Перагаворы ў Палаце прадстаўнікоў пачаліся з наведвання То Ламам і прадстаўнікамі в’етнамскай дэлегацыі Авальнай залы, дзе прымаюцца найважнейшыя заканадаўчыя рашэнні ў нашай краіне. Затым бакі абмяняліся сваімі поглядамі на развіццё двухбаковых адносін, найперш у галіне міжпарламенцкага супрацоўніцтва.
Спікеры звярнулі ўвагу на тое, што візіт у нашу краіну Генсека ЦК Камуністычнай партыі В’етнама мае важнае палітычнае значэнне для беларуска-в’етнамскіх адносін. Сімвалічна, што ён праходзіць у дні, калі беларусы святкуюць 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Нядаўна народ В’етнама таксама ўрачыста адзначыў найважнейшую ў сваёй гісторыі дату — 50-годдзе вызвалення Поўдня і нацыянальнага ўз’яднання, з чым кіраўнікі Нацыянальнага сходу Беларусі павіншавалі в’етнамскую дэлегацыю.
Па словах Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі КАЧАНАВАЙ, для Беларусі важна супрацоўнічаць з В’етнамам абсалютна па ўсіх кірунках. «Гэта эканоміка, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, гуманітарная сфера, — канкрэтызавала яна. — Для нас, парламентарыяў, вельмі важнае парламенцкае супрацоўніцтва, і яно развіваецца дастаткова паспяхова. Цяпер час вельмі няпросты, і для нас, парламентарыяў, вельмі важна адстойваць свабоду, незалежнасць, суверэнітэт нашых краін. Мы шчыра рады таму, што на міжнародных пляцоўках у нас з В’етнамам вельмі падобныя пазіцыі: мы міралюбівыя краіны і хочам жыць і працаваць, развіваць свае краіны ў міры і згодзе, найперш абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць».
Паміж парламентамі абедзвюх краін падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, працуюць групы сяброўства. «У заяве, якая была агучана вамі і Прэзідэнтам нашай краіны, адзначана, што нам неабходна абнавіць пагадненне паміж нашымі парламентарыямі, — сказала спікер. — Мы нацэлены на гэтую работу і будзем з нашымі калегамі рабіць усё для таго, каб адпрацаваць новае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж парламентамі нашых краін».
Наталля Качанава адзначыла важнасць рэгіянальнага супрацоўніцтва. «На сёння ў нас падпісана 13 пагадненняў аб супрацоўніцтве, але, разумеючы, што 58 правінцый у В’етнаме, мы лічым, што гэтага недастаткова, таму накіраваны і тут працаваць больш эфектыўна ў плане рэгіянальнага супрацоўніцтва, — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. — Мы гатовы падключацца да вырашэння ўсіх пытанняў, якія будуць накіраваны на тое, каб больш эфектыўна супрацоўнічаць»
Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, падпісаная паміж краінамі заява аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства пацвярджае вялікія перспектывы развіцця двухбаковых адносін. «Ужо сёння падпісаны шэраг пагадненняў па розных кірунках, якія датычацца і абароннага сектара, і ваенна-прамысловага комплексу, і сістэмы аховы здароўя, культуры, адукацыі — гэта сведчыць аб далейшых перспектывах развіцця нашых адносін, — канстатаваў ён. — Мы радуемся вашым поспехам, ведаем, як дынамічна развіваецца В’етнам, як развіваецца ваша эканоміка, дастаткова высокімі тэмпамі».
Спікер падкрэсліў, што задача парламентарыяў — берагчы, захоўваць, развіваць добрыя традыцыі беларуска-в’етнамскага сяброўства. «Асаблівую важнасць мы надаём наладжванню дзелавых сувязяў, тым больш што выкарыстанне пераваг магчымасцяў Пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і В’етнамам, якому сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, дае магчымасць паглыблення гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Прынцыповая лінія парламенцкай дыпламатыі заключаецца ў тым, каб умацоўваць чалавечыя, гуманітарныя сувязі. Летась беларускі парламент ратыфікаваў Пагадненне паміж урадамі Беларусі і В’етнама аб адмене віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Упэўнены, што гэта пагадненне стане дадатковым імпульсам у развіцці двухбаковага турызму. Тым больш ідзе размова аб перспектывах адкрыцця авіяцыйных зносін паміж Беларуссю і В’етнамам».
У сваю чаргу Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То ЛАМ павіншаваў нашу краіну з дасягненнямі, якіх мы дабіліся ў развіцці краіны, забеспячэнні сацыяльнай бяспекі і ўмацаванні пазіцый у рэгіёне, у цэлым у свеце. «Мой візіт у Беларусь накіраваны на тое, каб пісаць добрыя старонкі традыцыйнага сяброўства, устаноўленага з часоў афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Хо Шы Міна ў 1957 годзе», — падкрэсліў ён і выказаў спадзяванне на тое, што двухбаковыя адносіны будуць развівацца на карысць двух народаў.
Фота БелТА