«Атмасферны фронт з Заходняй Еўропы прынясе ў краіну не толькі дажджы рознай інтэнсіўнасці, але і больш прахалоднае паветра. Паказанні тэрмометраў пачнуць паступова паніжацца. Пры гэтым умовы надвор'я будуць знаходзіцца пад пераважным уплывам атмасферных франтоў, таму ападкі прадоўжацца, у асобныя дні месцамі па краіне чакаюцца моцныя дажджы, навальніцы і ўзмацненне ветру да моцнага парывістага. У вільготным паветры ў начныя і ранішнія гадзіны не выключаны туманы», — расказалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У аўторак надвор’е ў асноўным будзе вызначаць вобласць павышанага ціску, на фоне якой будзе перамяшчацца малаактыўны атмасферны фронт. Чакаецца пераменная воблачнасць. Уначы і раніцай у асобных раёнах, днём месцамі па ўсходзе краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Месцамі слабы туман. Вецер заходні ноччу ад слабога да ўмеранага, днём умераны. Тэмпература паветра ноччу 11–17 °С, днём — ад 22 °С да 28 °С.
У сераду надвор’е будзе вызначаць атмасферны фронт, які перамяшчаецца з тэрыторыі Польшчы.
У выніку пачнецца паступленне прахалодных паветраных мас паўночна-заходняга паходжання. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У другой палове дня ў некаторых раёнах навальніцы. Уначы і раніцай слабы туман. Вецер паўднёвы з пераходам да заходняга ўмеранага, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу 12–17 ° С, на працягу дня — ад 18° С да 23° С, на паўднёвым усходзе — да 27° С.
У чацвер захаваецца ўплыў халаднаватых няўстойлівых паветраных мас. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу 7—13°С, па паўднёвым усходзе — да 15 °С. Днём чакаецца ад 18 °С да 24 °С.