Па даручэннi Прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi ўрадам унесены ў Парламент законапраект «Аб амнiстыi ў сувязi з 80-годдзем Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне».
Паводле папярэднiх разлiкаў, пад амнiстыю трапяць амаль 8 тысяч асуджаных. У законапраекце захаваны паспяхова апрабаваныя ў ходзе амнiстый мiнулых гадоў падыходы (за апошнiя пяць гадоў у Беларусi былi аб’яўлены чатыры амнiстыi). Адначасова прадугледжаны i шэраг навацый.
Пералiк асоб, якiя поўнасцю вызваляюцца ад пакарання i iншых мер крымiнальнай адказнасцi, дапоўнены новай катэгорыяй асоб з пэўнымi захворваннямi. Таксама прапануецца раней не судзiмым асобам, якiя дасягнулi 70-гадовага ўзросту i асуджаны да пазбаўлення волi на тэрмiн да шасцi гадоў уключна, замянiць пакаранне больш мяккiм у выглядзе абмежавання волi без накiравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Замест поўнай амнiстыi ўстанаўлiваецца прымяненне частковай у выглядзе скарачэння пакарання на адзiн год да асоб, асуджаных за неасцярожныя злачынствы, якiя прывялi да смерцi чалавека.
У адносiнах да большасцi асуджаных асноўнымi ўмовамi для прымянення прадугледжанай законапраектам амнiстыi з’яўляюцца поўнае пакрыццё шкоды (урону), нанесенай учыненым злачынствам, а таксама станоўчая характарыстыка асобы ў перыяд адбывання пакарання.
Пад кантролем мiлiцыi
Мiнiстр унутраных спраў Iван КУБРАКОЎ паведамiў: «Мы прааналiзавалi вынiкi папярэднiх амнiстый, яны не аказалi негатыўнага ўплыву на аператыўную абстаноўку ў краiне. Самым галоўным патрабаваннем па прымяненнi амнiстыi з’яўляюцца законапаслухмяныя паводзiны ў месцах пазбаўлення волi, раскаянне асоб, поўнае пагашэнне iмi прычыненай шкоды».
Кiраўнiк мiлiцэйскага ведамства звярнуў увагу на тое, што ў дакуменце захаваны асноўныя прынцыпы i падыходы да амнiстыi, аднак ёсць i новаўвядзеннi. «У першую чаргу амнiстыя будзе распаўсюджвацца на так званую льготную катэгорыю асоб: адзiнокiх мужчын i жанчын, якiя ўпершыню прыцягнуты да крымiнальнай адказнасцi i маюць на ўтрыманнi непаўналетнiх дзяцей; асоб, якiя маюць пэўны пералiк захворванняў (у першую чаргу, гэта анкалагiчныя захворваннi), — канкрэтызаваў Iван Кубракоў. — Таксама амнiстыя закране такiя катэгорыi, як непаўналетнiя, шматдзетныя мацi, асобы з iнвалiднасцю, тыя, хто дасягнуў 70-гадовага ўзросту i асуджаны да пазбаўлення волi на тэрмiн не больш за шэсць гадоў. Гэтым асуджаным тэрмiн будзе заменены на больш мяккi».
Амнiстыя распаўсюджваецца i на грамадзян, якiя ўпершыню асуджаны за незаконны абарот наркотыкаў. «За выключэннем асоб, асуджаных па частцы пятай артыкула 328 Крымiнальнага кодэкса: за продаж наркотыкаў, што прывяло да смерцi чалавека, — удакладнiў мiнiстр унутраных спраў. — Да гэтай катэгорыi асуджаных амнiстыя прымяняцца не будзе».
Па словах Iвана Кубракова, усе амнiставаныя асобы будуць знаходзiцца пад пастаянным кантролем мiлiцыi. «Амнiстыя — акт гуманiзму дзяржавы i магчымасць асобам, якiя пераступiлi закон, зрабiць работу над памылкамi i нiколi iх больш не паўтараць», — падкрэслiў ён.
Шанц на новае жыццё
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камiсii па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнiкоў Генадзь ЛЕПЯШКО, традыцыйна амнiстыя ў Беларусi аб’яўляецца напярэдаднi значных дат у гiсторыi нашай краiны i з’яўляецца важным мерапрыемствам. «Амнiстыя пацвярджае прынцып гуманiзму крымiнальна-выканаўчай палiтыкi ў нашай краiне, сiмвалiзуе духоўна-маральную сiлу нашай дзяржавы i грамадства, здольнасць да прабачэння тым, хто спатыкнуўся, — падкрэслiў дэпутат. — Амнiстыя з’яўляецца праявай гуманiзму з боку дзяржавы ў адносiнах да асоб, якiя ўчынiлi крымiнальнае дзеянне: iм даецца шанц стаць на шлях выпраўлення i пачаць новае жыццё».
Парламентарый звярнуў увагу на тое, што правядзенне амнiстыi абавязкова ўсебакова i старанна прапрацоўваецца, каб такое рашэнне не прывяло да ўскладнення крымiнагеннай абстаноўкi ў дзяржаве. «Амнiстыя прымяняецца да асоб, якiя не ўяўляюць небяспекi для грамадства i дзяржавы, — канстатаваў ён. — Сярод iх — тыя, хто ўчынiў няцяжкiя злачынствы (часта эканамiчнага характару), непаўналетнiя, цяжарныя жанчыны, жанчыны i адзiнокiя мужчыны, якiя маюць дзяцей ва ўзросце да васямнаццацi гадоў, пенсiянеры, iнвалiды, якiя маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, тыя, хто атрымаў раненнi (кантузii), калецтвы, захворваннi ў перыяд праходжання ваеннай службы або ў сувязi з ажыццяўленнем службовай дзейнасцi».
Па словах Генадзя Лепяшко, многiя, у першую чаргу сем’i тых, хто знаходзiцца ў месцах адбыцця пакарання, з надзеяй чакаюць гэтага заканадаўчага акта. Аднак, як звярнуў увагу дэпутат, у амнiстый ёсць як прыхiльнiкi, так i працiўнiкi. «Вядома, пацярпелыя ад злачынных замахаў не вiтаюць такiя акты мiласэрнасцi, — заўважыў дэпутат. — Гэты момант улiчваецца пры прымяненнi амнiстыi. Пад яе дзеянне трапляюць толькi асобы, якiя цалкам кампенсавалi шкоду або ўрон, лiквiдавалi iншыя шкодныя наступствы, прычыненыя злачынствам. Але прыхiльнiкаў амнiстыi, мне падаецца, значна больш. Лiчыцца, што злачынец, пазбаўлены на некаторы час волi, ужо самiм гэтым фактам дастаткова пакараны.
У яго быў час падумаць аб сваiх грахах, каб не чынiць беззаконне ў будучынi. Тым самым дзяржава праяўляе лiтасць да такiх людзей. Вобразна кажучы, яна заяўляе: я раблю табе ласку, адкажы мне той жа манетай, будзь надалей законапаслухмяным».
Па словах намеснiка старшынi Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы Валерыя ГАЙДУКЕВІЧА амнiстыя, прымеркаваная да знакавай даты ў гiсторыi нашай краiны, — гэта традыцыя суверэннай Рэспублiкi Беларусь. «Папярэдняя была прымеркавана да 80-годдзя вызвалення нашай краiны ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, — нагадаў сенатар. — Амнiстыi iнiцыiруюцца кiраўнiком дзяржавы, што сведчыць аб гуманнасцi нашай краiны, у цэлым беларускага народа. Адным змяншаюцца тэрмiны пакарання, iншым вiд пакарання замяняецца больш мяккiм».
Валерый Гайдукевiч лiчыць, што амнiстыi грамадствам успрымаюцца станоўча. «Размова не iдзе аб грамадзянах, якiя ўчынiлi асаблiва цяжкiя злачынствы, звязаныя з забойствам або нанясеннем цяжкiх цялесных пашкоджанняў, — удакладнiў ён. — Такiя людзi пад амнiстыю нiколi не трапляюць. Як паказвае статыстыка МУС, паўторнае парушэнне заканадаўства з боку асоб, якiя трапiлi пад амнiстыю, нязначнае. Важна разумець, што пасля амнiстыi гэтыя людзi знаходзяцца пад назiраннем органаў унутраных спраў. Таму тыя, хто перажывае за ўласную бяспеку, могуць быць спакойныя».