Найбольш яўна ўплыў мастацтва на працэс старэння прыкметны ў людзей старэйшых за 40 гадоў
Захапленне мастацтвам, ад заняткаў танцамі да паходаў на выстаўкі, можа запавольваць біялагічнае старэнне гэтак жа, як і фізічная актыўнасць, гаворыцца ў даследаванні «Ці можа вольны час уплываць на эпігенетычнае старэнне?», перадае РІА «Новости».
Навуковы артыкул быў падрыхтаваны групай даследчыкаў з Універсітэцкага каледжа Лондана і апублікаваны ў часопісе Innovation in Aging. У рабоце выкарыстоўваліся даныя 3556 дарослых, якія прынялі ўдзел у лангіцюдным (доўгачасовым) даследаванні брытанскіх хатніх гаспадарак у 2010–2012 гадах.
Уцягнутасць у мастацтва вызначалася шляхам аналізу адказаў удзельнікаў на пытанні, ці займаліся яны якім-небудзь з чатырох відаў баўлення вольнага часу ў апошнія 12 месяцаў: інтэрактыўнымі відамі мастацтва (напрыклад, спевамі, танцамі), рэцэптыўнымі (напрыклад, хадзілі на выстаўку), наведвалі аб’екты культурнай спадчыны або займаліся іншымі відамі.
«Уцягнутасць у сферу культуры і мастацтва і фізічная актыўнасць звязаны з запаволеннем эпігенетычнага старэння (працэсам, які адлюстроўвае змяненне біялагічнага ўзросту)… Даследаванне ўпершыню дае доказы сувязі ўцягнутасці ў сферу культуры і мастацтва, якая адносна нядаўна была прызнана фактарам здаровага ладу жыцця, з эпігенетычным старэннем», — сцвярджаюць даследчыкі.
Пры гэтым адзначаецца, што ўплыў мастацтва на працэс старэння супастаўны з уплывам фізічнай актыўнасці, а найбольш яўна ён заўважны ў людзей старэйшых за 40 гадоў.