Top.Mail.Ru

Захаванне і перадача падрастаючаму пакаленню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў — важная місія органаў улады

Учора ў Сафійскім саборы ў Полацку прайшло цэнтральнае мерапрыемства двухдзённага міжнароднага форуму «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава» — пленарнае пасяджэнне. Сёлета ў мерапрыемстве, арганізаваным па ініцыятыве Савета Рэспублікі і Беларускай праваслаўнай царквы, узялі ўдзел каля 300 чалавек, уключаючы 35 шматдзетных сем’яў з Беларусі (па пяць ад кожнай вобласці і Мінска), а таксама прадстаўнікоў парламенцкіх дэлегацый шасці замежных дзяржаў — Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.


«Форум праходзіць упершыню ў статусе міжнароднага. Гэта сведчыць аб тым, што тэма захавання традыцыйных каштоўнасцяў сям’і і сувязі пакаленняў хвалюе і аб’ядноўвае прагрэсіўную грамадскасць, народы і краіны», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, выступаючы на пленарным пасяджэнні.

«Сямейныя каштоўнасці ляжаць у аснове здаровага грамадства і квітнеючай дзяржавы. Гэта гарманічныя адносіны, фізічны і духоўны дабрабыт, выхаванне дзяцей і клопат аб старэйшым пакаленні. Гэта любімы бацькоўскі дом, пабудаваны на фундаменце ўвагі і ўзаемнай падтрымкі», — адзначыла Наталля Качанава.

Беларусь займае 65-е месца са 193 краін у індэксе чалавечага развіцця. У глабальным індэксе гендарнага разрыву па выніках 2025 года наша краіна знаходзіцца на 54-й пазіцыі са 148 краін дзякуючы высокім паказчыкам удзелу жанчын у адукацыі, эканоміцы і дзяржаўным кіраванні. Дэмаграфічная бяспека рэспублікі была вызначана ключавым прыярытэтам на VІІ УНС.

«Сямейная палітыка — гэта сацыяльны брэнд Беларусі», — падкрэсліла спікер. Аб гэтым сведчыць моцная нарматыўна-прававая база і сацыяльныя гарантыі, якія прадастаўляюцца ў нашай краіне. Абарона сям’і, як саюза мужчыны і жанчыны, замацавана ў Канстытуцыі. Сем’ям выплачваецца 11 відаў дапамог, маці прадастаўляецца аплатны дэкрэтны водпуск да 3 гадоў, актыўна працуе праграма сямейнага капіталу пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей, для маладых і шматдзетных сем’яў даступна льготнае жыллёвае крэдытаванне.

* * *

У першы дзень форуму Наталля Качанава і мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі сустрэліся са шматдзетнымі беларускімі сем’ямі. У адкрытым дыялогу абмяркоўваліся хвалюючыя бацькоў тэмы і пытанні. Прагучалі і цікавыя прапановы. Напрыклад, пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года — 2026» Вольга і Дзмітрый Свірыдзюк прапанавалі стварыць так званы бацькоўскі рахунак, куды дарослыя дзеці, якія працуюць, маглі б пералічваць ад зарплаты па 1-2%, каб іх маці і бацькі на пенсіі або нават да яе маглі скарыстацца такой матэрыяльнай дапамогай. Гэта стала б нядрэннай падушкай бяспекі для старэйшага пакалення, як лічаць крэатыўныя муж і жонка.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што ўсе ініцыятывы і прапановы яна агучыць на высокім узроўні. У выніку дыскусіі былі выпрацаваны перспектыўныя кірункі работы. Перш за ўсё гэта дыялог з моладдзю — фарміраванне ўнутраных установак на стварэнне традыцыйнай сям’і і ўсвядомленага бацькоўства, пашырэнне жывога ўзаемадзеяння і процідзеянне негатыўнаму ўплыву дэструктыўнага кантэнту ў сацыяльных сетках. «Ва ўмовах нестабільнага лічбавага ўплыву менавіта сям’я, бацькоўскае цяпло з’яўляюцца жывой сувяззю паміж мінулым і будучым, галоўнай каштоўнасцю грамадства, якую нічым не замяніць. І наша сацыяльная місія — гаварыць аб гэтым з моладдзю», — сказала Наталля Качанава.

Удзельнікі форуму таксама закранулі тэму ўдасканалення заканадаўства: карэкціроўку нарматыўных актаў у сферы сямейнага права, абарону правоў дзяцей, прафілактыку булінгу і падтрымку слабаабароненых катэгорый грамадзян. Спікер падкрэсліла, што павінна быць узмоцнена міжведамасная кансалідацыя, органам улады, канфесіям і СМІ трэба аб’яднаць рэсурсы для папулярызацыі вобраза шматдзетнай сям’і як галоўнага сацыяльнага трэнду. Акрамя таго, важна міжнароднае супрацоўніцтва — развіццё ініцыятыў у рамках Міжпарламенцкай Асамблеі СНД, а таксама пашырэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў на пляцоўцы Групы сяброў сям’і ў ААН.

Для ўдзельнікаў форуму былі арганізаваны экскурсіі па гістарычных і духоўных аб’ектах Полацка. Госці старажытнага горада азнаёміліся з Сафійскім саборам, Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыром, Музеем беларускага кнігадрукавання, а таксама Полацкім дзяржаўным універсітэтам імя Ефрасінні Полацкай і Полацкім кадэцкім вучылішчам.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю