Следчым упраўленнем УСК па горадзе Мінску ўстаноўлены абставіны ўчынення шэрагу злачынстваў, зробленых жыхаром сталіцы.
Па даных следства, паведаміла група па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю УСК па горадзе Мінску, каля пяці гадоў таму фігурант пазнаёміўся з пенсіянеркай-мінчанкай і стаў арандаваць у яе пакой, расплачваючыся сімвалічнай сумай і прадуктамі харчавання. Неўзабаве паміж імі пачалі ўзнікаць канфлікты на фоне ўжывання спіртнога.
У сакавіку 2024 года падчас чарговай сваркі агрэсар страціў над сабой кантроль: ён штурхнуў гаспадыню на падлогу, нанёс некалькі ўдараў па галаве і целе, а пасля задушыў яе.

Усвядоміўшы, што здзейсніў забойства, кватарант вырашыў не паведамляць пра здарэнне, а схаваць сляды злачынства. Для гэтага ён набыў у магазіне скотч, палімерныя пакеты і рыдлёўку, затым уначы пагрузіў цела забітай у багажнік свайго аўтамабіля, вывез яго ў лясны масіў і закапаў.
У кватэры, дзе адбылося забойства, мужчына прыбраў сляды крыві і пабіты посуд, выкінуў асабістыя рэчы ахвяры, а яе дакументы забраў сабе. Спалохаўшыся, што пенсіянерку ўсё ж пачнуць шукаць, ён інсцэніраваў яе ад’езд і, каб не выклікаць дадатковых падазрэнняў, вырашыў атрымліваць яе пенсію.
Для рэалізацыі задуманага жыхар Мінска арганізаваў ашуканскую схему: знайшоў жанчыну, знешне падобную да забітай, і пераканаў яе наведаць натарыяльную кантору за грашовую ўзнагароду. Ён расказаў ёй выдуманую гісторыю пра «цётку», якая нібыта пражывае за мяжой, перанесла інсульт і не можа асабіста аформіць дакументы. Калі даверанасць была гатова, ён змог распараджацца банкаўскімі ўкладамі, рахункамі, а таксама іншай маёмасцю сваёй ахвяры. Пасля фігурант аформіў банкаўскую карту і на працягу доўгага часу здымаў пенсію жанчыны, трацячы грошы на асабістыя патрэбы. Як удалося высветліць следчым, агульная сума выкрадзеных такім чынам сродкаў перавысіла 9800 рублёў.
Кульмінацыяй злачыннага намеру стаў продаж сталічнай кватэры рынкавым коштам больш за 300 тысяч рублёў. Аднак рэалізаваць нерухомасць па даверанасці не ўдавалася: патэнцыйныя пакупнікі адмаўляліся ад здзелкі, даведваючыся, што мужчына не з’яўляецца ўласнікам сталічных метраў. Тады фігурант прапанаваў свайму знаёмаму, перад якім меў фінансавы доўг, падпісаць фіктыўны дагавор куплі-продажу, каб паскорыць продаж, і запэўніў, што пазней знойдзе рэальнага пакупніка і верне грошы з атрыманых сродкаў. Для афармлення здзелкі ў кадастравым агенцтве абвінавачаны прад’явіў рэгістратару даверанасць на распараджэнне маёмасцю забітай, і здзелка куплі-продажу была зарэгістраваная.
Як удалося ўстанавіць следчым, пацярпелая шмат гадоў не падтрымлівала зносіны са сваякамі. Камунальныя плацяжы за кватэру аплачваў яе сын, які жыў за мяжой. У лістападзе 2025 года ён выявіў, што маці выпісана з уласнай кватэры, і звярнуўся да блізкіх, якія жывуць у Мінскім раёне, па дапамогу ў пошуках. Калі тыя не змаглі выйсці на сувязь з жанчынай, яны звярнуліся ў праваахоўныя органы.
Неўзабаве мінчаніна затрымалі супрацоўнікі міліцыі. На допыце ён прызнаўся ва ўчыненым злачынстве, а таксама ўказаў месца, дзе схаваў труп.
Праведзенае спецыялістамі дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз даследаванне ўстанавіла прычыну смерці: механічная асфіксія ў выніку ўдушэння.
Акрамя гэтага, падчас расследаванняў стала магчымым устанавіць яшчэ адзін эпізод злачыннай дзейнасці фігуранта: у кастрычніку 2025 года ён выкраў абутак у адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы, прычыніўшы шкоду арганізацыі на суму больш за 400 рублёў.
Было таксама ўстаноўлена, што раней мужчына быў судзімы за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, а таксама за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання.
Следчымі сумесна з супрацоўнікамі міліцыі праведзены аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні абставін здарэння. У выніку ў Брэсце знойдзены і канфіскаваны аўтамабіль, на якім фігурант перавозіў забітую, а таксама ўстаноўлены магазін, дзе ім набываліся сродкі для ўчынення злачынства (рыдлёўка, скотч, пакеты). Праведзены вялікі аб’ём следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, у тым ліку праверка паказанняў на месцы, следчы эксперымент, дапытаны сведкі і абвінавачваемы, канфіскаваны і агледжаны запісы з камер відэаназірання, вывучаны і далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы заключэння экспертных даследаванняў.
Фігуранту прад’яўлена абвінавачанне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі, у тым ліку за забойства і махлярства, учыненае паўторна, у асабліва буйным памеры. Ён знаходзіцца пад вартай. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.