Top.Mail.Ru

Запатрабаваны не толькі смачныя, але і карысныя ды функцыянальныя прадукты

Беларуская харчовая прадукцыя вядома ва ўсім свеце і вызначаецца найперш нязменна высокай якасцю. Тавары беларускіх вытворцаў пастаўляюцца ў больш чым сто краін свету. Малочная прадукцыя, напрыклад, экспартуецца ў 55 краін свету, мясная — у 25. Доля харчовых тавараў у экспарце краіны ўжо перавысіла 25 %. Цэніць свае прысмакі і айчынны спажывец. Па ўжыванні натуральнамалочнай прадукцыі беларусы знаходзяцца на першым месцы ў свеце. І такога выніку ўдалося дасягнуць дзякуючы таму, што асартымент «малочкі» на паліцах як нідзе разнастайны. Эксперты расказалі, якія трэнды ў харчаванні падхопліваюць айчынныя вытворцы і чаго сёння хоча спажывец, а таксама якімі інавацыйнымі прадуктамі парадуюць у найбліжэйшы час нашы прадпрыемствы.


Без лактозы, цукру і з высокім утрыманнем бялку

Тэхнічнае перааснашчэнне вытворчых участкаў і стварэнне новых вытворчасцяў адбываецца ў адпаведнасці са спажывецкім попытам.

— Спажывец сёння патрабавальны, шмат увагі ўдзяляе здароваму і функцыянальнаму спецыялізаванаму харчаванню. І вытворца прапаноўвае не проста традыцыйныя тавары на ўнутраны рынак, але і тыя, якія нацэлены на пэўныя катэгорыі спажыўцоў: па ўзроставых, групах здароўя і інш. Вырабляецца ў нас, напрыклад, спецыялізаваная прадукцыя — сухія сумесі — для анкахворых, якія лечацца ў стацыянары, — расказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Марыя КЛІМАВА.

Апошнім часам істотнымі тэмпамі прырастае вытворчасць безлактознай прадукцыі для людзей, якія маюць яе непераноснасць. І калі пару гадоў таму ў краіне быў адзін вытворца безлактознай малочнай прадукцыі, летась — ужо пяць, а сёння іх восем. Яны вырабляюць не толькі безлактозныя малако і кефір. Ужо з’явіліся безлактозныя марожанае, сыры, масла, тварожныя сыркі, смятана. Высокім попытам такая прадукцыя карыстаецца і ў краінах азіяцкага рэгіёна. Калі вытворчасць традыцыйнай малочнай прадукцыі ў год прырастае на 3–5 %, то безлактознай — на 8–9 %.


Яшчэ адзін сучасны трэнд, які асвоілі нашы вытворцы, — прадукцыя з высокім утрыманнем бялку. І гэта не толькі ўсім вядомы грэчаскі ёгурт, у апошнія гады з’явіліся розныя напоі, марожанае з высокім утрыманнем бялку. Больш за тое, на рынак выйшлі прадукты на стыку двух сегментаў: безлактозныя і з высокім утрыманнем бялку. І такая прадукцыя ўжо сёння шырока прадстаўлена і карыстаецца попытам не толькі ў звычайных спажыўцоў, але і ў спартсменаў, людзей пажылога ўзросту і тых, хто аддае перавагу здароваму харчаванню, у хворых, якім прапісана дыета з высокім утрыманнем бялку.

Асвойваюць вытворцы і яшчэ адзін папулярны ў спажыўцоў від — прадукты без дабаўленага цукру. Гэта ёгурты, тварожныя сыркі, якія маюць у сваім складзе прыродны цукар. Нягледзячы на тое, што многія беларусы любяць як салёную, так і салодкую прадукцыю, ёсць катэгорыі насельніцтва, у якіх запатрабаваны і такія дэсерты.

Сёння ва ўсім свеце набірае абароты выраб функцыянальнага харчавання, і беларускія прадпрыемствы рэалізоўваюць новую стратэгію развіцця. У прыватнасці, у ёй абазначаны асноўныя трэнды на наступнае дзесяцігоддзе. Гэта вытворчасць высокамаржынальнай запатрабаванай прадукцыі з інавацыйным складнікам — канцэнтратаў сыроватачных бялкоў і канцэнтратаў малочных бялкоў (лактаферын і абязводжаны малочны тлушч). Такія кампаненты запатрабаваны ў харчовых вытворчасцях, калі прадукты абагачаюцца бялком. Гэта спартыўнае харчаванне, клінічнае харчаванне для пацыентаў, якія знаходзяцца ў стацыянарах, харчаванне для дзяцей ранняга ўзросту. Гэтыя прадукты прырастаюць вялікімі тэмпамі — па 11–17 % за год.

Як патлумачыла Марыя Клімава, праект па вытворчасці лактаферыну, а гэта высокатэхналагічны прадукт, вельмі складаны, будзе рэалізоўвацца ў Мінскай вобласці. Гэта прэміяльны кампанент, запатрабаваны не толькі ў дзіцячым харчаванні, але і ў касметалогіі, пры вытворчасці БАДаў. А вось канцэнтраты сыроватачных бялкоў заводы пачалі ўжо вырабляць, а ў найбліжэйшай будучыні з’явяцца і новыя вытворцы.


Прэміяльныя сыры і экзатычныя цукеркі

Па праве ганарыцца наша краіна можа сыраробставам. Сыры займаюць 40 % у перапрацоўцы малака. А Беларусь выйшла на 4-ю пазіцыю ў свеце па экспарце гэтага прадукту. У нашай краіне вырабляецца іх каля 395 найменняў. Гэта не толькі традыцыйная група галандскіх, расійскіх, пашахонскіх сыроў, якія па-ранейшаму займаюць значную долю ўнутранага рынку. У асартыменце — цвёрдыя элітныя сыры, якія маюць тэрмін саспявання ад 6 месяцаў, а таксама сыры групы «Пармезан». Палюбіліся спажыўцу сыры з рознымі напаўняльнікамі: як традыцыйнымі журавінамі і пажытнікам, водарам таплёнага малака, так і грыбамі і каштанам, труфелем. У гэтым кірунку сыраробства будзе развівацца і далей. Развіваецца і сегмент сыроў тыпу чэдар і грыль.

Не адстае і кандытарская галіна. Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па вытворчасці прадуктаў харчавання канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ксенія ГЕРШОНЧЫК, сёння спажыўца прывабліваюць цукеркі з экзатычнымі смакамі: ананаса, манга, маракуі. Прапаноўваюцца і зусім экзатычныя — напрыклад, са смакам... кактуса. Пашыраюцца лінейкі кандытарскіх батончыкаў. Незвычайныя смакі і ў іншых кандытарскіх вырабах. Вытворцы асвоілі зефір са смакам бела-колы, а халва вырабляецца не толькі з мятай, перцам і соллю, какавай, але і са смакам... шкварак і цыбулі! Пашыраецца і лінейка жавальных цукерак, батончыкаў мюслі і высокабялковых батончыкаў. Цікавыя прадукты прапаноўваюць і вытворцы іншых галін: напрыклад, рапсавы алей са смакам праванскіх траў.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю