Новаўвядзенне прадугледжана законапраектам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб энергазберажэнні», які знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў. Дакумент, ініцыяваны і распрацаваны Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі, падрабязна абмеркавалі на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці.
Як патлумачыла старшыня Дзяржстандарта Алена МАРГУНОВА, час ідзе, прымаюцца новыя дакументы, спрашчаюцца пэўныя адміністрацыйныя працэдуры. Прыняцце кропкавых рашэнняў, па яе словах, у тым ліку абумоўлена прынятымі дакументамі ўрада, Кодэксам аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці.
Па-першае, законапраект прадугледжвае спрашчэнне адміністрацыйнай працэдуры па нормах расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) для юрыдычных асоб. На цяперашні момант парадак па ўстанаўленні норм расходу ПЭР для дзяржаўных арганізацый ускладнены ў параўнанні з арганізацыямі недзяржаўнай формы ўласнасці.
Як патлумачыў член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Антон КАРАНКЕВІЧ, пасля ўнясення змяненняў дзяржаўным арганізацыям праходзіць працэдуру ўзгаднення не патрабуецца. «Будзе прадугледжана толькі ўстанаўленне норм расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў, — канкрэтызаваў дэпутат. — Гэта мера, як плануецца, дазволіць знізіць нагрузку на дзяржаўныя органы».
Па-другое, выключаецца ацэнка энергетычнай эфектыўнасці аб’ектаў будаўніцтва ў якасці самастойнай дзяржаўнай экспертызы праектнай дакументацыі. Прадугледжваецца яе ажыццяўленне пры правядзенні дзяржаўнай будаўнічай экспертызы горадабудаўнічых праектаў. Гэты падыход дазволіць пазбавіцца ад множнасці паняццяў у адносінах дзяржаўнай экспертызы, скараціць інвестыцыйныя тэрміны будаўніцтва, што таксама прывядзе да скарачэння выдаткаў на будаўніцтва аб’ектаў.
«Гэта аб’яднанне двух відаў экспертыз: будаўнічай і экспертызы па энергаэфектыўнасці, — патлумачыла Алена Маргунова. — Такая навацыя патрэбна для таго, каб спрасціць, унесці дакладнасць, яснасць у іх правядзенне, а таксама замацаваць усе гэтыя работы за нашым даччыным прадпрыемствам «Галоўдзяржбудэкспертыза».
Вераніка КАНЮТА