Top.Mail.Ru

Захаванне гістарычнай памяці — праз культурныя праекты і акцыі

Адна з самых свежых навін: музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны абвяшчае песенны конкурс «Сэрца спявае — Перамога жыве». Але сёлета што ні праект, у рамках якога гавораць пра падзеі вайны ў Беларусі, — то ў немалой ступені з разлікам на тых, чыя свядомасць праходзіць этап станаўлення. Праўда, імкнуцца трымаць і ўвагу дарослых: каб не гублялі пільнасці (згодна з Фучыкам)... Адпаведна, ёсць прапановы. Учытайцеся ў назвы новых праектаў Міністэрства культуры, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне...


Наша місія — захаванне гістарычнай памяці і праўды, — адзначае Кацярына Катлоўская, загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. — Нядаўна ў нас прайшоў міжнародны форум «Памяць і інавацыі» — мы стараемся ісці ў нагу з часам і падключаць новыя мультымедыйныя магчымасці, ладзім міжнародныя канферэнцыі. 23 красавіка адбудзецца канферэнцыя «Подзвігу народа жыць у вяках». Прыцягваем удзельнікаў не толькі з Беларусі, але і з Расійскай Федэрацыі, адбываюцца сумесныя семінары, праекты. Беларускія наведвальнікі могуць пазнаёміцца з выставачным праектам «Рарытэты музея»: у яго рамках прадстаўлены прадметы, якія выстаўляюцца вельмі рэдка. За год будзе дванаццаць выставак асобных прадметаў. Напрыклад, мы знаёмілі з унікальнымі экспанатамі калекцыі самаробнай партызанскай зброі (пісталет-кулямёт Васіля Каржа). Прадставілі рукапісны гросбух партызанскай брыгады «Полымя» (гэта калекцыя мае статус першы ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь). Цяпер выстаўляем абразок Ефрасінні Полацкай, які ўсю вайну падтрымліваў свайго ўладальніка. Многія жыхары краіны ўжо сустракаліся з намі ў рамках патрыятычнай акцыі «Наш абавязак — памятаць». 

Цягам 2025 года плануем наведаць усе населеныя пункты Рэспублікі Беларусь, якія ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Старт — 11 красавіка ў Брэсце. Далей мабільная экспазіцыя паедзе па розных населеных пунктах Беларусі. Да 9 мая ў музейным філіяле, ваенна-гістарычным комплексе «Старая граніца», што за 30 кіламетраў ад Мінска, збіраемся правесці сямейнае свята.

Маладзёжны тэатр эстрады разам з Міністэрствам культуры з’яўляюцца арганізатарамі агульнарэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Разам з мастацтвам». Яе трэці этап прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі. Наогул, запланавана 18 праектаў, якія адбудуцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Старт акцыі, што праходзіць пад дэвізам «Слава Пераможцам!», дадзены 24 лютага на базе Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

— На цяперашні момант мы паспелі наведаць некаторыя сталічныя навучальныя ўстановы, праехалі па рэгіёнах — Чэрвень, Салігорск, Беразіно... — гаворыць дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады Сяргей Мядзведзеў. — Творчая група, якая складаецца з папулярных артыстаў тэатра эстрады і вядомых медыйных асоб, прыязджае ў той ці іншы населены пункт і кантактуе з юнацкай аўдыторыяй — навучэнцамі, студэнтамі, працоўнай моладдзю. Ідуць дыялогі, гучаць успаміны пра родных і блізкіх, якія ўдзельнічалі ў той вайне. У канцэртнай частцы бяруць удзел і мясцовыя творчыя калектывы. Акцыя ператвараецца ў маштабны праект па патрыятычным і прафарыентацыйным навучанні нашага маладога пакалення.

Летась Маладзёжны тэатр эстрады выпусціў адмысловую прэм’еру гістарычнай меладрамы «Без тэрміну даўнасці». Гэты твор напісаны паводле рэальных падзей, прататыпам галоўнага героя стаў беларус, контрразведчык, які прайшоў вайну, перажыў асабістую драму — страціў жонку і дзвюх дачок, але не згубіў надзеі іх знайсці... Паказы будуць арганізаваны ў першыя дні красавіка спецыяльна для навучэнцаў сталічных устаноў адукацыі.

Перасоўныя праекты ахопяць розныя гарады Беларусі. Яны рэалізоўваюцца не толькі музеямі, але і сумесна — бібліятэкамі, установамі клубнай сістэмы дзеля таго, каб максімальна паглыбіць у гістарычныя праекты, у тым ліку праз літаратуру і культурную спадчыну, адзначае Надзея Аўдзей, кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі:

— Да памятнай даты 80-годдзя Вялікай Перамогі ў нас запланавана больш за 150 мерапрыемстваў, у тым ліку па лініі Саюзнай дзяржавы — напрыклад, канцэрт на 9 Мая. Праводзіцца агульнарэспубліканская акцыя «Беларусь памятае», канферэнцыі і семінары ў рамках навуковай супольнасці, дзе ўздымаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці гістарыяграфічны складнік гэтага пытання.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю