Якія культуры на прысядзібным участку можна ўгнойваць кампостам з восені, а для якіх лепш пакінуць падкормку на вясну, у эфіры тэлеканала АНТ расказаў садоўнік Дзмітрый Кастрыцкі, паведамляе БелТА.
Спецыяліст падкрэсліў, што кампостам называецца арганічнае ўгнаенне, прыгатаванае з раслінных рэшткаў — скошанай травы, пустазелля, якія засталіся пасля праполкі градак, апалай лістоты. «Усё складзіруецца ў кучу, арганіка там пераправае, перапрацоўваецца чарвякамі і глебавымі мікраарганізмамі, і атрымліваецца рассыпістае арганічнае ўгнаенне», — сказаў ён, адзначыўшы, што такую падкормку для градак і саду можна ўносіць як восенню, так і вясной.
«Перад надыходам халадоў кампостам можна замульчыраваць прыствольныя кругі пладовых дрэў і ягадных кустоў. Кампост будзе служыць добрым уцяпленнем для каранёвай сістэмы, а таксама выдатным сілкаваннем на ўвесь наступны сезон. Таксама кампост можна выкарыстоўваць на агародзе, асабліва для мульчыравання міжраддзяў клубніц», — патлумачыў садоўнік.
Ён рэкамендуе на квадратны метр браць прыкладна 10 л кампосту. Акрамя таго, такое арганічнае ўгнаенне можна ўносіць на градкі, якія будуць перакопвацца пад пасадку азімай цыбулі і часнаку, тут прапорцыі такія ж, як і пры мульчыраванні клубніцы.
Дзмітрый Кастрыцкі раіць разнесці кампост па агародзе, раскласці па паверхні градак і пакінуць, нічога не перакопваючы. «За зіму пажыўныя рэчывы пранікаюць у глебу, яна насычаецца рознымі мікра- і макраэлементамі, а затым вясной я раблю перакопку. Кампост паляпшае структуру глебы, пры яго даданні яна становіцца больш рыхлай, лёгкай, да каранёў лепш паступаюць вільгаць і кісларод», — расказаў ён.
Пры выкарыстанні кампосту ёсць нюансы, якія варта ўлічваць садоўнікам і агароднікам. «Калі ў вас глеба лёгкая, пясчаная, то кампост лепш уносіць вясной. Такая глеба прапускае ўсе пажыўныя рэчывы ў больш глыбокія пласты, яны папросту вымываюцца, — акцэнтаваў Дзмітрый Кастрыцкі. — На глебах больш цяжкіх, гліністых кампост можна ўносіць у восеньскі перыяд. Кампост падыходзіць практычна пад усе культуры — як пад агароднінныя, так і пладова-ягадныя. Але ёсць культуры-выключэнні — гэта буякі, брусніцы і журавіны, а таксама дэкаратыўныя культуры, напрыклад, рададэндраны. Пад іх кампост не ўносіцца, яны не любяць арганікі. Справа ў тым, што кампост можа глебу падшчалочваць, а гэтыя культуры любяць кіслую глебу, пад іх лепш уносіць кіслы торф».