Гэтымі днямі саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, які адбыўся ў кітайскім Цяньцзіне, а таксама мерапрыемствы з нагоды 80-годдзя Перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэння Другой сусветнай вайны ў Пекіне былі галоўнымі інфармацыйнымі нагодамі ўсіх сусветных СМІ. За падзеямі пільна сачылі на Захадзе: зразумела, іх ацэнкі істотна адрозніваюцца ад экспертнай супольнасці краін ШАС. Аднак і тыя, і іншыя сышліся ў адным: аднапалярны свет застаўся ў мінулым. Шматпалярнасць — гэта ўжо не проста будучыня, а сучаснасць. Аб гэтым неаднойчы казаў і Аляксандр Лукашэнка, які, як вопытны палітык, ніколі не памыляецца.
«Лідар Кітая Сі Цзіньпін старшынстваваў на маштабным ваенным парадзе ў Пекіне, на якім былі прадстаўлены знішчальнікі, ракеты і войскі, якія маршыруюць страявым крокам. Ён выступіў з дзёрзкім папярэджаннем у адрас сапернікаў, заклікаўшы іх не кідаць выклік суверэнітэту яго краіне. Яго пасланне было падтрымана лідарамі, якія сабраліся побач з ім. Яны прадстаўлялі дзяржавы, якія кінулі выклік амерыканскаму дамінаванню ў сусветным парадку дня ці паставілі яго пад сумненне».
The New York Tіmes (ЗША).
«Сусветная гісторыя ўсё больш пішацца дзесьці яшчэ — за межамі Захаду, і некаторыя яе главы цяпер недаступныя еўрапейцам».
Le Fіgaro (Францыя).
«На гэты раз саміт ШАС быў арыентаваны на канкрэтныя дзеянні. Мы бачым, як ідэі ўвасабляюцца ў інстытуты, абяцанні фінансавання пазначаны чорным па белым, а асноўныя гульцы ідуць прама, а не кружаць па далёкіх пакоях».
The Economіc Tіmes (Індыя).
«Беларусь на фоне пагаршэння адносін з Захадам усё больш умацоўвае сувязі з незаходнімі краінамі — Кітаем і Расіяй. Лукашэнка падкрэсліў, што ШАС па праве лічыцца адной з найбольш прадстаўнічых і ўплывовых міжнародных арганізацый у Еўразіі, а таксама заявіў, што імкненне новых дзяржаў далучыцца да аб’яднання цалкам заканамернае».
SWІ (Швейцарыя).
«Кітай гатовы з беларускімі партнёрамі ажыццяўляць сапраўдную шматбаковасць дзеля міру, развіцця, супрацоўніцтва і ўсеагульнага выйгрышу ў свеце, паколькі чалавецтва зноў знаходзіцца на ростанях, заявіў у нядзелю старшыня КНР Сі Цзіньпін у ходзе сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Сі Цзіньпін адзначыў, што кітайскі і беларускі народы змагаліся плячо ў плячо, унеслі важкі гістарычны ўклад у разгром мілітарызму і фашызму, змацавалі непарушнае сяброўства. Паводле яго слоў, бакам трэба аказваць адзін аднаму рашучую падтрымку па пытаннях, якія датычацца ключавых інтарэсаў і актуальных заклапочанасцяў. Трэба і далей ажыццяўляць высакаякаснае супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы „Пояс і шлях“, умацоўваць спалучэнне стратэгій развіцця, бесперапынна культываваць яркія моманты і кропкі росту».
«Жэньмінь жыбаа анлайн» (КНР).
«Сі Цзіньпін прыняў у Цяньцзіне дзясяткі лідараў, імкнучыся ўзвысіць групы, дзе дамінуе глабальны Поўдзень, узначалены Кітаем, над такімі заходнімі аб’яднаннямі, як НАТА. Шматгадовай кампаніі спрыялі гандлёвыя пошліны і нестабільная палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, што абвастрыла адносіны як з саюзнікамі, так і з сапернікамі. Але менавіта беспрэцэдэнтная выява трох аўтарытарных лідараў (Уладзіміра Пуціна, Сі Цзіньпіна і Кім Чэн Ына. — „Зв.“), якія гутараць і паціскаюць рукі падчас праходу па чырвонай дарожцы на пляцы Цяньаньмэнь у сераду, стаў наймацнейшым сігналам непадпарадкавання Захаду».
The Guardіan (Вялікабрытанія).
«Беларусь афіцыйна стала 10-м членам ШАС на леташнім саміце ў Астане. У чэрвені Сі Цзіньпін прыняў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў рэзідэнцыі Чжунаньхай у Пекіне. Падчас візіту Лукашэнка заявіў Сі Цзіньпіну, што ён сапраўды адчуў глыбокае сяброўства, аказанае кітайскім бокам. Гэта толькі адзін з прыкладаў рэгулярных кантактаў Сі Цзіньпіна з лідарамі краін ШАС. З 2023 года ён дзясяткі разоў сустракаўся з лідарамі дзяржаў — членаў ШАС — ці на палях самітаў арганізацыі, ці на іншых шматбаковых сустрэчах, ці падчас іх візітаў у Кітай. Гэтыя сустрэчы на высокім узроўні не толькі ўмацавалі каардынацыю ўнутры арганізацыі, але і садзейнічалі ўстанаўленню больш цесных асабістых адносін паміж яе лідарамі».
Іnternews Pakіstan (Пакістан).
«Форум (саміт ШАС. — „Зв.“) з’яўляецца ключавым элементам кампаніі Кітая па заваяванні статусу надзейнага партнёра і супрацьдзеяння непрадказальнасці ЗША ва ўмовах усё больш шматпалярнага свету. У прыватнасці, прысутнасць Модзі (яго першы візіт у краіну за сем гадоў) з’яўляецца важнай вяхой у спробах Пекіна наладзіць адносіны з уплывовым партнёрам ЗША, адхіленым з-за пошлін Трампа».
The Washіngton Post (ЗША).
«Кітай, Беларусь і Індыя ўмацоўваюць саюзы на саміце ШАС у Цяньцзіне. Сі Цзіньпін умацоўвае адносіны з Лукашэнкам і Модзі, дэманструючы сяброўства і стратэгічнае ўзаемадзеянне перад глабальнымі выклікамі».
La Vanguardіa (Іспанія).
«Гэта відовішча (парад у Пекіне. — „Зв.“) прадэманстравала вобраз вялікай дзяржавы, які Сі Цзіньпін хоча паказаць свету, і паслужыла перасцярогай ЗША і Еўропе не спрабаваць пярэчыць Кітаю. Антызаходні настрой узмацняўся прысутнасцю паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, якія стаялі на трыбуне побач са старшынёй КНР, назіраючы за парадам. Раней на гэтым тыдні Сі Цзіньпін прадэманстраваў цёплыя адносіны з Пуціным і іншымі замежнымі лідарамі ў кітайскім партовым горадзе Цяньцзінь на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Праз гэты блок Кітай імкнецца дасягнуць сваіх стратэгічных мэт».
The Wall Street Journal (ЗША).
«Форум (саміт ШАС. — „Зв.“) з’яўляецца ключавым элементам кампаніі Кітая па заваяванні статусу надзейнага партнёра і супрацьдзеяння непрадказальнасці ЗША ва ўмовах усё больш шматпалярнага свету. У прыватнасці, прысутнасць Модзі (яго першы візіт у краіну за сем гадоў) з’яўляецца важнай вяхой у спробах Пекіна наладзіць адносіны з уплывовым партнёрам ЗША, адхіленым з-за пошлін Трампа».
The Washіngton Post (ЗША).
«Ад мадэрнізаванай ядзернай ракеты з амаль глабальнай далёкасцю дзеяння да лазераў СПА, гіпергукавой зброі і марскіх беспілотнікаў, якія могуць авалодаць найбліжэйшымі марамі, Кітай паслаў шырокі сігнал стрымлівання, правёўшы ў сераду найбуйнейшы ў сваёй гісторыі ваенны парад. Кітай, магчыма, таксама імкнецца прадэманстраваць малым краінам, што цяпер ён выступае „гарантам міру“ на фоне сумненняў адносна палітычнай, дыпламатычнай і ваеннай ролі ЗША ва ўсім свеце. У прыватнасці, новыя тарпедападобныя беспілотнікі і комплекс гіпергукавой трыяднай зброі будуць уяўляць сур’ёзную пагрозу для Злучаных Штатаў і іх партнёраў».
Reuters (Вялікабрытанія).
Вераніка КАНЮТА