Ад становішча спраў на сяле ў многім залежаць дабрабыт нашых людзей, узровень харчовай бяспекі і ў выніку сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне. Людзі перш за ўсё павінны быць накормлены, апрануты — словам, жыць нармальна. Тады і будзе сацыяльна-эканамічная бяспека. У многім гэтаму спрыяе сельская гаспадарка. Сёння стаіць задача рухацца далей, зрабіць дзейнасць сельскагаспадарчай галіны больш устойлівай, а яе развіццё — прагрэсіўным.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці сяла і павышэнні эфектыўнасці галіны. 16 красавіка 2024 года.
Гэтым разам гаворка пойдзе пра гаспадарку па сучасных мерках зусім невялікую, па плошчы далёкую ад цяперашніх гігантаў галіны — ААТ «Мурава» Пружанскага раёна. Прадпрыемства трывала стаіць на нагах, устойліва развіваецца, яго работнікі атрымліваюць прыстойную зарплату, бачаць перспектыву, маюць магчымасць паляпшаць свае жыллёвыя ўмовы. Вёскі, якія ўваходзяць у склад ААТ, выглядаюць па-сучаснаму.
ААТ «Мурава» займаецца вытворчасцю элітнага насення збожжавых культур, цукровых буракоў, алейнага насення рапсу, а таксама малака і адпаведна — кармоў. Гаспадарка дакладна рэагуе на патрабаванні рынку, тут укараняюць новыя тэхналогіі, развіваюць новыя вытворчасці.
Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Мурава» Аляксандр Маркечка гаворыць:
— Каб вытворчасць развівалася, працягваем купляць новую тэхніку, абнаўляем парк. У тэхнічным парку стаўку робім на тэхабслугоўванне машын і механізмаў. Належнае і якаснае тэхабслугоўванне — самы танны і надзейны спосаб утрымання тэхнікі. Сэканоміш на гэтым — страціш на бясконцых пакупках запчастак. Ды і больш праслужыць любая машына, калі яе даглядаць па-гаспадарску.
— Працягнем будаўніцтва, — расказвае кіраўнік. — У канцы мінулага года запусцілі праект на ўзвядзенне новай сянажнай траншэі, хутка пачнём будаўніцтва. На стадыі завяршэння знаходзіцца праект будаўніцтва памяшкання для ўтрымання маладняку на жывёлагадоўчым комплексе. Для поўнага цыкла выгадоўвання — ад маленькага цяляці да каровы — у нас не хапае аднаго будынка. Сёлета плануем яго ўзвядзенне.
Варта сказаць, што ў «Мураве» многае робіцца сваімі сіламі. Ёсць будаўнічая брыгада. Калі трэба абсталяваць склад, адрыну для сена, зрабіць вароты альбо лаўкі каля фермы, правесці афармленне таго ці іншага аб’екта, тут спраўляюцца самастойна. Бо прыцягнуць да ўказанай работы староннюю спецыялізаваную арганізацыю абыдзецца ў разы даражэй.
— У галіне раслінаводства на першы план выходзіць дакладнае захаванне тэхналогій і беражлівае стаўленне да зямлі, — працягвае дырэктар. — На дапамогу чалавеку прыйшла разнастайная тэхніка. Але ж нязменным застаецца адно — сумленнасць працаўніка, шчырасць у адносінах да зямлі, а яшчэ дакладны эканамічны разлік. Пералічанае ўяўляе сабой галоўныя прынцыпы гаспадарання, якія склаліся на працягу дзесяцігоддзяў дзякуючы нашым папярэднікам. А мы, цяперашняе пакаленне працаўнікоў, падтрымліваем традыцыі, на іх аснове развіваем вытворчасць, рэалізоўваем новыя ідэі.