адрадзіць. Таму Беларусь прапануе аб’яднальны парадак дня». 


Беларускі лідар падкрэсліў, што пытанняў для ўключэння ў гэты парадак дня шмат. «Гэта як мінімум кантроль над узбраеннямі, лёгкая і стралковая зброя, міны і да таго падобнае. Тэмы, жыццёва важныя для ўсёй прасторы АБСЕ і патрабуюць самага грунтоўнага абмеркавання. І тады арганізацыя, як і задумвалася, стане прыкладам у глабальным кантэксце», — выказаў упэўненасць кіраўнік дзяржавы.

«Асноўная прычына — барацьба за рэсурсы і безадказная канкурэнцыя»

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «У нашым доме ідзе вайна. Я сустракаўся з генеральным сакратаром АБСЕ, яны гэта там разумеюць — усе чыноўнікі, якіх мы туды пасадзілі і плацім ім грошы. Яны гэта разумеюць, але нічога зрабіць не могуць».

У ліку тэм, якія Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў на сустрэчы з генеральным сакратаром АБСЕ, былі і цяперашнія выбары ў ЗША, «куды АБСЕ на парог не пусцілі». «З задавальненнем яны прыязджаюць да нас, у Расійскую Федэрацыю, загадзя рыхтуюць даклады. І потым усё роўна, як гэтыя выбары прайшлі, яны зрабілі сваю заяву. Назавём любую цяпер краіну, мы ведаем, што скажа АБСЕ. Лічыце, сакратарыят. Таму што кіраўнікі МЗС наўрад ці прынялі б адпаведнае рашэнне — прымаецца ўсё ж такі кансэнсусам. Кіраўнікі дзяржаў не збіраюцца і не збіраліся — баяцца адзін аднаго. Значыць, чыноўнікі напісалі даклад, абвясцілі», — заўважыў Прэзідэнт. 

Вяртаючыся да выбараў у ЗША і да таго, што прадстаўнікі АБСЕ не былі дапушчаныя да назірання за імі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін бок пытання: «А чаго на парог у Амерыку пускаць, калі мы ва ўласным доме (ідзе вайна, іншыя канфлікты, узбраенні) парадак навесці не можам? Чаго мы ў Амерыку лезем? А з другога боку, амерыканцы з АБСЕ да нас гатовыя ў любы момант прыехаць і паказаць, дзе ў нас «пад плотам валяюцца правы чалавека».

Пакуль жа на нашых вачах працягваецца перадзел свету, заўважыў Прэзідэнт. «Асноўная прычына гэтага — паклаўшы руку на сэрца — барацьба за рэсурсы і безадказная канкурэнцыя. Дзякуй Трампу за тое, што ён гэта відавочна паказаў нам».

У пацвярджэнне сваіх слоў кіраўнік дзяржавы прывёў падзеі ў шэрагу краін. Адна з іх — Венесуэла. «Выкраданне Прэзідэнта Мадуры. Навошта? Камусьці патрэбна нафта? Там сапраўды вялікія запасы. З падачы тых жа амерыканцаў я быў уцягнуты (да моманту захопу Прэзідэнта Венесуэлы) у гэты працэс. І можна было без усялякага гэтага глупства, без захопу Прэзідэнта (ганьба ў сучасным свеце!) вырашыць усе праблемы. У тым ліку і нафтавыя», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Венесуэле ў асноўным здабываецца цяжкая нафта, і менавіта на такой сыравіне спецыялізуюцца НПЗ у ЗША. Гэта разумелі і ў Венесуэле. «Таму можна было супрацоўнічаць, — упэўнены ён. — Не — «гераічна» напалі на краіну ўначы, захапілі Мадуру. Добра, лёс наш, прэзідэнтаў, такі. А жонка ў чым вінаватая? І цяпер не ведаюць, што з гэтым рабіць. Таксама папярэджваў: «Вы яго схапілі, але вы падумалі пра тое, што будзе заўтра, як выблытвацца з гэтай сітуацыі?»


Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і пра нядаўнія падзеі ў Іране: «Для чаго разбамбілі краіну і забілі яе вярхоўнага лідара разам з сям’ёй? Зноў прычына тая ж — Іран багаты рэсурсамі, хопіць на дзесяцігоддзі наперад».

«Наступная Куба? Мы добра ведаем, што там адбываецца. Няўжо хтосьці чакае ад іх агрэсіі, ад кубінцаў? Упэўнены, што не. Проста не падабаецца само існаванне Вострава Свабоды і тая палітыка, якую кіраўніцтва краіны праводзіць. З Кубай трэба дамаўляцца і выбудоўваць нармальныя адносіны, — перакананы беларускі лідар. — Я нездарма тут так часта гавару пра амерыканцаў. Хоць яны і не ў нашым рэгіёне, ад іх залежыць многае. Палітыка Прэзідэнта Трампа палярызуе свет і выклікае, што тут хаваць, абгрунтаваную крытыку. Але Трамп сваімі дзеяннямі, хай і супярэчлівымі, па сутнасці, утрымлівае пакуль свет ад трэцяй сусветнай вайны, якая можа палыхнуць у ядзерным фармаце. І за акіянам ужо ад гэтага не схаваешся». 

«Трэба перастаць страляць, трэба размаўляць адзін з адным»

Прэзідэнт упэўнены, што калі не спыніць канфлікт ва Украіне, то гэта можа прывесці да трэцяй сусветнай вайны. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Расія цяпер ва Украіне ваюе практычна супраць усяго Захаду. «Я не паўтараю нейкія наратывы — расійскія ці яшчэ нечыя. Мы гэта добра ведаем. Я добра пра гэта інфармаваны, аж да тых галасоў, якія ў акопах раздаюцца з боку некаторых заходніх дзяржаў. На жаль, не толькі заходніх. Там і з Азіі, і з Афрыкі ёсць людзі — грошы зарабляюць на крыві», — адзначыў беларускі лідар.

«Калі цяпер не спыніцца ва Украіне, як гэта той жа Трамп прапануе (не важна, па якіх прычынах, розніца тут невялікая — па ўнутраных амерыканскіх прычынах ці яшчэ па нейкіх), калі мы не спынімся, а пойдзем па шляху эскалацыі, мы прыйдзем сапраўды да трэцяй сусветнай вайны. Ну, а чым яна скончыцца, ужо ўслых кажуць і вялікія палітыкі. А за акіянам ад ядзернага ўдару не схаваешся, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Таму, разумеючы тое ці не разумеючы, усведамляючы ці не, Трамп робіць вялікую справу, спыняючы гэтую эскалацыю, патрабуючы, каб спыніліся, дамовіліся — усё роўна ж дамовімся калісьці. Але лепш раней, чым пазней».

«Я не сказаў бы, як многія журналісты кажуць, што ва Украіне цяпер мясарубка. Не. Але гіне шмат людзей з аднаго і з другога боку. Нам гэта трэба? Нікому гэта не трэба. Таму трэба і ганарыстасць сваю кудысьці схаваць, і разумець, што можа быць заўтра, таму што закране і Беларусь, і Турцыю, і тую ж Польшчу і гэтак далей», — заўважыў беларускі лідар.

Ён таксама звярнуў увагу на непрадказальнасць вайны і яе наступстваў. У гэтых умовах тыя ці іншыя інтарэсы асобных краін, якія яны пераследуюць, могуць рассыпацца на працягу аднаго дня: «Вайна спецыфічная і небяспечная яшчэ і тым, што могуць быць страшныя любыя павароты. Вось мы цяпер ацэньваем сітуацыю, у тым ліку ва Украіне, на Блізкім Усходзе і гэтак далей, зыходзячы з таго, што мы цяпер разумеем і як мы ацэньваем усё гэта. Але ж заўтра могуць адбыцца (у гэтым сутнасць ваенных дзеянняў і вострых канфліктаў) такія падзеі, якія назад могуць павярнуць сітуацыю ў той жа Украіне і на Блізкім Усходзе. І калі хтосьці сёння збоку паглядае на гэтыя падзеі і думае адсядзецца, заўтра можа здарыцца так, што не адсядзімся. Таму мы дакладна разумеем: каб гэтага небяспечнага павароту не адбылося, трэба спыніцца». 

Зала сустрэла гэтыя словы апладысментамі. 


Прэзідэнт канстатаваў, што ў Еўропе з боку некаторых «ястрабаў» ёсць жаданне паэксперыментаваць і пагуляць у вайну. «Яны хочуць „пакараць“ мяне і Пуціна. Ведаеце, чаму. Але што гэта дасць іх дзяржавам і народам?» — задаў справядлівае пытанне кіраўнік дзяржавы.

«Ды ўжо толькі для таго, каб Трамп не дазволіў еўрапейцам развязаць ядзерны канфлікт, яму варта даць прэмію міру. Няхай бы ён ужо атрымаў гэтую прэмію міру. Хоча чалавек — трэба даць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Сам таго не разумеючы, ён сапраўды стрымлівае матухну-Еўропу ад трэцяй сусветнай вайны, якая можа скончыцца ядзерным канфліктам».

Пры гэтым з нагоды самой прэміі Прэзідэнт выказаўся скептычна: «Калі б мне гэтую прэмію прапанавалі або Сяргею Лаўрову (міністру замежных спраў Расіі. — „Зв.“), мы дакладна б адмовіліся ад яе. У тым шэрагу ўжо сорамна знаходзіцца». 

Прэзідэнт заклікае падтрымліваць усе намаганні па стабілізацыі становішча на планеце. «Трэба дамаўляцца. Слухайце, я стары палітык. Але нутром чую: не дамовімся сёння, у гэты момант, — бяда, — перакананы беларускі лідар. — Часам паглядзіш па баках — як бы складана, цяжка ні было, — выдатная прырода. Гасподзь нас адарыў такой выдатнай планетай. Мы што, хочам яе разбурыць? Ну мы ўжо пажылі. А дзеці? Палітыка ўся зводзіцца да гэтага — трэба спыніцца. Нідзе не трэба нічога нагнятаць. Хопіць усім нафты, газу і іншых рэсурсаў. Трэба дамовіцца хоць бы аб простым. Трэба перастаць страляць, трэба ўмець размаўляць адзін з адным. Не хочаце ў Мінску — давайце ў любой іншай краіне. Мы з задавальненнем прыедзем туды шырокай дэлегацыяй».

«Мы робім усё для таго, каб не ўлезці ў гэту вайну»

На гэтым заснавана пазіцыя Беларусі па Украіне, працягнуў Прэзідэнт. «Мы хочам хутчэйшага мірнага ўрэгулявання. Кровапраліцце, супрацьстаянне, у якое аказаліся ўцягнутыя два брацкія нам народы, адбываецца прама каля нашай граніцы. І я павінен сказаць: не каля граніцы, а ўжо, не буду называць факты, на тэрыторыі Беларусі. Камусьці хочацца ўцягнуць Беларусь у гэту вайну і развязаць эскалацыю. Але ўцягванне Беларусі ў вайну — гэта не проста эскалацыя. Гэта страшны новы ўзровень вайны. Мы робім усё для таго, каб не ўлезці ў гэту вайну», — заявіў беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Прэзідэнт Расіі займае такую ж пазіцыю. «Ён гэта разумее. І як ён мне сказаў: „У мяне няма ніякай мэты, каб заўтра Беларусь была ўцягнутая ў гэту вайну“. Але я вам проста па-чалавечы скажу: сёння Расія ваюе на фронце да тысячы кіламетраў. Ну 900 можа быць. А граніца Беларусі з Украінай, калі мы будзем уцягнутыя ў гэту вайну, — гэта плюс яшчэ паўтары тысячы кіламетраў. Мы ж разумеем з расіянамі, што нам будзе (калі давядзецца ваяваць) складана закрыць гэты ўчастак. Разумеючы, што з таго боку ўжо ваююць прадстаўнікі Захаду, адкуль ідуць так званыя наёмнікі. Хоць там ужо далёка не наёмнікі. Мы разумеем, што гэта будзе страшная эскалацыя, вельмі небяспечная і вельмі нявыгадная для нас. Дык чаму ўлазіць у тое, што заўтра табе ніякага выніку станоўчага не дасць? Вось чыста па-чалавечы разважаем, — акцэнтаваў Прэзідэнт. — Але потым жа мы разумеем, што калі мы ўступаем у вайну, то ўвесь блок НАТА на гэтай падставе таксама пойдзе супраць нас ваяваць. А гэта Польшча, Літва, Латвія і туды далей — яшчэ дзве тысячы кіламетраў граніц. Вось тры з паловай тысячы кіламетраў. Каму гэта трэба? Адсюль наша пазіцыя па Украіне».

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яго часта папракаюць: «Ды ён не ўцягнецца ў гэту вайну, таму што беларускі народ гэтага не хоча». Ну слухайце, для таго я і Прэзідэнт, каб зыходзіць з волі і жадання беларускага народа. Чые ж я інтарэсы павінен прадстаўляць? І папракаць мяне ў гэтым не трэба. Так, сапраўды, ні адзін народ, які вы прадстаўляеце тут, на гэтай канферэнцыі, не хоча быць уцягнутым у канфлікт. Ні адзін народ".

«Павінен сказаць, што вайна ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончаная. Гэта маё асабістае меркаванне. Усё: сіл няма і рэсурсаў няма, стаміліся ўсе, — заявіў беларускі лідар. — Калі я гавару пра рэсурсы, гэта не значыць, што не хапае дзесьці нейкіх рэсурсаў. У Расіі іх дай бог, на ўвесь свет хопіць. Я не пра гэтыя рэсурсы. Рэсурсаў няма ў галовах ужо. Усе стаміліся ад гэтай вайны».


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нарэшце гэта пачалі разумець нават у Еўропе, з боку якой у асноўным адбывалася эскалацыя. Ён нагадаў, што ў 2022 годзе гэта супрацьстаянне магло скончыцца на працягу некалькіх тыдняў ці нават дзён, і Беларусь прыклала да гэтага нямала намаганняў: «Але заходнія „сябры“ Кіева запатрабавалі ваяваць „да апошняга ўкраінца“, напампаваўшы нашу паўднёвую суседку зброяй. Мы гэта бачылі, каля нашых граніц ішлі гэтыя патокі. Рэальны шанц дасягнуць міру і выратаваць многія тысячы жыццяў быў страчаны».

«Як беларусам, так і ім з першага ж дня: бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя, заработная плата...»

Беларусь ніколі не напрошвалася ў пасрэднікі, акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. «Але сёння робіць усё магчымае, каб мінімізаваць жахі гэтай вайны. Мы праводзім абмены ваеннапалоннымі, перадачу цел загінулых, рэпатрыяцыю грамадзянскага насельніцтва ў абодва бакі. Працягваем прымаць у сябе ўкраінцаў, якія бягуць ад вайны. З пачатку ваенных дзеянняў да нас прыбыло амаль паўмільёна грамадзян Украіны, якія тут аселі, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Я не гавару, што некаторыя праз Беларусь з’язджаюць у гэты „квітнеючы сад“, у Заходнюю Еўропу. Паўмільёна. Мы хоць камусьці сказалі пра бежанцаў, як цяпер выюць літоўцы, палякі і многія дзяржавы нашы суседзі: „Ах, міграцыя, ах, міграцыя! Лукашэнка, лаві іх на граніцы“. Ды не буду я нікога лавіць, я адкрыта сказаў. Вы мяне душыце, пятлю на шыю накінулі, санкцыямі задушваеце, а я буду лавіць кагосьці, вас абараняць?» 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да ўвядзення санкцый Беларусь дапамагала ў сітуацыях з мігрантамі. «Так было да гэтых санкцый. Так было, мы лавілі, мы абаранялі, тут пункты стваралі за грошы Еўрапейскага саюза. Капейкі давалі. Мы стваралі пункты, змяшчалі мігрантаў і адпраўлялі іх назад, адкуль прыехалі, — нагадаў Прэзідэнт. — Вы ўвялі санкцыі і пачалі нас душыць. Хочаце, каб я працягваў гэтую палітыку? Вось адкрыты адказ на гэта пытанне. Мы не будзем нікога лавіць, тым больш вы іх туды клікалі. У вас няма людскіх рэсурсаў, не хапае. Людзі едуць да вас па вашым закліку. Ну дык вы іх прымайце і стварайце ім чалавечыя ўмовы» 

У Беларусь прыязджаюць мігранты не толькі з Украіны, але, напрыклад, з Узбекістана, Туркменістана, дамаўляліся на гэты конт і з Пакістанам. «Мы іх з задавальненнем прымаем. У нас таксама не хапае людзей. Але як беларусам, так і ім з першага ж дня: бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя, заработная плата. Без усялякіх абмежаванняў, як беларусам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яны ў нас жывуць. Так, бываюць нейкія выпадкі, бываюць нейкія там сутыкненні інтарэсаў, але яны жывуць».

Што датычыцца шэрагу краін Еўрасаюза, там стаўленне да мігрантаў зусім іншае. «Калі вы іх будзеце абзываць публічна, ну дык такія гэта і будуць людзі. Гэта — людзі. Гэта не жывёлы. А стаўленне на Захадзе да іх, як да жывёл», — заўважыў Прэзідэнт.


У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў прыклад тых жа ўкраінцаў, якія прыехалі ў Еўрасаюз, ратуючыся ад вайны: «Прасунутыя людзі. Хто туды збег з Украіны — прасунутыя людзі, багатыя, з грашыма. Што сёння адбываецца: украінцы — гэта людзі другога гатунку, пачынаюць гнабіць іх. Яны ад вайны беглі, вы іх прынялі. З радасцю прынялі. Ну дык знайдзіце з імі нармальныя адносіны». 

Кіраўнік дзяржавы паўтарыў, што з пачатку ваенных дзеянняў у краіну прыбыло амаль паўмільёна грамадзян Украіны. «Мы вітаем. Дзякуй богу, ніводнай заявы, ніводнага выпадку, каб яны тут дрэнна сябе паводзілі. Яны беглі ад вайны, гатовыя былі жыць у любых умовах. Мы ім, як і беларусам, даём жыллё. Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе мы маем патрэбу ў людзях. Дзеткам іх: дзіцячы садок, адукацыя — усё, як у нас. Яны выдатна працуюць. Многія знайшлі ў Беларусі другі дом. Усе яны ўраўненыя ў правах з беларусамі і маюць гарантыю працы, медыцынскіх паслуг і адукацыі», — канстатаваў Прэзідэнт.

«Прыходзьце — будзем размаўляць. Без усялякага пасрэдніцтва»

Прэзідэнт прапанаваў аднавіць на тэрыторыі краіны мірныя перагаворы па вырашэнні канфлікту ва Украіне. «Гатовыя і далей уносіць рэальны ўклад ва ўрэгуляванне канфлікту і мінімізацыю яго наступстваў. Альтэрнатывы мірнаму рашэнню ўсё роўна няма. Калі хочаце дамовіцца (я звяртаюся да тых, хто хоча дамовіцца), калі ласка, прыязджайце. Прыязджайце ў Мінск. Тут, у „рамонку“, дзе мы з вамі сабраліся, у „Прэзідэнт-Гатэлі“, у Палацы Рэспублікі, у Палацы Незалежнасці — у любым месцы. Прыходзьце, як гэта калісьці было, будзем дамаўляцца. Не „дамаўляйцеся“, а „будзем дамаўляцца“. Таму што мы ўцягнутыя ў гэты ўкраінскі канфлікт, нашы інтарэсы ў гэтых мірных перагаворах вельмі сур’ёзныя. Прыходзьце — будзем размаўляць. Без усялякага пасрэдніцтва. Я не хачу іграць гэтую ролю пасрэдніка. Тым больш што нашы інтарэсы ў гэтых перагаворах прыстойныя, сур’ёзныя», — заявіў кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пасля канфлікту Украіну трэба будзе аднаўляць: «Ніякі Захад Украіну аднаўляць не будзе! Украінцы павінны разумець, што мы, расіяне і яны вымушаныя будзем аднавіць Украіну і зрабіць усё, каб народы пра гэта забыліся».

Прэзідэнт упэўнены, што прымірэнне народаў магчымае. Ён нагадаў, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, а ўсяго ў вайну загінулі каля 30 мільёнаў савецкіх людзей. «Менш стагоддзя прайшло, і мы з немцамі неяк наладзілі адносіны, неяк мы з імі супрацоўнічалі і зусім нядрэнна, асабліва Расія, калі разваліўся Савецкі Саюз. Чаго яшчэ не хапала? Ну нічога, нядоўга засталося чакаць, каб немцы нарэшце абсалютна ўсё зразумелі, што яны страцілі», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.


«Хіба гэта не палітвязні?»

Летась кіраўнік дзяржавы папярэджваў аб тым, што імкненне ЕС падыходзіць да ўсіх пытанняў з пазіцыі сілы да дабра не давядзе. У тым ліку — іх жа саміх. «Што мы бачым ужо сёння? У Францыі, Бельгіі, Іспаніі, Італіі, Германіі маштабныя пратэсты. У Польшчы звар’яцелі. Не стану нават характарызаваць, што там адбываецца. Ведаеце. Моладзь заклікае старэйшае пакаленне апамятацца (калі такое было?). Укладваць грошы не ў зброю, а ў адукацыю. Але ж неадукаванымі лягчэй кіраваць! Я нават не кажу, як на прыкладзе гэтых пратэстаў сябе паказала хвалёная дэмакратыя і іх сродкі масавай інфармацыі. Дзяцей пакалечылі: хто без вока ўжо, хто без рук. Тысячы кінуты ў турмы, збіраюцца забараніць сацсеткі і блакіраваць інтэрнэт. Хіба гэта не палітвязні? — задаў справядлівае пытанне Прэзідэнт. — Горш. Цікава, Прэзідэнта Макрона і іншых кіраўнікоў краін Еўропы збіраюцца абкласці санкцыямі за парушэнне правоў чалавека і назваць дыктатарамі?» 

Кіраўнік дзяржавы задае пытанне тым, хто так любіць займацца экспартам дэмакратыі ўласнага разліву ў іншыя краіны: «Вам самім падабаюцца такія праваабарончыя рэцэпты ў сябе дома, у „квітнеючым садзе“? Мяркуючы па ўсім, не. А ўкаранялі „арабскую вясну“ на Блізкім Усходзе і многае іншае пасля гэтага! Тое, што адбываецца цяпер на вуліцах еўрапейскіх гарадоў, вам нічога не нагадвае? Як вам рээкспарт дэмакратыі?» 

Прэзідэнт лічыць, што цяперашняя высокая пратэсная актыўнасць насельніцтва ў Еўропе павінна насцярожваць, таму што рэгіён становіцца ачагом нестабільнасці. І тут Аляксандр Лукашэнка бачыць пэўны намер: «Камусьці хацелася б адцягнуць насельніцтва ад праблем унутры. Праз вайнушку. Шмат разоў здараліся гэтыя страшныя войны, калі ўнутры краіны адбываліся падобныя падзеі. Гэта яшчэ адзін фактар і званок, што не мы, не Пуцін хоча заўтра на іх напасці, — сказаў Прэзідэнт пра ўяўныя пагрозы, якімі заходнія палітыкі палохаюць насельніцтва. — А яны (гэтыя палітыкі. — „Зв.“) шукаюць магчымасць супакоіць насельніцтва, адцягнуць ад унутраных праблем праз вайну».


У пацвярджэнне гэтай думкі кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад Польшчы, дзе істотна выраслі выдаткі на ўзбраенне. «Навошта так мілітарызавацца? — слушна заўважыў беларускі лідар. — Мы цяпер думаем, што амерыканцы вельмі хочуць, каб тут быў мір. Ды Гасподзь з вамі. Амерыканцам патрэбен у Еўропе мір? Не. Яны па-ранейшаму думаюць, што там адсядзяцца, за акіянам. Ім гэты мір не патрэбны. Таму яны выразна пераарыентаваліся або зрабілі выгляд, што пераарыентаваліся, — узбройваюць Польшчу за ўласны кошт».

Па словах беларускага лідара, кіраўніцтва Польшчы падтрымлівае гэтую стратэгію амерыканцаў. Аднак яна ідзе насуперак з інтарэсамі простых грамадзян і яны яшчэ праявяць сваю нязгоду, упэўнены Прэзідэнт. «Хачу папярэдзіць польскае кіраўніцтва: палякі не дурні. Яны ім кузькіну маці яшчэ пакажуць. Яно (выяўленне незадаволенасці. — „Зв.“) ужо пачалося на роўным месцы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Сапраўдная прычына нарастаючых пратэстаў у Еўропе — гэта эканамічныя і сацыяльныя праблемы...»

Прэзідэнт звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі з заходніх краін, у тым ліку да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. «Вы ўбачылі, наколькі небяспечна прэтэндаваць на манаполію трактоўкі правоў чалавека і падмяняць іх палітычнымі міфамі. Таму заклікаем да дыялогу, а не да шантажу і спекуляцый па такой важнай праблеме. Відавочна, што сапраўдная прычына нарастаючых пратэстаў у Еўропе — гэта эканамічныя і сацыяльныя праблемы, нястрымны рост цэн і тарыфаў, зніжэнне ўзроўню жыцця і бяспекі, разгул злачыннасці, — канстатаваў беларускі лідар. — Але мы паводзім сябе тут асцярожна. Мы не радуемся. Я і журналістам сваім, і многім гавару: не трэба гэтаму радавацца. Яны вось — за плотам, як Украіна. І той плот, які яны пабудавалі, тыя ідэалагічныя наратывы і іншыя дэманстрацыі пры панаванні інтэрнэту хутка могуць перакінуцца на суседнія дзяржавы. Таму нам радавацца не трэба. Нам трэба глядзець, рабіць высновы, здабываць урокі, каб у нас гэтага не здарылася».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у 2020 годзе перажывала нешта падобнае і, калі б тады не вытрымала ў тым супрацьстаянні з Захадам, вайна ішла б на гэтай тэрыторыі. «Але тут яны прайгралі. Прызнаць не хочуць, хоць я на перагаворах з амерыканцамі і еўрапейцамі гаварыў: хлопцы, я гатовы перагарнуць старонку, але вы прайгралі. Вы павінны хаця б самі сабе непублічна прызнацца: вы прайгралі, давайце наладжваць адносіны. Не. Канфрантацыя і разгортванне ваенных дзеянняў, санкцый, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Шэсць гадоў санкцый — мы што, з Расіяй паваліліся? Не. Свет вялікі. І тыя, хто ўводзіў санкцыі, сёння так ці інакш гандлююць з Расіяй».


У цяперашняй сітуацыі для Еўрасаюза самае простае выйсце — працягваць дэманізаваць Беларусь, Расію і біць бумерангам бяздумных санкцый па саміх сабе, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. «І тады адзіным варыянтам, вядома, застаецца павальная мілітарызацыя: праз прапаганду трымаць у страху людзей, праз гонку ўзбраенняў трымаць пад кропельніцай сваю прамысловасць». 

Зараз у Еўропе ў наяўнасці дэіндустрыялізацыя грамадзянскіх галін. Коціцца пад адхон аўтапрам Германіі, зусім яшчэ нядаўна найлепшы ў свеце. «Паглядзіце, якія машыны цяпер у нас, у Расіі, у Азіі, ды і ўсюды. Самыя сучасныя кітайскія аўтамабілі. Што, еўрапейцы і амерыканцы гэтага хацелі? Не (яны пра гэта гавораць прама). І мы ў сябе ў Беларусі з задавальненнем збіраем аўтамабілі сумесна з Расіяй і Кітаем. Ты сышоў з рынку — на тваё месца прыйшоў іншы. Так працуе эканоміка, і ніякія санкцыі гэтага не адменяць», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Можна, вядома, сказаць: еўрапейцы займаюцца самаізаляцыяй. «Ну і няхай. У выніку Еўрасаюз толькі слабее. Але хацелася б спытаць у краін - заснавальніц Еўрапейскага саюза: такім яны бачылі будучыню свайго аб’яднання? Да гэтага яны імкнуліся? Бо сама задумка была добрая, выдатная! Арганізацыя магла б стаць адной з апор гэтага шматпалярнага свету, які ўжо ніхто не спыніць і пазбегнуць яго немагчыма. Моцны, самадастатковы Еўрасаюз быў бы ў інтарэсах усіх. Мы не раз да гэтага заклікалі», — заўважыў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы абсалютна перакананы: заўтра краіны ЕС будуць разам з Расіяй. «Абставіны, жыццё іх да гэтага штурхае. Высокатэхналагічны Еўрапейскі саюз, велізарныя рэсурсы на Усходзе іх да гэтага штурхаць будуць. Прыйдуць новыя людзі, якія зменяць гэтую палітыку, — падкрэсліў ён. — Гэты час настане. Пакуль жа Еўропа вырашыла абносіць глухім плотам свой ужо зусім не квітнеючы сад, спрабуючы стварыць ідэалагічна стэрыльнае грамадства пад лозунгамі ліберальнай дэмакратыі, але без лібералізму і без дэмакратыі». 


«Пара зразумець бясспрэчную ісціну: бяспека і эканоміка — два бакі аднаго медаля»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у савецкі час крытыкавалі СССР за Берлінскую сцяну — размежаванне паміж Заходняй і Усходняй Германіяй. «А што яны цяпер робяць?» — спытаў Прэзідэнт з намёкам на будаўніцтва заходнімі суседзямі Беларусі рэальных сцен на граніцы. Зрэшты, у гэтым можна знайсці і станоўчы для краіны момант, заўважыў беларускі лідар: калі пачнуць з намі ваяваць — гэты ж плот ім прыйдзецца пераадольваць.

«Пара зразумець бясспрэчную ісціну: бяспека і эканоміка — два бакі аднаго медаля. Яны не могуць існаваць адзін без аднаго. Час перастаць цешыць сябе ілюзіямі, што можна кагосьці перарабіць. Трэба дамаўляцца аб прынцыпах суіснавання і адкрываць шлях да добрасуседства, — арыентуе беларускі лідар. — Народы не просяць саступак ці нейкіх асаблівых адносін. Яны хочуць проста сумленна працаваць і жыць пад мірным небам. Як ніколі раней, народы не патрабуюць чагосьці звышнатуральнага. Яны больш за нас, палітыкаў, адчуваюць, што можа быць, і небяспеку таго, да чаго мы можам прыйсці. І таму яны патрабуюць».

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым расказаў аб удзеле краіны ў гуманітарнай місіі ў Алешках і адзначыў асаблівую ролю ўпаўнаважаных па правах чалавека Расіі і Украіны: «Расіяне з украінцамі малайцы, дамовіліся па Алешках. Мы ў гэта былі ўцягнутыя. Украінцы прама заявілі: «Мы прымем адтуль (з Алешак. — „Зв.“) людзей толькі з тэрыторыі Беларусі». Гасподзь з вамі. Пуцін патэлефанаваў, кажа: «Трэба гэта зрабіць, дапамажы». Я гавару: «Не пытанне. Калі ласка. У Гомелі прымем, абслужым, накормім, памыем, пачысцім, падлечым і адправім куды трэба».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на ролю ўпаўнаважаных па правах чалавека Расіі і Украіны Яны Лантратавай і Дзмітрыя Лубінца ў гуманітарнай місіі ў Алешках. «Вось усе кажуць: што рабіць, што рабіць (для мірнага ўрэгулявання канфлікту. — „Зв.“)? Не трэба выдумляць — на іх паглядзіце, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Іх кантакты даўнія, яны вядуць перагаворы. Яны цяпер на вастрыі апынуліся воляю лёсу. Давайце будзем рабіць тое, што яны цяпер зрабілі, — расіянка і ўкраінец. У гэтым кірунку трэба рухацца. Трэба пашыраць падобныя калідоры і шукаць такія пункты, дзе можна ісці на дээскалацыю».


Тым больш, што акрамя ўзброеных канфліктаў ёсць мноства задач, якія можна вырашаць толькі разам, заўважыў беларускі лідар: «Маштаб і наступствы прыродных стыхійных бедстваў становяцца ўсё больш пагрозлівымі. Яны наносяць велізарную шкоду эканоміцы. Або глабальная харчовая бяспека, калі амаль 700 мільёнаў чалавек у свеце знаходзяцца на мяжы голаду, галадаюць. Транснацыянальная злачыннасць, уключаючы гандаль людзьмі, наркатрафік, нелегальную міграцыю, а таксама экстрэмізм, тэрарызм, сепаратызм падрываюць стабільнасць цэлых дзяржаў». 

«Адзін суб’ект у прыродзе можа валодаць нейкім суперінтэлектам. Гэта чалавек»

Штучны інтэлект — галоўны цуд сучаснасці — таксама патрабуе ўвагі і кантролю. Прэзідэнт заўважыў, што здольнасць ШІ да саманавучання і аўтаномнага прыняцця рашэнняў стварае новыя рызыкі, у тым ліку ў ваеннай сферы. Напрыклад, ЗША стварылі Сілы суперінтэлекту — структуру, якая займаецца ўкараненнем новых тэхналогій ва ўзброеныя сілы. Прычым, па рашэнні Дональда Трампа, штучны інтэлект абвешчаны ў ЗША суперінтэлектам.

Аляксандр Лукашэнка не згодны з падобным азначэннем: «Адзін суб’ект у прыродзе можа валодаць нейкім суперінтэлектам. Гэта чалавек. А гэта (гаворка пра штучны інтэлект. — „Зв.“) не што іншае як інтэлект нейкі, як яго „абазвалі“ тыя, хто на гэтым грошы зарабляе. І нам, палітыкам, дураць галаву. Мы, не ўсведамляючы ўсіх нюансаў, бяжым следам за гэтымі крэатыўнымі хлопцамі, не думаючы пра тое, да чаго гэта заўтра прывядзе. Дык давайце спынімся, падумаем, што будзе заўтра, што за гэтым крокам можа быць. Можа, сапраўды саманавучаецца (ШІ здольны да саманавучання. — „Зв.“), чалавек заўтра не патрэбны будзе і гэты „суперінтэлект“ нас прывядзе да таго, да чаго мы не хацелі. Давайце разбяромся».


У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падтрымлівае ініцыятыву Кітая па супрацоўніцтве для прадухілення негатыўных з’яў, звязаных з развіццём ШІ.

«Трэба перастаць бразгаць зброяй у агульным еўразійскім доме»

Кіраўнік дзяржавы таксама акрэсліў першачарговыя крокі для стабільнага развіцця рэгіёна. Стварэнне ўстойлівай мадэлі развіцця і бяспекі ў Еўразіі — рэальная неабходнасць. Ад гэтага выйграе ўвесь свет. Работу варта пачынаць з простых крокаў. 

«Па-першае, трэба перастаць бразгаць зброяй у агульным еўразійскім доме. Хто супраць гэтага? Ніхто. Усе за. Усе асцерагаюцца будучыні, эскалацыі. Трэба знайсці зручны шлях, каб захаваць інтарэсы (усіх бакоў і, карыстаючыся момантам, прыйсці да кампрамісу. — „Зв.“), — падкрэсліў беларускі лідар. — Мы па-рознаму глядзім на шэраг праблем, асобныя з’явы і моманты. Так было, ёсць і так будзе заўсёды. Пытанне ў тым, ці зможам мы выйсці на дыялог і на кампрамісы. Цяпер — момант». 

Менавіта такую магчымасць Прэзідэнт бачыць цяпер для дасягнення дамоўленасцяў і міру ва Украіне. «Абсалютна перакананы, што ў бліжэйшыя месяцы там усё, вайны быць не можа і не будзе, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Што перашкаджае цяпер? Вера ў сваю перавагу і сілу? Каго ў Еўропе ні паслухай — праз пару гадоў у іх будзе самая магутная армія на кантыненце. Людзі збяднеюць, а армія будзе. Але гэта ж не рашэнне! Нават ваенныя пацвердзяць, гэта вельмі актуальна, 100-працэнтнай супрацьпаветранай абароны няма і не бывае, а тым больш супрацьракетнай абароны быць не можа».

Па-другое, даўно пара адмовіцца ад аднабаковых прымусовых мер, якія на справе не пакаранне асобных краін, а спосаб стварыць канкурэнтныя перавагі для сваіх вытворцаў. «Але вынік адваротны! Рух тавараў і паслуг, рабочай сілы, капіталу павінен быць свабодным. Гэта ж класіка эканомікі. Неабходна аднавіць эфектыўныя транспартныя артэрыі і прамысловую кааперацыю», — перакананы Прэзідэнт.


Ён нагадаў, што ў той час, калі еўрапейскі рынак быў адкрыты для Беларусі і Расіі, у Еўрасаюзе былі бензін, электраэнергія па прымальных цэнах. А калі еўрапейцы вырашылі, напрыклад, адмовіцца ад электраэнергіі, іншых энергарэсурсаў з боку Беларусі і Расіі, увялі санкцыі, вынік атрымаўся негатыўным для іх саміх. «Што атрымалі? Яны атрымалі бунты ў сваіх дзяржавах, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вядома, хтосьці скажа, што такія крокі — тэорыя і ідэалізм. Адкажу: гэта практыка і канкрэтныя прапановы, з якіх можна і трэба пачаць. Калі для кагосьці гэта далёкая мэта, то да яе таксама трэба ісці, step by step (з англійскай — „крок за крокам“. — „Зв.“)».

«Нацэлены стварыць праграмны дакумент, які закладзе канцэптуальныя асновы новай архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва на кантыненце»

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівае значэнне Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі. Перагаворны працэс па гэтым дакуменце Беларусь афіцыйна запусціла ў верасні на Генеральнай Асамблеі ААН. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што такім чынам краіна спрабуе аб’яднаць шэраг раней прадстаўленых канструктыўных ідэй і ініцыятыў: кітайскіх («Пояс і шлях», ініцыятывы ў галіне глабальнай бяспекі, цывілізацыі і развіцця), расійскіх (Вялікае еўразійскае партнёрства), індыйскіх («Голас Глабальнага Поўдня»), казахстанскіх (Еўразійская эканамічная інтэграцыя) і многіх іншых.

«Мы не першаадкрывальнікі ў гэтых ідэях. Мы спрабуем гэта з вамі разам аб’яднаць. На выхадзе хочам атрымаць не чарговую дэкларацыю аб намерах. Нацэлены стварыць праграмны дакумент, які закладзе канцэптуальныя асновы новай архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва на кантыненце. Гэты новы дакумент мы ў адзіночку не будзем рабіць. Мы будзем рабіць разам з вамі і вашымі краінамі — звод прынцыпаў, нормаў і механізмаў узаемадзеяння для ўсіх удзельнікаў, не толькі для Расіі і Беларусі», — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць дарэчнай гістарычную паралель паміж Еўразійскай Хартыяй і Заключным актам, падпісаным у 1975 годзе ў Хельсінкі, які вызначыў на дзесяцігоддзі рамкі суіснавання і супрацоўніцтва ў біпалярнай сістэме. «Сёння ж мы пераходзім да шматпалярнасці. І Еўразійская Хартыя закліканая стаць Хельсінкскім актам для новай, поліцэнтрычнай эпохі, — адзначыў ён. — Мы заўсёды падкрэслівалі: Еўразійская Хартыя не накіраваная супраць кагосьці. Асабліва адзначу: мы ні ў якім разе не закрываемся ад еўрапейцаў. Беларусь як мінімум геаграфічны цэнтр Еўропы. Ні для ЕС, ні для АБСЕ, ні тым больш для НАТА або ААН Хартыя не пагроза. Наадварот, для ўсіх краін і міжнародных структур яна — надзея».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу, што гэты дакумент будзе мець належны эфект толькі ў выпадку ўсебаковай падтрымкі. Але, як паказвае практыка, далёка не ўсе гатовыя аказаць такую падтрымку. Некаторыя нават не захацелі прысутнічаць на мерапрыемстве. «Вы ж разумееце, хто правіць баль. Таму нам трэба змагацца, зрабіць так, каб палітыкі баяліся не падтрымаць гэтыя крокі», — заявіў беларускі лідар.

Па словах Прэзідэнта, з моманту вылучэння ініцыятывы па прыняцці Хартыі ўжо праведзена велізарная работа. Асаблівую ўдзячнасць Аляксандр Лукашэнка выказаў у адрас расійскіх калег за падтрымку ў гэтым працэсе, а таксама шэрагу сталіц і сакратарыятаў рэгіянальных арганізацый за іх цікавасць і пазітыўны водгук. 

«Не маем ілюзій, што распрацоўка Хартыі будзе хуткай. Але мы гатовыя працаваць столькі, колькі будзе трэба, каб зрабіць гэты дакумент прымальным для ўсіх і прыняць яго кансэнсусам. Свет даўно чакае гэтага рашэння, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных. — Таму на ўсіх нас — асаблівая місія і адказнасць». 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА


Даслоўна

«У сусветнай большасці склаўся запыт на новую мадэль светабудовы»

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў адзначыў, што «такія сумленныя, адкрытыя дыскусіі сёння важныя як ніколі, асабліва з улікам таго, што ў сусветнай большасці аб’ектыўна склаўся запыт на новую мадэль светабудовы. Пры гэтай мадэлі павінна быць забяспечана рэальнае раўнапраўе суверэнных дзяржаў як фундаментальная ўмова бяспечнага і паступальнага развіцця ўсіх народаў», — сказаў міністр.

Міністр замежных спраў РФ запрасіў партнёраў да сумеснай работы па еўразійскай архітэктуры і заявіў, што Расія ніколі не зачыняла дзверы для заходняй часткі кантынента і гатовая супрацоўнічаць з тымі, хто адмовіцца ад варожых намераў. Ён адзначыў, што ў папярэдніх трох мінскіх канферэнцыях удзельнічалі прадстаўнікі еўрапейскіх краін, у тым ліку члены ЕС, Паўночнаатлантычнага альянсу. «Таму мы заўсёды адкрытыя. І пра свае прапановы гаворым адкрыта», — дадаў ён. «Але, як ветлівыя людзі, нікому не навязваемся, вядома. Як людзі, якія паважаюць сябе, ні за кім бегаць не будзем. Але нашы дзверы адчыненыя», — адзначыў міністр. Пакуль жа перспектыва рэалістычнага дыялогу з Еўропай нябачная.

«Расія падтрымлівае станаўленне больш справядлівага ўладкавання міжнародных адносін на шматпалярных пачатках. Яно павінна адлюстроўваць культурна-цывілізацыйную разнастайнасць сучаснага свету, народаў і прызнаваць права кожнага народа самому вызначаць свой лёс», — сказаў Сяргей Лаўроў.

«Беларусь — гэта як мост»

Аб’яднанне намаганняў еўразійскіх дзяржаў можа дапамагчы прадухіліць маштабны ваенны канфлікт, у тым ліку ад сусветнай вайны. Такое меркаванне выказаў прадстаўнік турэцкай партыі «Ватан» Мехмет Бора Перынчэк. Паводле яго слоў, цяперашняя міжнародная абстаноўка характарызуецца ростам напружанасці адразу ў некалькіх рэгіёнах. Сярод фактараў рызыкі ён назваў украінскі канфлікт і эскалацыю на Блізкім Усходзе. «Гаворка ідзе пра вялікую вайну, пра сусветную вайну, нават пра ядзерную вайну. Спыніць яе можа толькі супрацоўніцтва паміж еўразійскімі краінамі», — лічыць прадстаўнік турэцкай партыі «Ватан». У ліку дзяржаў, якія маглі б аб’яднаць намаганні для прадухілення такога сцэнарыя, ён назваў Турцыю, Расію, Кітай, Іран і Беларусь. На думку Мехмета Перынчэка, менавіта ўзаемадзеянне гэтых краін здольна стаць адным з фактараў стрымлівання далейшай эскалацыі.

Асобна прадстаўнік Турцыі адзначыў геаграфічнае і геапалітычнае становішча Беларусі, якое, на яго думку, дазваляе краіне выступаць сувязным звяном паміж Еўропай і Азіяй. «Беларусь — гэта як мост. Яна можа аб’яднаць намаганні еўрапейскіх і азіяцкіх краін і дапамагчы ім знайсці агульную мову», — падкрэсліў Мехмет Бора Перынчэк.

«Беларусь правяла вельмі цікавую работу»

Былы член Сената і прэзідэнт Лацінаамерыканскага камітэта Сената Луіс Мануэль Фрага (Іспанія) выказаўся пра беларускую ініцыятыву па распрацоўцы Еўразійскай Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXІ стагоддзі. «Гэта добрая ідэя. Беларусь правяла вельмі цікавую працу ў гэтым кірунку. Упэўнены, гэтая ініцыятыва будзе мець вялікі поспех», — падкрэсліў прадстаўнік Іспаніі. На яго думку, Мінск як месца, якое сімвалізуе мір і бяспеку, будзе станавіцца ўсё больш важнай пляцоўкай для дыялогу. «Усе мы памятаем Мінскія пагадненні. На жаль, яны не выконваліся з еўрапейскага боку. Тым не менш яны былі важным крокам. А зараз у Мінску ўжо каторы раз праходзіць канферэнцыя па еўразійскай бяспецы, і яе значнасць будзе толькі расці. Таму я рады быць тут», — сказаў Луіс Мануэль Фрага.

«У гэтай канферэнцыі высокі ўзровень, вельмі прапрацаваная праграма, разглядаюцца важныя аспекты. Думаю, што прыеду яшчэ», — адзначыў ён і заклікаў еўрапейскія эліты таксама актыўна ўдзельнічаць у дыялогу аб бяспецы.

Дыскусія пра механізмы архітэктуры бяспекі ў Еўразіі набыла глабальнае значэнне

Дзякуючы ініцыятывам Беларусі праблематыка Еўразійскай бяспекі сёння стала важнай часткай актуальнага парадку сусветнага развіцця. Такую думку выказаў доктар гістарычных навук, прафесар Андрэй Русаковіч. «Праблема фарміравання сістэмы бяспекі на еўразійскім кантыненце ў цяперашні час набывае асаблівую актуальнасць, абумоўленую трансфармацыяй сусветнага парадку, крызісам традыцыйных еўраатлантычных структур бяспекі, нарастаючай нявызначанасцю і канфліктнасцю ў міжнародных адносінах — усё гэта вызначаецца як міжнародны беспарадак. Зараз дыскусія аб прынцыпах і механізмах архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўразіі набывае глабальнае значэнне. Гэта складаная задача, адназначнага рашэння якой можа і не быць, улічваючы разнастайнасць дзяржаў, народаў, рэгіёнаў і рознага роду супярэчнасцяў на кантыненце».

«Разам з тым арганізатары мерапрыемства ўпэўненыя, што трывожныя тэндэнцыі ў міжнародных адносінах у канчатковым выніку ўдасца пераламаць, і многія праблемы будуць вырашаны палітыка-дыпламатычным шляхам на аснове раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага дыялогу», — адзначыў прафесар.

«Палітыка ізаляцыі не можа працягвацца»

Заходнееўрапейскім палітыкам важна ўдзельнічаць у міжнародных дыскусіях і не дапускаць дыпламатычнай ізаляцыі. Такое меркаванне выказаў дэпутат Еўрапейскага парламента ад Люксембурга Фернан Картхайзер. «Я не лічу карысным або прадуктыўным проста ізаляваць сябе ад іншых і ад дыялогу, у які мы павінны ўступаць. Нам неабходна разам падумаць аб будучых адносінах, якія мы павінны выбудоўваць», — адзначыў еўрапарламентарый.

Гаворачы аб фарміраванні шматпалярнага свету, дэпутат адзначыў, што гэта ўжо не проста канцэпцыя, а рэальнасць, да якой павінны адаптавацца і дзяржавы, і міжнародныя інстытуты.

Ва ўмовах высокай напружанасці ў Еўропе, лічыць еўрапарламентарый, асабліва важныя дзяржавы, здольныя выступаць мостам паміж бакамі і садзейнічаць дыялогу. «Нам патрэбныя краіны, якія могуць выконваць ролю моста. Беларусь і некаторыя дзяржавы, якія па-ранейшаму лічаць сябе нейтральнымі, карысныя тым, што могуць аб’ядноўваць людзей», — адзначыў Фернан Картхайзер. Ён дадаў, што рады бачыць, як Беларусь бярэ на сябе такую функцыю, а беларуская дыпламатыя спрыяе гэтаму працэсу. Для дэпутата Еўрапарламента цяперашні візіт стаў першым у Беларусь. Ён прызнаўся, што раней краіна заставалася для яго «белай плямай» на карце Еўропы, і выказаў задавальненне магчымасцю пазнаёміцца з ёй і прыняць удзел у дыскусіях.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю