Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях лічбавага беларускага рубля» рыхтуецца да другога чытання. Размова аб гэтым ішла на тэматычнай нарадзе ў Палаце прадстаўнікоў, перадае БелТА.
Праект закона аб лічбавым беларускім рублі быў унесены ўрадам у Палату прадстаўнікоў на трэцяй сесіі. Карэкціроўцы падлягаюць пяць кодэксаў і восем законаў Беларусі.
Праект закона мае адну важную мэту — распаўсюдзіць усе тыя магчымасці, што ўжо існуюць для звычайных грошай, звычайнага рахунку ў беларускіх рублях і на лічбавы рахунак. У прыватнасці, законапраект пашырае правы Нацбанка па стварэнні прававой базы для лічбавага рубля, вызначае парадак работы лічбавага рахунку, устанаўлівае правілы арышту і яго зняцця, спагнання сродкаў або прыпынення аперацый па такім рахунку, а таксама рэгулюе асаблівасці плацяжоў з лічбавых рахункаў.

Цяпер дакумент дапрацоўваецца да другога чытання, і ў яго тэкст ужо ўключаны ўсе заўвагі і прапановы зацікаўленых бакоў.