Гэта чарговы этап сістэмнай работы, якая праводзіцца ўрадам па павышэнні эфектыўнасці заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель. Законапраект накіраваны на рэалізацыю даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў сферы зямельных адносін, узмацненне адказнасці мясцовых органаў улады за развіццё рэгіёнаў, а таксама ўдасканаленне парадку адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, распараджэння імі.
Праект закона, якім прадугледжаны змяненні і дапаўненні ў тым ліку ў Кодэкс аб зямлі, 3 кастрычніка быў адобраны дэпутатамі ў першым чытанні. Аднак на этапе дапрацоўкі дакумента ў Палату прадстаўнікоў паступіла каля 60 прапаноў, у тым ліку ад выбаршчыкаў, якія былі сістэматызаваны і прааналізаваны падчас пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы.
Сярод іх — пашырэнне паўнамоцтваў рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны ў сферы зямельных адносін, у тым ліку прадастаўлення магчымасці такім асобам паралельна вырашаць пытанні адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў і ажыццяўлення будаўнічай дзейнасці; карэкціроўка падстаў для ўнясення прапаноў аб узгадненні магчымасці адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў з зямель сельскагаспадарчага прызначэння і лясных зямель ляснога фонду для мэт, не звязаных з прызначэннем гэтых зямель.
Прапановы датычацца пашырэння катэгорыі асоб, якія вызваляюцца ад унясення платы за права легалізацыі зямельных участкаў пры іх самавольным захопе; замацавання магчымасці падзелу зямельнага ўчастка, прадстаўленага для будаўніцтва і абслугоўвання кватэры ў блакіраваным жылым доме, з наступнай зменай мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка; канкрэтызацыі пераліку аб’ектаў, забароненых да размяшчэння на зямельных участках, выдзеленых для будаўніцтва і (або) абслугоўвання жылога дома, абслугоўвання кватэры ў блакіраваным жылым доме, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.
Таксама абмяркоўваецца ўстанаўленне магчымасці прадастаўлення зямельных участкаў для вядзення сялянскай (фермерскай) гаспадаркі ў межах населеных пунктаў; мэтазгоднасць захавання пісьмовай формы дагавора арэнды зямельных участкаў; удакладненне падстаў фарміравання гаражных кааператываў з ліку грамадзян, якія самавольна занялі зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання гаражоў, і прадастаўлення гаражнаму кааператыву зямельнага ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання такіх гаражоў пры выкананні ўмоў легалізацыі; пашырэнне відаў пісьмовых матэрыялаў, якімі можа быць пацверджаны факт самавольнага заняцця зямельнага ўчастка, для мэт яго легалізацыі.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Іван МАРКЕВІЧ, вядзецца ўзмоцненая работа над законапраектам. «Дакумент выклікаў асаблівую цікавасць літаральна ва ўсіх: грамадзян, юрыдычных асоб, дэпутатаў, міністэрстваў і ведамстваў, — падкрэсліў парламентарый. — Вельмі шмат запытаў з месцаў, ад нашых выбаршчыкаў, якія канстатуюць, што Кодэкс аб зямлі працуе не ў поўную сілу. Я б так не сказаў, але жыццё не стаіць на месцы, таму заўсёды ёсць што ўдасканальваць. Над гэтым мы і працуем. Адбываецца бурнае абмеркаванне, але з усімі знаходзім кантакт і станоўчае рашэнне».
У другім чытанні законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін» плануюць разгледзець да канца года.
Вераніка КАНЮТА