У Беларусі 9 лістапада стартаваў комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на безаварыйную перавозку аўтобусамі навучэнцаў да ўстаноў адукацыі, які працягнецца да 13 лістапада. Аб гэтым паведамілі ў МУС, піша SB.by.
Дзяржаўтаінспектары правераць тэхнічны стан аўтобусаў, іх аснашчэнне і гатоўнасць да перавозкі дзяцей.
— На асаблівым кантролі — прафесійная падрыхтоўка вадзіцеляў, выкананне імі правілаў дарожнага руху і фізічны стан, — адзначыў першы намеснік начальніка ГУДАІ МУС Андрэй Гаркуша. — Адказнасць за перамяшчэнне непаўналетніх ускладаецца на перавозчыка.
У МУС нагадалі бацькам аб неабходнасці выкарыстоўваць дзіцячыя ўтрымлівальныя прыстасаванні. Пасажыры ва ўзросце да 12 гадоў і ростам да 150 см павінны перавозіцца ў аўтакрэсле, бустары ці аўталюльцы, якія адпавядаюць іх узросту, вазе і росту.
Бацькам таксама раяць тлумачыць дзецям правілы паводзін у транспарце і на дарозе. У многім стаўленне дзіцяці да бяспекі фарміруецца на прыкладзе дарослых.