Лясы Беларусі — адзін з найважнейшых прыродных рэсурсаў краіны. На сённяшні дзень лясны фонд краіны займае больш за 9,8 млн га, пры гэтым 8,7 млн га, або 89 %, знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінлясгаса.
Лясы Беларусі — адзін з найважнейшых прыродных рэсурсаў краіны. На сённяшні дзень лясны фонд краіны займае больш за 9,8 млн га, пры гэтым 8,7 млн га, або 89 %, знаходзяцца ў падпарадкаванні Мінлясгаса.
Як адзначыў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Андрэй Карась, станоўчая дынаміка ляснога фонду — вынік сістэмнай дзяржаўнай палітыкі. За апошні год плошча ляснога фонду павялічылася на больш як 40 тыс. га, а пакрытых лесам зямель — на 38 тыс. га. Агульны запас драўніны складае прыкладна 2 млрд кубаметраў.
Штогод у Беларусі ствараецца 27–30 тыс. га новых лясоў. З пачатку 2026 года лесааднаўленне і лесаразвядзенне праведзена ўжо на плошчы каля 20 тыс. га.
Цікавы факт: на кожнага жыхара Беларусі прыпадае больш за адзін гектар пакрытых лесам зямель, прытым што ў свеце на аднаго жыхара планеты прыпадае ў сярэднім паўгектара.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца якасці пасадачнага матэрыялу. У сярэднім лясная гаспадарка штогод вырабляе каля 350 млн адзінак стандартнага пасадачнага матэрыялу, у тым ліку 38 млн сеянцаў з закрытай каранёвай сістэмай. З пачатку 2026 года лесааднаўленне і лесаразвядзенне праведзена на плошчы 20 тыс. га, у тым ліку за кошт пасеву і пасадкі лесу закладзена 19 тыс. га новых лясоў. У агульнай плошчы лясных культур, створаных у 2026 годзе, цвёрдаліставыя пароды і лістоўніца еўрапейская займаюць 10,1 % (1,9 тыс. га).
— Цяпер у галіны маецца 77 пастаянных лясных гадавальнікаў агульнай плошчай звыш 1,3 тыс. га, а таксама працуюць 4 спецыялізаваныя цяплічныя комплексы па вырошчванні пасадачнага матэрыялу лясных раслін з закрытай каранёвай сістэмай на базе Глыбоцкай доследнай, Івацэвіцкай доследнай і Магілёўскай лясных гаспадарак, — пракаментаваў Андрэй Карась.
Сур’ёзнай праблемай апошніх гадоў становяцца кліматычныя змены. Моцныя вятры прыводзяць да маштабных бураломаў. Толькі сёлета пашкоджана больш за 6 тыс. га насаджэнняў, якія патрабуюць правядзення суцэльных санітарных высечак.

Паводле слоў Андрэя Карася, дзякуючы выбудаванай дзяржаўнай сістэме па прадухіленні надзвычайных сітуацый і ліквідацыі іх наступстваў Мінлясгасу ўдаецца рэалізоўваць усе неабходныя меры рэагавання па мінімізацыі наступстваў экалагічных і эканамічных страт, выкліканых гібеллю лясных насаджэнняў у выніку ўздзеяння моцных вятроў. Так, толькі ў 2024–2025 гадах сіламі лясгасаў былі своечасова праведзены санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы з аб’ёмам нарыхтаванай драўніны больш за 13 млн кубаметраў.
Не менш сур’ёзная ўвага ўдзяляецца пажарнай бяспецы. У Беларусі дзейнічае шматузроўневая сістэма выяўлення лясных пажараў, якая ўключае наземны маніторынг, відэаназіранне, авіяцыйны і касмічны кантролі. Аўтаматызаваная сістэма, укараненне якой пачалося яшчэ ў 2015 годзе, сёння налічвае больш за 450 камер і забяспечвае стапрацэнтнае пакрыццё лясоў, падведамных Мінлясгасу.
— На сённяшні дзень з пачатку пажаранебяспечнага сезона 2026 года зарэгістраваны 671 лясны пажар на агульнай плошчы 543,8 га, сярэдняя плошча ўзгарання — 0,81 га (за аналагічны перыяд 2025 года — 733 лясныя пажары на агульнай плошчы 1237 га), — адзначыў першы намеснік міністра.

Пры гэтым прычына 9 з 10 лясных пажараў — дзейнасць чалавека. Менавіта таму пры высокай пажарнай небяспецы ўводзяцца абмежаванні і забарона на наведванне лясоў. У першую чаргу гэта накіравана на захаванне жыцця і здароўя саміх грамадзян, а таксама захаванне іх маёмасці.
Змяняецца і сама арганізацыя лясной гаспадаркі. Усё больш драўніны нарыхтоўваецца з выкарыстаннем сучасных шматаперацыйных машын — харвестараў і форвардараў. Удзельная вага механізаванай нарыхтоўкі летась дасягнула 66 %. Развіваецца і лясная інфраструктура. З 2007 года па даручэнні Прэзідэнта штогод будуецца не менш як 100 км лесагаспадарчых дарог. За ўвесь перыяд уведзена ў эксплуатацыю каля 1900 км такіх дарог.
Усе гэтыя дасягненні аб’ядноўвае адна ідэя — рацыянальнае і адказнае стаўленне да ляснога багацця краіны.
Вераніка ШЫДЛОЎСКАЯ