Каб яны такімі былі, законапраектам патрэбны прафесійная юрыдычная экспертыза і прававы маніторынг
Супрацоўніцтва Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі з Палатай прадстаўнікоў пачынаецца яшчэ на стадыі падрыхтоўкі і абмеркавання прапаноў у план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на чарговы год. У працэсе падрыхтоўкі законапраектаў сумесная работа носіць больш канкрэтны і прадметны характар.
На кожнай стадыі разгляду ўнесеных у Палату прадстаўнікоў законапраектаў НЦЗПІ забяспечвае правядзенне іх абавязковай юрыдычнай экспертызы. Акрамя таго, спецыялісты цэнтра ўдзельнічаюць у дапрацоўцы праектаў законаў, абмеркаванні выказаных заўваг і прапаноў, у выніку чаго выпрацоўваюць новыя прававыя прадпісанні і іх рэдакцыі. Сярод задач Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі — афіцыйнае апублікаванне прававых актаў і распаўсюджванне прававой інфармацыі, правядзенне навуковых даследаванняў у галіне права і падрыхтоўка навуковых супрацоўнікаў вышэйшай кваліфікацыі.
Гаворачы аб унёску Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі ў заканатворчы працэс, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка на сустрэчы з калектывам цэнтра звярнуў увагу на тое, што супрацоўнікі ўстановы ажыццяўляюць кантроль за рэалізацыяй урадам і іншымі органамі заключных палажэнняў прынятых законаў. "Яшчэ адна важная ў тым ліку і для парламентарыяў функцыя — правядзенне цэнтрам прававога маніторынгу, гэта значыць аналізу і ацэнкі на аснове правапрымянення эфектыўнасці і актуальнасці норм дзеючых законаў, — дадаў Ігар Сергяенка. — Дарэчы, гэта задача з'яўляецца адной з асноўных перад дэпутатамі ў рабоце ў акругах, зносінах з выбаршчыкамі, сустрэчах з працоўнымі калектывамі".
Значнай крыніцай заканатворчасці для парламентарыяў сталі навуковыя даследаванні, якія праводзяцца НЦЗПІ. Напрыклад, даследаванне грамадзянска-прававой прыроды лічбавых правоў і лічбавай маёмасці з выпрацоўкай прапаноў па замацаванні адпаведных норм у Грамадзянскім кодэксе стымулявала правядзенне ў Палаце прадстаўнікоў у канцы мінулага года парламенцкіх слуханняў на тэму "Развіццё лічбавага права ў Рэспубліцы Беларусь".
Сур'ёзнай дапамогай у рабоце заканадаўцаў, па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, з'яўляецца і забеспячэнне цэнтрам публічнага абмеркавання праектаў законаў, іншых нарматыўных прававых актаў. Ужо стаў традыцыйным удзел кіраўніцтва, спецыялістаў цэнтра ў правядзенні навучальных семінараў па пытаннях нарматворчасці, выкарыстання прававых баз і інфармацыйных рэсурсаў.
Ігар Сергяенка асобна спыніўся на Законе "Аб нарматыўных прававых актах", які ў кулуарах называюць "канстытуцыяй нарматворцы". У цяперашні час спецыялісты НЦЗПІ рыхтуюць праект, які прадугледжвае карэкціроўку гэтага закона. Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў, ён змяшчае шэраг навацый, якія заслугоўваюць увагі. Сярод іх — інвентарызацыя нарматыўных прававых актаў, а таксама павышэнне для мэт кантрольнай дзейнасці статусу тлумачэнняў заканадаўства, дадзеных кіраўнікамі кампетэнтных дзяржорганаў.

Спікер лічыць, што ў рамках сумеснай работы над дадзеным законапраектам трэба прапрацаваць пытанне аб мэтазгоднасці перадачы функцыі кантролю рэалізацыі заключных палажэнняў прынятых законаў ад цэнтра — парламенту. Па яго словах, гэта дасць магчымасць Нацыянальнаму сходу больш эфектыўна рэалізоўваць задачы, якія стаяць перад ім у сферы заканатворчасці, і палепшыць зваротную сувязь паміж заканадаўчым і выканаўчымі органамі ўлады падчас прыняцця законаў.
16 верасня пачне работу трэцяя сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання. Ігар Сергяенка адзначыў, што задачы, якія стаяць перад парламентарыямі, на наступны перыяд дакладна вызначаны зацверджанымі кіраўніком дзяржавы Канцэпцыяй прававой палітыкі і Дырэктывай ад 2 красавіка 2025 года № 11 "Аб удасканаленні функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны".
"Таксама неабходна ўзмацніць экспертную прапрацоўку прававых ініцыятыў, выключыць замацаванне ў законах складаных, неадназначных прававых норм, лішак прававога рэгулявання і мноства актаў заканадаўства па адных і тых жа пытаннях, — звярнуў увагу спікер. — Канчатковая мэта нашай работы — гэта якаснае, эфектыўнае і, самае галоўнае, зразумелае грамадству заканадаўства, якое адпавядае актуальным запытам насельніцтва, дзяржавы".
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў