1 верасня расчыніла дзверы для жыхароў беларускай сталіцы абноўленае аддзяленне паштовай сувязі № 107 на Партызанскім праспекце, д. 34/1. У ім можна атрымаць поўны комплекс паштовых і няпрофільных паслуг.
Сімвалічна, што рамонтныя работы скончыліся падчас 50-гадовага юбілею гэтага аддзялення. Цяпер яго інтэр’ер прыцягвае ўвагу наведвальнікаў прывабным дызайнам з добрай планіроўкай і зручнай навігацыяй па аперацыйнай зале. Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне, ёсць сістэма «Электронная чарга» з папярэднім запісам на абслугоўванне праз дадатак. А з дапамогай прылады самаабслугоўвання QR-box можна адправіць пасылкі па тэрыторыі Беларусі, папярэдне аформленыя ў асабістым кабінеце на сайце або ў мабільным дадатку РУП «Белпошта».

У аддзяленні арганізаваны тры аперацыйныя акны па прадастаўленні паслуг кліентаў і акно па выдачы паштовых адпраўленняў. Акрамя таго, выдзелена спецыяльнае аперацыйнае акно па абслугоўванні юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Але самае галоўнае — створаны ўсе ўмовы для абслугоўвання асоб з абмежаванымі магчымасцямі.
Устаноўлены спецыяльны пандус і ёсць кнопка выкліку персаналу. Інфармацыя аб рэжыме работы аддзялення прадубліравана рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля, на шкле ўваходных дзвярэй размешчаны спецыяльны знак для людзей са слабым зрокам. Распрацавана і рэалізавана спецыяльная канструкцыя аперацыйнага акна з паніжаным узроўнем бар’ера. Аддзяленне таксама абсталявана маўленчым інфарматарам, які з’яўляецца часткай гукавой навігацыйнай сістэмы «Крокі на гукі».

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўдзельнічала кіраўніцтва РУП «Белпошта».
Сяргей РУЧАНАЎ
Фота РУП «Белпошта»