Top.Mail.Ru

«Залатую гадзіну» медыкам з глыбінкі дапаможа захаваць высокаэфектыўнае абсталяванне

На Гомельшчыне ў Лельчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы першых пацыентаў прымае новы кабінет камп’ютарнай тамаграфіі і абноўлены рэнтген-кабінет.


Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця высокаэфектыўнага абсталявання прынялі ўдзел старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей Дылюк. 

Лельчыцкі раён — самы працяглы па тэрыторыі на Гомельшчыне і адзін з самых буйных у краіне. Аддаленасць сельскіх населеных пунктаў ад райцэнтра і Мазыра, як найбліжэйшага міжраённага пункта меддапамогі, а таксама абласнога цэнтра выклікала складанасці пры транспарціроўцы экстранных пацыентаў. Цяпер кабінет камп’ютарнай тамаграфіі і абноўлены рэнтген-кабінет дазволіць лельчыцкім медыкам аператыўна дыягнаставаць паталогіі як касцяной тканіны, так і мяккіх тканін. Пры неабходнасці непасрэдна ў раёне можна зрабіць некалькі відаў даследавання.

— Зусім нядаўна каля 600 пацыентаў з Лельчыц для пацверджання дыягназаў накіроўвалі ў Мазыр і Гомель. Сёння ўсе будуць прымацца ў райцэнтры, — на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця кабінетаў высокаэфектыўнай дыягностыкі адзначыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. 

Новы рэнтген-апарат замест класічных здымкаў дазваляе зрабіць лічбавую выяву пры мінімальным апраменьванні пацыента, забяспечвае магчымасць правядзення неабходных відаў даследаванняў. Абноўлены рэнтген-кабінет працуе ў дзве змены з 07.30 да 20.00 гадзін. Абслугоўваюць жыхароў з усяго Лельчыцкага раёна.

Устаноўлены высокадакладны камп’ютарны тамограф на 64 зрэзы айчыннай вытворчасці дае магчымасць выконваць усе неабходныя даследаванні грудной клеткі, галаўнога мозга, органаў брушнай поласці, малога таза, касцей і мяккіх тканін, пазваночніка, даследаванні. У новым кабінеце КТ спецыялісты прымаюць у сярэднім пятнаццаць пацыентаў за дзень, працуюць пяць дзён у тыдзень. 

— Мяркую, што і замацаванне маладых спецыялістаў з такім абсталяваннем у вас будзе высокім, — звярнуўся да калектыву Лельчыцкай цэнтральнай райбальніцы Іван Крупко.

Кіраўнік рэгіёна нагадаў, што за апошнія тры гады ў райбальніцу прыбылі 40 сярэдніх медыцынскіх работнікаў і сем урачоў. 

Губернатар звярнуў увагу на тое, што ў рэгіёне забеспячэнне устаноў аховы здароўя высокаэфектыўным абсталяваннем праходзіць па дакладнай спланаванай праграме. 

— На сённяшні дзень на Гомельшчыне працуюць 24 апараты КТ, чатыры МРТ і чатыры ангіёграфы. Праграма абнаўлення сістэмы аховы здароўя знаходзіцца на кантролі Кіраўніка дзяржавы, — падкрэсліў Іван Крупко.

Фота аўтара і газеты «Светлае жыццё»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю