Сёлета беларусы адзначаць найважнейшую дату — 80-годдзе Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З гэтай нагоды ў краіне рэалізоўваецца нямала праектаў, грамадскасць у чаканні маштабных мерапрыемстваў. Аб сваіх ініцыятывах з нагоды гэтай вялікай даты, рэалізаваных сумесна з выдавецтвам «Беларусь», расказалі прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнага архіва і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
«Гэта боль, перанесены праз пакаленні»
Выдавецтва «Беларусь» сумесна з Генеральнай пракуратурай працуюць над кнігай «Генацыд беларускага народа. Каты 118-га карнага батальёна». Па словах начальніка ўпраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры-кіраўніка следчай групы па расследаванні крымінальнай справы па фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны Валерыя ТАЛКАЧОВА, у кнізе будуць прыведзены матэрыялы крымінальнай справы на ўкраінскіх нацыяналістаў, якія ўчынялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі.
«Аўтары раскажуць пра тых, хто не быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, не быў у свой час асуджаны, — канкрэтызаваў ён. — Мы правялі ўжо крымінальныя працэсы ў адносінах да Уладзіміра Катрука, Канстанціна Смоўскага. Вярхоўны Суд нашай краіны прызнаў іх вінаватымі па ўсіх тых пунктах абвінавачвання, якія былі ім інкрымінаваны. Мы падрабязна спыніліся на біяграфіі карнікаў, прычынах, чаму іх прытулілі на тэрыторыі Канады і Злучаных Штатаў Амерыкі, чаму яны так і не былі выдадзены і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці яшчэ пры жыцці. Чытачы змогуць азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, з прамовай дзяржаўнага абвінаваўцы па гэтых двух працэсах. Там жа будуць размешчаны і прыгаворы Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь».
Асаблівасцю выдання, прысвечанага карным аперацыям, з’яўляецца спасылка аўтараў на канкрэтныя дакументы. «Гэта пратаколы допытаў сведкаў, якія раней ніколі не публікаваліся, не былі вядомы шырокай грамадскасці, — удакладніў Валерый Талкачоў. — Кніга перакладзена на англійскую мову і выдадзена пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэя Шведа. Генеральная пракуратура гэта выданне накіравала пракурорам шэрагу дзяржаў, у тым ліку краін Еўрасаюза».
«Важна аддаць даніну памяці гэтым людзям»
Да юбілею эпіцэнтра захавання памяці аб падзеях Другой сусветнай вайны выдавецтвам «Беларусь» была падрыхтавана кніга «Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 80 гадоў». «Гэта выданне вельмі насычанае па змесце, — адзначыла намеснік галоўнага захавальніка фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Святлана ПРЫБЫШ. — Тут ёсць розныя звесткі, якія будуць цікавыя не толькі музейшчыкам, але і ўсім чытачам, хто адкрые гэту кнігу. У ёй размешчана агульная інфармацыя пра музей, дэталі і факты пра яго».
У прыватнасці, чытачы могуць даведацца, якую плошчу займаюць музейныя экспазіцыі, хто кіраваў установай у розныя гады, іншыя факты з гісторыі музея, якая пачалася ў 1942 годзе са стварэння камісіі па зборы матэрыялаў Вялікай Айчыннай вайны.
Як заўважыла Святлана Прыбыш, гэта выданне ад іншых, прысвечаных музею, адрознівае глава «Гісторыя ў асобах». «Наш музей унікальны тым, што ствараўся яшчэ ў ваенныя гады, — падкрэсліла яна. — Першыя супрацоўнікі былі ўдзельнікамі падзей: франтавікамі, падпольшчыкамі, партызанамі. Менавіта яны заклалі тую аснову, падмурак, на якім у далейшым музей развіваўся, і плёнам іх працы мы цяпер карыстаемся. Таму важна аддаць даніну памяці гэтым людзям».
Гартаючы кнігу, можна віртуальна азнаёміцца з усімі экспазіцыйнымі заламі, найбольш каштоўнымі экспанатамі. «У нашым фондзе сёння налічваецца больш за 164 тысячы музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў, — праінфармавала намеснік галоўнага захавальніка фондаў. — І кожны год ён папаўняецца на 1,2 тысячы адзінак. Фонд падзелены на 29 калекцый, пра якія ў кнізе расказалі іх захавальнікі».
Як паведаміла загадчыца аддзела выдавецтва «Беларусь» Анжэла САДОЎСКАЯ, сёлета ўвесь выдавецкі партфель найперш будзе прысвечаны тэме 80-годдзя Вялікай Перамогі. «Што б ні адбывалася ў гэтым свеце, якія б катаклізмы ў геапалітыцы ні здараліся, ёсць факты, дакументы, таму гісторыю перапісаць проста немагчыма, — пераканана яна. — Унікальнасць і самая вялікая каштоўнасць гэтых кніг у тым, што ўсе яны выдадзены на аснове дакументаў — гэта адзін вялікі дакумент».
Гэта трэба жывым
У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя выдання «Кніга Памяці. Рэспубліка Беларусь. Віцебская вобласць»
Гэта другі том міжнароднага праекта
«Кніга Памяці. Рэспубліка Беларусь», прысвечаны 80-годдзю вызвалення паўночнага рэгіёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Інвестарам і каардынатарам праекта выступіў Фонд ветэранаў дыпламатычнай службы Расійскай Федэрацыі.
Важкі ўнёсак у стварэнне Кнігі Памяці зрабілі Віцебскае кадэцкае вучылішча, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Полацкі музей баявой славы, Віцебскі абласны музей Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова, аддзелы ідэалогіі райвыканкамаў вобласці.
У ліку тых, хто ўвайшоў у склад творчай групы пры падрыхтоўцы кнігі, — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, выкладчык Віцебскага кадэцкага вучылішча Мікалай Півавар. Ён на працягу доўгіх гадоў разам з кадэтамі займаецца пошукам і ўвекавечваннем памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія дагэтуль спачываюць у няўлічаных пахаваннях Віцебскага раёна. Такіх, дарэчы, Мікалай Васільевіч знайшоў ужо пад 200, і калі паставіць на ўлік усіх не атрымліваецца, то захаваць іх каардынаты і фотаздымкі ўдалося ў кнізе «Звод помнікаў воінскай славы, памятных месцаў, воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны Віцебскага раёна». Многія напрацоўкі з гэтай кнігі ляглі ў аснову новага выдання.
«Такія Кнігі Памяці, накшталт той, што мы прэзентуем сёння, былі створаны і ў іншых еўрапейскіх краінах. Першая на тэрыторыі Беларусі была прысвечана Гомельшчыне. Падчас работы над выданнем мы вырашылі крыху змяніць канцэпцыю ў кнізе, прысвечанай Віцебскай вобласці: размясцілі гісторыю пошукавай дзейнасці ў паўночным рэгіёне, расказалі аб тых людзях, якія пачыналі і дагэтуль працягваюць вяртаць з небыцця імёны загінулых герояў», — расказаў Мікалай Півавар.
У кнізе прадстаўлены раёны Віцебшчыны ў храналагічным парадку іх вызвалення ў ходзе наступальных аперацый Чырвонай Арміі. На старонках выдання можна знайсці спіс воінскіх пахаванняў кожнага раёна, якія стаяць на ўліку, а таксама фотаздымкі і поўны спіс помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, што знаходзяцца на тэрыторыі вобласці. Знайсці кнігу ў папяровым варыянце пакуль складана, але яна прадстаўлена ў сетцы інтэрнэт у фармаце pdf.
«Вельмі радасна, што сёння на прэзентацыі прысутнічаюць кадэты, наша моладзь. Толькі з вашай дапамогай мы, сталыя пошукавікі, зможам працягнуць распачатае. І здорава, што Кніга Памяці будзе распаўсюджвацца і ў іншых краінах. Гэта адкрые новыя перспектывы для пошукавай дзейнасці», — заключыла пошукавік Людміла Нікіціна.