Год 1941-ы ў сям’ю Свістуновых прынёс шмат гора. Перад самай вайной здарыўся пажар, у ім загінула чатырохгадовая дачушка Надзя. Аднагадовую Ніну бацька паспеў тады вынесці з агню.
— Жылі мы ў вёсцы Слабадзішча. У першую ж мабілізацыю тата пайшоў на фронт і назад не вярнуўся, — расказвае Ніна Кузьмінічна. — Я ведаю яго па адзіным фотаздымку, дзе яны з мамай удваіх і зусім маладыя. Вайна адабрала ў іх шчасце. Тата загінуў, і мамка нагаравалася за семярых. У акупацыю прытуліла яўрэйку з дзіцем. Нехта данёс... Матулю схапілі і пагналі ў канцлагер пад Рудню. Я, маленькая, на некалькі месяцаў засталася ў чужых... На шчасце, мама потым вярнулася.
...Пасля вызвалення, калі ў вёсцы стаялі савецкія вайскоўцы, яна, Пелагея Мяфодзьеўна, гатавала ім ежу ў старой кузні. Там яны з Нінай і жылі, бо вёску Слабадзішча пры адступленні дашчэнту спалілі немцы. Удаве з дзіцем трэба было будавацца. Родных, каб хоць трохі дапамагчы, у іх не засталося — падтрымалі хіба суседзі Окуневы, з якімі сябраваў бацька.
— З мамай, помню, пілавалі бярвенні, — працягвае Ніна Кузьмінічна. — І я, дзесяцігадовая, як магла, цягала пілу-двухручку. У сорак дзявятым мы нарэшце перабраліся з кузні ў сваё жытло. Мама працавала ў калгасе, я хадзіла ў школу, але скончыла толькі пяць класаў, бо мы займелі карову, яе трэба было даглядаць... Навучылася даіць і ў 15 гадоў пайшла ў даяркі на ферму, дзе працавала да самай пенсіі.
Была замужам. З Аляксандрам Яфімавічам Маслаковым вырасцілі дзвюх дачок і сына, а вось унукаў ды праўнукаў гадавала ўжо ўдавой.
Рада цяпер, што іх цягне да бабулі ў вёску Пырхі, што прыязджаюць яны і з Віцебска, і з Лёзна, каб дапамагчы і адпачыць.
Сядзіба ў Ніны Кузьмінічны добра дагледжана, гаспадыня сама да нядаўняга часу кожнага з гасцей сустракала і частавала, кожнага праводзіла. Але сёння ёй самой ужо патрэбна падтрымка, і таму хто-небудзь з родных заўсёды побач.
...Дачка, Раіса Аляксандраўна Мінаева, паказала ўзнагароды працавітай матулі-калгасніцы і адзіны фотаздымак бацькі, які вынес дзіця з палаючай хаты, які ў полымі вайны загінуў сам, але працягвае жыць у дзецях дзяцей. Іх пакуль што 16.
Таццяна ІГНАЦЕНКА
Лёзненскі раён