Як справіліся і хто прайграў ад закрыцця руху на граніцы ў беларуска-польскім напрамку, расказаў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір АРЛОЎСКІ ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ.
Той, хто прайграў ад закрыцця, той і выйграў ад адкрыцця, абазначыў Уладзімір Арлоўскі. «Вядома, у першую чаргу гэта польскі бок. Таксама закрыццё граніцы дрэнна дзейнічала і на транзіт, і на беларускія грузы. Вядома, адкрыццё граніцы добра для двух бакоў, і ўсё ж у першую чаргу — для польскага», — падкрэсліў ён.
Гэтыя дні не прынеслі сур’ёзнага ўрону беларускай эканоміцы, запэўніў старшыня ДМК. «Тыя грузы, якія павінны былі выйсці ў Еўропу, выйшлі. Імпарт, які чакаўся, быў некрытычны. Дзесьці такой крытычнай адсутнасці сыравіны або камплектуючых для нейкага прадпрыемства мы не назіралі. Скажам, было непрыемна, але без асаблівых наступстваў», — пракаментаваў Уладзімір Арлоўскі.
Адносна паставак кветак або іншага скорапсавальнага тавару, які не мог чакаць дзесяць сутак — два тыдні, былі прыняты аператыўныя рашэнні. «Дзе змаглі, перагрузілі ў іншыя грузавікі, якія пайшлі праз іншы напрамак. А тыя грузы, якія ў дарозе могуць знаходзіцца больш працяглы час, дачакаліся свайго перасячэння граніцы», — растлумачыў старшыня ДМК.
Абазначаючы арыенціровачныя тэрміны і прагнозы па аднаўленні сітуацыі на беларуска-польскім напрамку, дзе некалькі дзён назад рух быў адкрыты пасля двухтыднёвага перапынку, у ДМК адзначылі, што па грузавым напрамку ўсё рухаецца даволі хутка. «Магчыма (спатрэбіцца. — „Зв.“) некалькі сутак. Па легкавым так не атрымаецца: чарга будзе зніжацца, але не так хутка, як па грузавіках», — паведаміў Уладзімір Арлоўскі.
Таксама кіраўнік ведамства пракаментаваў работу польскага боку па пасажырскім патоку: ці сталі працаваць хутчэй, ці ўсё ж прытрымліваюцца прынцыпу так званай італьянскай забастоўкі, як было да гэтага. «Працуюць практычна па такім жа сцэнарыі, гэта значыць, прымаюць дзесьці палову ад прапускной здольнасці. Хацеў бы адзначыць, што ўсё роўна гэта лепш, чым працуюць літоўцы і латышы. Вось у іх насамрэч „італьянская забастоўка“, бо не больш за 100 грузавікоў прымаюць да сябе. І па легкавым напрамку таксама абмежавана», — адзначыў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Паводле ацэнкі Уладзіміра Арлоўскага, па літоўскім і латвійскім напрамках сітуацыя стабільна горшая. «Па польскім напрамку толькі закрыццё стварыла такую сітуацыю, а так рух ідзе хутчэй», — сказаў на заканчэнне ён.
Паводле БелТА