Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае ў падарожжа па цікавых мясцінах Беларусі разам з яркімі творамі Сяргея Махнача. Выстаўка «З падарожжа» — гэта захапленне жывой прыродай, імкненне захаваць прыгажосць навакольнага свету з дапамогай алоўка і фарбы, перадаць непаўторную атмасферу беларускіх краявідаў.
Жывапісам Сяргей Махнач зацікавіўся яшчэ ў дзяцінстве, калі ўбачыў альбомы ў хатняй бібліятэцы. Аднак будучы мастак выбраў іншы прафесійны шлях і доўгі час працаваў у галіне менеджменту. Зноў узяў у рукі пэндзаль толькі ў 2015 годзе. Адным з першых імпульсаў адраджэння былога захаплення стала наведванне Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна ў Маскве, а таксама музея мастацтваў у Філадэльфіі (ЗША), дзе змог убачыць арыгіналы карцін яго любімых мастакоў: Поля Сезана, Вінсента ван Гога, Поля Гагена, Пабла Пікаса. На працягу некалькіх гадоў творца браў індывідуальныя ўрокі жывапісу, рысунка і кампазіцыі.
Творчасць любімых мастакоў паўплывала на стыль Сяргея Махнача. Кірунак яго работ — «постімпрэсіянізм», дзе праз тэкстуру і колер мастак спрабуе перадаць супярэчлівы свет пачуццяў. Жывапісец працуе ў жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта і абстракцыі. Асноўныя тэхнікі — алей, акрыл, акварэль і каляровыя алоўкі. З 2016 года ўдзельнічае ў выстаўках у Беларусі і за мяжой.
Праект «З падарожжа» — гэта незвычайны дзённік, падарожныя нататкі майстра ў жывапіснай форме. Сяргей Махнач шмат вандруе па Беларусі і па іншых краінах свету, а свае ўражанні, цёплыя ўспаміны і цікавыя гісторыі захоўвае на палотнах.
У экспазіцыі прэзентуюцца работы, выкананыя алеем і акрылам, а таксама шматлікія малюнкі каляровымі алоўкамі, частка з якіх была створана непасрэдна падчас падарожжаў. Іх аўтар цэніць не менш, чым работы на палатне, бо яны ўяўляюць сабой жывую гісторыю.
Натхненне мастак шукае ў прыродзе, у добрых лю-дзях і ва ўспамінах пра падарожжы. Яго творы напоўнены мяккім унутраным светам, які зачароўвае гледачоў і адкрывае ім новыя грані нязведаных сусветаў.
У экспазіцыі наведвальнікаў чакаюць работы, створаныя пасля падарожжаў аўтара: «Узыход сонца. Раніца ў Крыжоўцы» (2019), «Цёплы жнівень у Крыжоўцы. Вечарэе» (2019), «Крыжоўка. Вялікі краявід» (2021), «Дом у Крыжоўцы» (2021), «У вёсцы Мар’іна» (2021), «Стамбул» (2022), «Шры-Ланка. Сям’я Сарата з вёскі Куда Васкадува» (2020) і інш.
Праз яркія колеры і фактурныя вобразы, працуючы ў лепшых традыцыях постімпрэсіянізму, аўтар надае творам складаную эмацыянальную афарбоўку, прапануе па-іншаму зірнуць на класічныя жанры жывапісу і блізкія сэрцу краявіды. На работах Сяргея Махнача час спыніўся, і карціны з такімі простымі, але цёплымі назвамі, як «Шчаслівы дзень» (2021), «Дзень, поўны эмоцый» (2024), «Вялікія кветкі» (2021), «Светлы дзень» (2024), запрашаюць гледачоў адчуць унутраны спакой і вечную гармонію.
Прыцягваюць увагу і алоўкавыя замалёўкі майстра, створаныя па матывах літаратурных і жывапісных твораў замежных аўтараў: «Малюнак па матывах карціны М. К. Чурлёніса „Ноч. IV“» (2024), «Малюнак па матывах карціны М. К. Чурлёніса „Стварэнне свету. ІІ“» (2024), «Партрэт Уорэна з апавядання Г. К. Чэстэртана «Цуд „Паў-месяца“» (2024), «Фарсайты» (2024).
Акрамя жывапісу Сяргей Махнач зацікавіўся літаратурай. Свой жыццёвы досвед, уражанні з вандровак ён перадае не толькі праз карціны, але і праз прозу. Творца выдаў дзве кнігі ў розных жанрах: дарожныя нататкі з розных краін і дэтэктыўнае апавяданне з аўтарскімі ілюстрацыямі.