Супрацоўнікі крымінальнага вышуку мінскай міліцыі ўстанавілі 19-гадовую жыхарку Уздзенскага раёна, якая паддалася на падман махляроў і стала іх кур’ерам. Пра гэта паведамілі БелТА ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Зламыснікі звязаліся з дзяўчынай па тэлефоне і падманулі яе, запэўніўшы, што яны прадстаўнікі аператара сотавай сувязі. Затым аферысты запалохалі ахвяру крымінальнай адказнасцю, і яна пагадзілася выконваць указанні куратараў.
«Дзяўчына тройчы забірала грошы і ювелірныя вырабы ў падманутых мінчан. Аднак кожны раз сутыкалася з перашкодамі», — адзначылі ў ГУУС.
У першым выпадку ў ламбардзе прынялі не ўсе ўпрыгажэнні, з-за чаго курьер не змагла пералічыць ашуканцам цалкам грошы. У другі раз банк замарозіў транзакцыю на 9 тыс. рублёў, палічыўшы яе падазронай. А падчас апошняга задання дзяўчына з атрыманымі грашыма была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі.
Грошы агульнай сумай больш за 15 тыс. рублёў канфіскаваныя і будуць вернутыя. Па ўсіх фактах праводзіцца праверка.
«Не згаджайцеся выконваць заданні, атрыманыя ад незнаёмцаў па тэлефоне. Нават калі той, хто тэлефануе, прадстаўляецца супрацоўнікам праваахоўных органаў і палохае прыцягненнем да крымінальнай адказнасці. Пачуўшы пагрозы, пакладзіце трубку і звярніцеся ў міліцыю асабіста або па тэлефоне 102», — нагадалі важныя правілы бяспечных паводзін у ГУУС.