Top.Mail.Ru

Захаваць прыроду для нашчадкаў. Пытанні экалагічнай культуры абазначыў Брылевіч

Пытанні экалагічнай культуры беларусаў абазначыў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ігар Брылевіч у час сустрэчы з працоўным калектывам філіяла «Негарэльскі камбінат хлебапрадуктаў» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», перадае БелТА.



Стан навакольнага асяроддзя і экалагічная бяспека сёння ўваходзяць у лік асноўных фактараў, што вызначаюць якасць жыцця, і хвалююць кожнага з нас, сказаў Ігар Брылевіч. «Але, на вялікі жаль, мы часта звяртаем на іх увагу толькі тады, калі ўзнікаюць нейкія праблемы. Калі ўсё добра, мы часам проста не задумваемся аб гэтым і адносімся да прыроды не так беражліва, як гэта неабходна. Між тым наяўнасць сур’ёзных экалагічных праблем, якія пагражаюць жыццю і здароўю людзей, абясцэньвае ўсе астатнія паказчыкі якасці жыцця, уключаючы бытавыя выгоды і высокі ўзровень даходаў», — адзначыў ён.Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, Беларусь уваходзіць у лік краін з паспяховай экалагічнай абстаноўкай. «І гэта не выпадковы збег абставін. Дзяржавай у рамках планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця вядзецца вялікая работа па паляпшэнні параметраў асяроддзя нашага пражывання. За апошнія 10 гадоў выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра знізіліся больш як на трэць, у тым ліку ад аўтамабільнага транспарту — больш як напалавіну. І гэта пры тым, што за гэты перыяд аўтапарк нашых грамадзян вырас на сотні тысяч машын», — падкрэсліў намеснік старшыні.

«Дастаткова сказаць, што наша краіна займае першае месца ў свеце па тэмпах зніжэння выкідаў сажы ў атмасферу, а таксама ўваходзіць у лік лідараў па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу. Гэта сапраўды вялікая, карпатлівая і затратная шматгадовая работа, але яе дасягненні відавочны: у Беларусі лідзіруючыя пазіцыі сярод краін постсавецкай прасторы па якасці паветра», — адзначыў Ігар Брылевіч.

 

Воднымі рэсурсамі краіна забяспечана на сярэднееўрапейскім узроўні. Дзякуючы рашэнням кіраўніка дзяржавы цэнтралізаванае пітное водазабеспячэнне насельніцтва ажыццяўляецца выключна з падземных крыніц, што дало магчымасць забяспечыць практычна ўсіх спажыўцоў вадой добрай якасці. Гэтаму таксама садзейнічала шырокамаштабнае будаўніцтва станцый ачысткі ад прымесей жалеза.

Паводле слоў намесніка старшыні, у выніку будаўніцтва і мадэрнізацыі ачышчальных збудаванняў за апошнія 20 гадоў аб’ём скіду недастаткова ачышчаных сцёкаў у вадаёмы краіны скараціўся амаль у 7 разоў. Сёння практычна ўся вада, якая паступае ў адкрытыя вадаёмы, ачышчаецца ў поўным аб’ёме.«Вельмі сур’ёзная работа была праведзена па ўладкаванні ачышчальных збудаванняў, у першую чаргу для прамысловых прадпрыемстваў», — дадаў ён.

Дзякуючы сістэме прыродаахоўных мерапрыемстваў жывёльны свет у Беларусі знаходзіцца ў стабільным стане: многія віды дэманструюць рост колькасці і пашырэнне арэалаў пражывання. За апошнія дзесяцігоддзі плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і помнікаў прыроды) вырасла да 9% ад агульнай плошчы краіны.

«Па рэкамендацыях ААН гэты паказчык павінен складаць 10-12%, і я не сумняваюся, што ў бліжэйшы час мы яго дасягнём», — заявіў спікер.

Беларусь — адзін з сусветных лідараў па аднаўленні балот. З 2015 года ўдалося спыніць працэс дэградацыі тарфянікаў: на дзясятках тысяч гектараў праведзена рэабілітацыя і паўторнае забалочванне. Ён таксама нагадаў: «Акрамя таго, нельга забываць, што нашы балоты — гэта лёгкія Еўропы і адна з асноўных крыніц утварэння кіслароду».

Лясныя ўгоддзі ў Беларусі пашырыліся да рэкордных маштабаў (калі разглядаць дынаміку за апошнія 100 гадоў), пакрываючы 40,5% тэрыторыі краіны. Штогод ствараецца да 30 тыс. га новых лясоў.

 

«Гэты значны прагрэс — вынік сумеснай дзейнасці дзяржавы і грамадзян. Значныя капіталаўкладанні ў будаўніцтва ачышчальных збудаванняў, упарадкаванне свідравін, аднаўленне лясоў і балот ажыццяўляюцца пры актыўнай падтрымцы насельніцтва. Нават адным з матываў набыцця электрамабіляў для многіх людзей з’яўляецца жаданне ўнесці асабісты ўклад у мінімізацыю ўрону навакольнаму асяроддзю», — сказаў спікер.

З 2000 года назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння ўдзельнага водаспажывання на душу насельніцтва, якое сёння не перавышае сярэднееўрапейскіх значэнняў.

«Хоць яшчэ 10-15 гадоў таму летам, у перыяды пікавай нагрузкі, у некаторых населеных пунктах не хапала дэбіту свідравін і магутнасці воданапорных вежаў. Чаму? Таму што жыхары палівалі агароды, проста кідаючы шланг з водаправоднага крана на градкі. Сёння людзі ўладкоўваюць сістэмы кропельнага арашэння і выкарыстоўваюць ваду беражліва», — адзначыў Ігар Брылевіч.Ён звярнуў увагу на тое, што здабыча, ачыстка і падача вады патрабуюць ад дзяржавы сур’ёзных затрат, якія тарыфы для насельніцтва не пакрываюць у поўным аб’ёме, і гэту сацыяльную нагрузку бярэ на сябе бюджэт. «Таму ад адказных адносін кожнага з нас залежыць вельмі шмат», — падкрэсліў намеснік старшыні.

«Нашы людзі таксама значна дапамагаюць у час суботнікаў, а далейшае беражлівае стаўленне да зялёных пасадак дае магчымасць захаваць вынікі гэтай сумеснай працы. З кожным годам расце колькасць удзельнікаў акцый па пасадцы лесу — за апошнія пяць гадоў іх колькасць перасягнула 600 тыс. І не толькі звычайныя грамадзяне, але і вышэйшыя службовыя асобы, уключаючы нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, асабістым прыкладам паказваюць важнасць удзелу ў кампаніях па захаванні і прымнажэнні беларускага лесу. Гэта і ёсць экалагічныя паводзіны, экалагічнае мысленне і маральная пазіцыя, якія ў сукупнасці фарміруюць экалагічную культуру. Яе ўкараненне ў грамадстве дасць магчымасць нам істотна рушыць наперад у добраўпарадкаванні нашага агульнага дома — Беларусі», — рэзюмаваў Ігар Брылевіч.

 

Напрыклад, у краіне дзейнічае сетка з тысячы пажарна-назіральных вышак (890 з іх абсталяваны відэакамерамі), штогод ствараюцца дзясяткі тысяч кіламетраў мінералізаваных палос.

«На жаль, застаецца вострай праблема несанкцыянаваных звалак. Аб’ём смецця, што вывозіцца лясной аховай, за апошнія пяць гадоў вырас у разы. Уявіце сабе, што людзі да гэтага часу дазваляюць сабе выкідваць адходы ў лесе. І гэта пры тым, што ў краіне актыўна вядзецца работа па раздзельным зборы смецця і добраўпарадкаванні спецыяльных кантэйнерных пляцовак», — канстатаваў намеснік старшыні.Колькасць асоб, прыцягнутых да адказнасці за забруджванне лесу, таксама павялічылася, але пакуль гэта праблема не вырашана канчаткова.

«І залежыць гэта ў першую чаргу ад унутранай культуры кожнага чалавека. На асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях устанаўліваюцца спецыяльныя рэжымы, якія прадугледжваюць абмежаванні і забароны на асобныя віды гаспадарчай дзейнасці», — расказаў Ігар Брылевіч.

Падводзячы вынік, ён падкрэсліў: «Экалагічная культура і асабістая адказнасць кожнага з нас — гэта не проста словы, а важнейшая ўмова захавання нашай прыроды для будучых пакаленняў».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю