Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі ў рамках Адзінага дня інфармавання расказаў журналістам, у чым прычыны чэргаў на граніцы і што робіцца беларускай мытняй для іх мінімізацыі.
Аб прычынах чэргаў
«Сітуацыя на мяжы з чэргамі складаная. Асноўная прычына — тое, што сумежныя краіны закрылі практычна ўсе пункты пропуску для руху транспартных сродкаў. Для перамяшчэння легкавых аўтамабіляў, аўтобусаў засталося ўсяго чатыры пункты пропуску: адзін на мяжы з Польшчай, два з Літвой, адзін з Латвіяй. Натуральна, як праз вузкае рыльца, назапашваюцца транспартныя сродкі і ствараюцца чэргі. Асабліва напружаная сітуацыя ў летні перыяд, таму што да звычайных грамадзян, якія перасякаюць мяжу ў прыгранічным руху, дабаўляюцца турысты, грамадзяне былога Савецкага Саюза, якія пражываюць у краінах Еўрасаюза і прыязджаюць на радзіму», — адзначыў Уладзімір Арлоўскі.
Самыя напружаныя — выхадныя дні. Што да выезду з рэспублікі, то найбольш складаная сітуацыя назіраецца на польскім напрамку. «Чэргі дасягаюць і сутак, і двух сутак. Мы прынялі рашэнне паўгода таму, каб людзі не стаялі ў гэтых чэргах на выезд, а пасля рэгістрацыі ў электроннай чарзе маглі па сваіх пытаннях ад’ехаць і ўжо па адпаведным паведамленні прыязджаць на граніцу для перасячэння», — дадаў Уладзімір Арлоўскі.
Пры ўездзе асноўныя чэргі ўзнікаюць на польскім і літоўскім напрамках. «Тут пытанні чэргаў звязаны як з нерытмічнай падачай сумежным бокам транспартных сродкаў, так і з узмоцненым кантролем, у тым ліку беларускай мытні. Парушэнняў у дзеючых пунктах пропуску выяўляецца шмат, за суткі больш як 100. А гэта бяспека нашых грамадзян. Таму мы таксама ажыццяўляем узмоцнены тэрмін, але прадпрымаем усе меры, каб гэты кантроль не паўплываў на значнае павелічэнне тэрміну перасячэння граніцы», — адзначыў Уладзімір Арлоўскі.
Якія парушэнні выяўляюцца
У сетцы Інтэрнэт з’яўляюцца правакацыі ў дачыненні да мытных органаў. «Мы стараемся нашу работу асвятляць максімальна, каб людзі разумелі, што адбываецца, чаму адбываецца той жа ўзмоцнены кантроль», — адзначыў Уладзімір Арлоўскі.
Паводле яго слоў, толькі за апошні месяц спынена спроба ўвозу дзвюх буйных партый наркотыкаў. Адзін факт выяўлены ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» два тыдні таму — знойдзена 50 кг моцнадзейных псіхатропаў у легкавым аўтамабілі. «Вельмі складаная схованка. Прыйшлося разабраць практычна ўвесь аўтамабіль. Там жа маглі быць не толькі наркотыкі, але і ўзрыўчатка, зброя», — дадаў Уладзімір Арлоўскі.
Больш за месяц таму 100 кг наркотыкаў спрабавалі перавезці ў грузавым аўтамабілі ў пункце пропуску «Каменны Лог». У красавіку выявілі амаль 600 кг узрыўчаткі. Уладзімір Арлоўскі дадаў, што спробы парушэнняў заканадаўства, увозу забароненых тавараў рэгіструюцца пастаянна. І работа мытных службаў накіравана на гарантаванне бяспекі нашых грамадзян. «Мы практычна ўжо з 2022 года працуем ва ўзмоцненым рэжыме, і гэта дае вынік», — сказаў старшыня ДМК.
Для таго, каб мінімізаваць час на мытны кантроль, неабходнай тэхнікай узмоцнены пункты пропуску. У прыватнасці, у пункце пропуску «Варшаўскі мост» на мяжы з Польшчай да надгляднага комплексу, які скануе аўтамабілі, дадалі яшчэ адзін.
«Тое ж самае зараз робім у пункце пропуску „Каменны Лог“: дадаем яшчэ адзін сканер для машын і адзін — для багажу. Мы стараемся тэхнічнымі сродкамі мінімізаваць час праходжання граніцы. Што датычыцца асабовага складу, у нас ёсць магчымасці з улікам рэзерву пасля закрыцця іншых пунктаў пропуску. Змены ўкамплектаваны максімальна, гэтым з супрацоўнікамі праблем няма. Цяпер імкнёмся забяспечыць тэхнікай», — распавёў старшыня ДМК.
Аб спробах напружыць сітуацыю
Таксама ён пракаментаваў выпадкі, калі асобныя грамадзяне спрабуюць спецыяльна дэстабілізаваць абстаноўку, актыўна звяртаюцца да выкарыстання тэлеграм-чатаў. Адзін з апошніх: нібыта грамадзянін Літвы прастаяў на ўезд амаль суткі.

«Мы ўсе такія факты правяраем, адпаведную рэакцыю даём. Але, як правіла, такія ўкідванні — фэйкі», — падкрэсліў Уладзімір Арлоўскі.
Тым часам
Заявы Польшчы з абвінавачаннем Беларусі ў інцыдэнтах на граніцы не адпавядаюць рэчаіснасці, заявілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
«Спробы перакласці адказнасць за міграцыйны крызіс ЕС на Беларусь уводзяць у зман і не садзейнічаюць вырашэнню праблемы. Палітыка самога ЕС, уключаючы ваеннае ўмяшанне, палітычны націск і спробы змены ўрадаў, дэстабілізавала цэлыя рэгіёны, з-за чаго мільёны людзей былі вымушаны пакінуць свае дамы», — заявілі ў МЗС.
У знешнепалітычным ведамстве ўказалі на тое, што ЕС адмаўляецца канструктыўна супрацоўнічаць з краінамі паходжання мігрантаў, ігнаруючы сапраўдныя прычыны міграцыі. Пры гэтым Брусель замарозіў дыялог з Беларуссю, у тым ліку экспертныя кантакты, што фактычна спыніла сумесную працу па пытаннях граніцы і міграцыі.
«Абвінавачанні ў адрас Беларусі не дапамогуць вырашыць крызіс, які быў створаны ў Еўропе», — падкрэслілі ў МЗС.
Паводле БелТА
Фота БелТА і з адкрытых крыніц