Top.Mail.Ru

Захаваць працоўныя калектывы і забяспечыць эфектыўнасць работы прадпрыемстваў

Падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць Старшыня Савета Рэспублікі абмеркавала з працоўнымі калектывамі лёс Полацкага малочнага камбіната і перспектывы развіцця ААТ «Новыя Гараны». 



Якасць прадукцыі і кадравае пытанне — у прыярытэце 

Наталля Качанава расказала, што палачане звярталіся ў Савет Рэспублікі з надзеяй даведацца аб лёсе аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў раёна — малочнага камбіната. Сустракаючыся з работнікамі на месцы, спікер падкрэсліла, што на прадпрыемстве чакаюцца пераўтварэнні, якія ўсім пойдуць толькі на карысць. Пасля завяршэння здзелкі па набыцці камбіната па рыначным ацэначным кошце завод увойдзе ў склад ААТ «Савушкін прадукт», кіраўніцтва якога плануе поўнасцю яго мадэрнізаваць, прыцягнуць інавацыйныя тэхналогіі, а таксама стварыць сучаснае прадпрыемства, якое эфектыўна працуе з камфортнымі ўмовамі працы для людзей.

«Гэта пытанне знаходзіцца ў нас на кантролі ў Савеце Рэспублікі і ў Віцебскім аблвыканкаме, — адзначыла Наталля Качанава. — А самае галоўнае, што гэта пытанне знаходзіцца на кантролі ў Прэзідэнта нашай краіны. На нарадзе па развіцці Віцебскай вобласці па тых праблемных пытаннях, якія агучыў Прэзідэнт, была дакладна пастаўлена задача — перш за ўсё мы абавязаны захаваць працоўныя калектывы, а прадпрыемствы павінны працаваць эфектыўна». 


«Савушкін прадукт» — вядомае не толькі ў нашай краіне прадпрыемства, але і далёка за яе межамі, — канстатавала Старшыня Савета Рэспублікі. — І разам з кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства, кіраўніцтвам Віцебскай вобласці мы прынялі рашэнне, што сустрэнемся з працоўным калектывам, каб людзям расказаць пра тое, што іх чакае ў перспектыве, а перспектыва на сёння цудоўная. Мы бачым, як працуюць эфектыўна прадпрыемствы, якія ўваходзяць у холдынг «Савушкін прадукт», што ў іх суперсучасныя тэхналогіі, суперсучасныя вытворчасці, сацыяльны пакет цудоўны ў людзей, дастойная заработная плата, і ўжо працуючых больш за 10 тысяч».

Наталля Качанава расказала, што для Полацкага малочнага камбіната інвестар прапануе да Новага года правесці поўную рэканструкцыю прадпрыемства, якое будзе выпускаць практычна тую ж прадукцыю, што выпускае цяпер. Па словах спікера, усе працоўныя месцы будуць захаваны.

Супрацоўнікі камбіната пацікавіліся, ці змогуць у Полацку забяспечыць працоўныя месцы тым, хто захоча змяніць месца працы. Старшыня райвыканкама Васіль Шылаў зазначыў, што вакансіі ў горадзе знойдуцца, таму ўсіх ахвотных працаўладкуюць. Таксама хваляваў людзей і лёс брэндаў завода. Гендырэктар ААТ «Савушкін прадукт» Аляксандр Саўчыц адзначыў, што назвы прадукцыі, якія добра зарэкамендавалі сябе, пакінуць. 

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік падкрэсліў, што інвестар, які прыйдзе ў Полацкі раён, — айчынны, зацікаўлены ў развіцці беларускага якаснага прадукту, таму будзе ўкладваць фінансы як у мадэрнізацыю вытворчых магутнасцяў, так і ў прасоўванне полацкай малочкі на ўнутраным і знешнім рынках.

У час наведвання ААТ «Новыя Гараны» Наталлі Качанавай расказалі, як ідзе пасяўная кампанія. Спікер паразмаўляла з калектывам сельгасарганізацыі. У будучыні ў «Новых Гаранах» плануецца ўзвесці сучасны малочнатаварны комплекс. У перспектыве для маладых супрацоўнікаў у аднайменным аграгарадку будзе пабудавана новае жыллё. «Сёння аграпрамысловы комплекс Віцебскай вобласці знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта, — падкрэсліла спікер. — Трэба добра працаваць, і мы ўсе цудоўна разумеем, што без цяжкасцяў не будзе выніку».

Паводле БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю