Top.Mail.Ru

Заканадаўчыя ініцыятывы і міжнароднае супрацоўніцтва

На пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў абмеркавалі вынікі работы і планы на перспектыву.



Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся, — ход падрыхтоўкі законапраектаў да разгляду на бягучай сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая завершыцца 30 чэрвеня, праекта плана падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год. 

Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА, адбылося, за бягучую сесію дэпутаты рэалізавалі практычна ўсе заканатворчыя планы. «За сесіённы перыяд прынята 58 законапраектаў, — праінфармаваў Ігар Сергяенка. — Ëсць праекты, па якіх яшчэ вядзецца работа». Спікер паставіў перад дэпутацкім корпусам задачу — да заканчэння бягучай сесіі завяршыць работу па законапраектах, уключаных у графік.

S_SH1678_result.jpg

Валанцёрства: упарадкаванне дзейнасці і абарона 

Дэпутаты выступілі з заканадаўчай ініцыятывай, якая звязана з распрацоўкай праекта Закона «Аб валанцёрскай дзейнасці». Валанцёры прымаюць удзел у самай рознай сацыяльна арыентаванай дзейнасці. Яны дапамагаюць сіротам і пажылым людзям, аказваюць псіхалагічную падтрымку асобам, якія пацярпелі ў выніку сацыяльных канфліктаў і няшчасных выпадкаў, сталі ахвярамі злачынстваў. Валанцёры дапамагаюць медыцынскім работнікам даглядаць цяжкахворых пацыентаў, удзельнічаюць у ахове навакольнага асяроддзя, задзейнічаны ў арганізацыі культурных, спартыўных, іншых мерапрыемстваў.

Аднак дагэтуль адсутнічае механізм рэгулявання валанцёрскай дзейнасці, а самае галоўнае, валанцёры не маюць юрыдычна замацаваных правоў і гарантый, што стварае рызыкі ў частцы абароны іх жыцця і здароўя. Асабліва гэта датычыцца валанцёраў, задзейнічаных у рэагаванні на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі. 

«Мы памятаем прыклады масавай валанцёрскай работы на граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча (міграцыйны крызіс), калі праца валанцёра была спалучана з пэўнай рызыкай, — канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый МАЛАШКА. — І ў гэтай частцы мы як сацыяльна адказная дзяржава павінны гарантаваць бяспечную працу людзей, якія бясплатна прыйшлі на дапамогу людзям. У сучасным свеце гуманізм — важны складнік. Гэты заканадаўчы акт будзе ўнікальны: ён падкрэсліць найлепшыя рысы беларускага народа, традыцыі, якія мы нясём праз пакаленні або выклікі часу, што праходзім на розных этапах свайго станаўлення». 

Як звярнуў увагу старшыня пастаяннай камісіі, пытанні заканадаўчага рэгулявання валанцёрскай дзейнасці раней прапрацоўваліся з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, але іх меркаванне наконт падрыхтоўкі адзінага законапраекта раздзялілася. Асаблівую зацікаўленасць у распрацоўцы законапраекта праявілі Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская праваслаўная царква. 

«У ходзе пасяджэння круглага стала, які адбыўся па ініцыятыве пастаяннай камісіі, з удзелам прадстаўнікоў вышэйназваных дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў было выказана аднагалоснае меркаванне аб тым, што неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства аб валанцёрстве ў нашай краіне носіць аб’ектыўны характар, — адзначыў Валерый Малашка. — Прыняцце адзінага нарматыўнага прававога акта аб валанцёстве дазволіць сфарміраваць арганізацыйна-прававы механізм ажыццяўлення валанцёрскай дзейнасці, будзе садзейнічаць стварэнню ўмоў для яе шырока распаўсюджвання і развіцця, стымулявання і павышэння эфектыўнасці работы валанцёрскіх арганізацый, павышэнню іх ролі ў вырашэнні сацыяльна значымых задач.» 

У законапраекце прапаноўваецца замацаваць асноўныя прынцыпы валанцёрскай дзейнасці і яе грамадска карысныя мэты, вызначыць суб’ектаў валанцёрства, формы, кірункі і ўмовы ажыццяўлення такой дзейнасці. 

Беларусь чуюць на міжнароднай арэне 

Падчас пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў абмяркоўваліся і пытанні міжнароднага характару. У прыватнасці, размова ішла аб запрашэнні з візітам у Беларусь парламенцкіх дэлегацый з Турцыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, аб ходзе рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту нашай парламенцкай дэлегацыі у Лаос у кастрычніку мінулага года. 

Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей РАЧКОЎ праінфармаваў аб выніках свайго ўдзелу ў XΙ Парламенцкім форуме БРІКС, які на мінулым тыдні прайшоў у Бразіліі. У размове з журналістамі дэпутат звярнуў увагу на тое, што Беларусь упершыню ўдзельнічала ў гэтым мерапрыемстве ў якасці краіны-партнёра і была добра ўспрынята гэтым аб’яднаннем.

«У цэнтры ўвагі форуму быў разнастайны парадак дня, які адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь, — канкрэтызаваў Сяргей Рачкоў. — Перш за ўсё гэта гандлёва-эканамічныя пытанні. Мы выступілі на ўсіх трох сесіях, якія прайшлі ў Бразіліі: і па тэме гандлю, і інвестыцыйнага супрацоўніцтва і перадачы тэхналогій, таксама нас хвалюе тэма, звязаная з новымі фінансавымі інструментамі, якія фарміруюцца ў сістэме краін БРІКС. На пленарным пасяджэнні беларуская дэлегацыя агучыла нашы ініцыятывы, нашу пазіцыю па пытаннях захавання, спрашчэння і развіцця міжнароднага міру і бяспекі. Мы азнаёмілі нашых калег з ініцыятывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па стварэнні Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXΙ стагоддзі. Аўдыторыя станоўча ўспрыняла гэту ініцыятыву».

S_SH1964_result-1-2.jpg

Па словах дэпутата, Беларусь яшчэ больш стала пазнавальнай у сістэме БРІКС. «Нашы прапановы, ацэнкі ў многім супадаюць з ацэнкамі і пазіцыямі іншых краін аб’яднання, — падкрэсліў Сяргей Рачкоў. — Калі мы і далей будзем так актыўна працаваць на іншых пляцоўках БРІКС, то не за гарамі і прыняцце Беларусі пастаянным членам у гэта аб’яднанне».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю