«Дзед Мароз, я хачу дадому»... Амаль усе выхаванцы Дзіцячага дома горада Віцебска дзеляцца такімі запаветнымі жаданнямі з навагоднім чараўніком
Выканаць гэтыя мары не па сілах арганізацыям, спонсарам ці грамадскасці. Аднак парадаваць рабят падчас акцыі «Нашы дзеці» падарункамі, прысмакамі, карнавалам, карагодамі і песнямі пад ёлкай могуць многія, таму так ажыўлена ў перадсвяточныя дні ў асаблівым доме на віцебскай вуліцы Свідзінскага.
Адным з першых візіт дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, нанёс старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка. Ён азнаёміўся з умовамі пражывання непаўналетніх, уручыў адміністрацыі сертыфікат на пральную машыну, а кожнаму дзіцяці — вялікі салодкі падарунак. Галоўная частка праграмы — святочны ранішнік, да якога дзеці рыхтаваліся з хваляваннем, каб прадэманстраваць госцю творчыя здольнасці і падарыць свята. Цяжка сказаць, хто атрымаў ад нязмушаных зносін большую асалоду — дзеці ці госці.
— «Нашы дзеці» — добрая, душэўная акцыя, яна падарожнічае па Беларусі ўжо многа гадоў, — падкрэсліў Раман Галоўчанка. — Самае галоўнае, што мы спрабуем неяк кампенсаваць ці дадаць дзецям тое, што яны не атрымалі ў сваіх біялагічных сем’ях. Таму ў гэтыя перадсвяточныя дні ў дзіцячых дамах, замяшчальных сем’ях вельмі многа гасцей з падарункамі. Вельмі многа яркіх прыкладаў, калі дзеці са спецыялізаваных устаноў вырастаюць паўнавартаснымі грамадзянамі нашай краіны, дасягаюць поспехаў у рабоце і вучобе. Але мы павінны імкнуцца да таго, каб кожнае дзіця было ў сям’і. На гэта накіраваны цэлы комплекс мерапрыемстваў, якія праводзіць дзяржава.
Дзіцячы дом знешне нагадвае вялікі садок з асобнымі групамі, дзе ўладкаваны асобныя памяшканні з гульнявымі пакоямі, спальнямі, класамі самападрыхтоўкі, санітарнымі блокамі для дзяцей розных узроставых катэгорый. У памяшканні старэйшых дзяўчынак абсталявана кухня-сталовая, дзе яны асвойваюць кулінарныя азы. У кожнага дзіцяці ёсць свая шафа, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы. Ёсць агульная сталовая, актавая зала, фізіятэрапеўтычны кабінет і нават басейн. Усюды цёпла і ўтульна. Арганізавана пяціразовае збалансаванае харчаванне. Дзеці знаходзяцца на поўным дзяржаўным утрыманні, сытыя, адзетыя і абутыя не горш за іншых равеснікаў, абароненыя і абагрэтыя. Пра іх клапоцяцца 29 педагогаў і 45 чалавек тэхнічнага персаналу. Паміж імі складваюцца цёплыя адносіны. Здавалася б, ёсць усё. Акрамя таты і мамы, акрамя дома, сямейнага ачага.
Зараз у самым густанаселеным дзецьмі доме ў Віцебску жывуць 90 юных віцябчан ва ўзросце ад трох да 18 гадоў. Не ўсе яны маюць статус сірот — ёсць адабраныя ў бацькоў на тэрмін да паўгода. Гэтыя шэсць месяцаў даюць дарослым, каб перагледзець свае адносіны да жыцця, адмовіцца ад заганаў, працаўладкавацца, наладзіць быт і зрабіць выбар на карысць сваіх крывінак.
За 2025 год у дзіцячы дом паступіла 180 дзяцей. 24 з іх вярнулі ў біялагічныя сем’і, 28 уладкавалі ў замяшчальныя, у тым ліку 10 малых усынавілі (удачарылі). Большы шанц на такое ўладкаванне маюць дзяўчынкі, асабліва дашкольнага ці малодшага школьнага ўзросту.
— Як толькі непаўналетні паступае да нас і атрымлівае статус дзіцяці, якое мае патрэбу ў абароне з боку дзяржавы, мы пачынаем шукаць для яго бацькоў, — паведамляе дырэктар дзіцячага дома Крысціна Іванова. — Я пераканана: якія б выдатныя ўмовы мы не стваралі, кожнае дзіця заслугоўвае жыць менавіта ў сям’і.
Аднаго парыву душы бывае недастаткова, каб забраць дзіця да сябе назаўсёды. Больш за тое, гэта неабачліва. Дарослым трэба ўсведамляць: у іх будзе шмат доўгай работы, якая патрабуе маральных, фізічных і матэрыяльных укладанняў. На жаль, большасць выхаванцаў у той ці іншай ступені педагагічна запушчаныя, амаль няма абсалютна здаровых. Тым не менш, для сірот знаходзяцца дабрачынцы, якія за ўласныя сродкі бяруцца за іх медабследаванне і лячэнне, набываюць сродкі рэабілітацыі, неабходныя развівальныя гульнявыя комплексы. Валанцёры арганізоўваюць работу спартыўных секцый і клубаў па інтарэсах прама ў дзіцячым доме, экскурсіі за межы роднага горада і паходы ў яго ўстановы культуры. Не бывае ні малой, ні залішняй дапамогі, але сапраўдным поспехам педагогі лічаць, калі дзіця пакідае дзіцячы дом.
— Не так даўно ў апякунскую сям’ю забралі 14-гадовую Олю, — успамінае Крысціна Іванова. — Тады яна з палёгкай выдыхнула: «Нарэшце я дачакалася!» Яна ніколі не гаварыла пра сваю мару ўголас, але цярпліва чакала больш за два гады. Пакуль у нас застаецца яе малодшая сястрычка Ксюша, дзяўчынцы трэба зрабіць трэцюю аперацыю — і яе таксама забяруць да сябе Оліны апекуны.
З захапленнем дырэктар расказвае пра надзейных памочнікаў — падлеткаў Мацвея і Дзяніса. Маўляў, самі шукаюць працу: дапамагаюць у яблыневым садзе, з дробным рамонтам, пастаянна ўвіхаюцца каля вадзіцеля службовай машыны. Ім бы такія сем’і, дзе тата — гаспадар з рукамі, — было б каму перадаць свае навыкі. І далей перагляд фатаграфій сястрычак Евы і Сафіі, сціплага Святаслава, ласкавай Лізачкі, прыгажунькі Міраславы, іншых дзетак... Яны чакаюць і пішуць лісты Дзеду Марозу: «Я хачу дадому!»
Па запэўніванні Крысціны Івановай, ніводнае дзіця не застаецца ў «казённым доме», трапляючы ў яго ў трохгадовым узросце, да паўналецця. Гэтаму садзейнічае праект «Вочы ў вочы»: праз інтэрнэт-пляцоўкі патэнцыяльныя мамы і таты могуць пазнаёміцца з дзіцем, затым наведаць яго і... Хто ведае? Магчыма, шчасце ўсміхнецца дарослым і дзіцяці. Цуды ж здараюцца. Асабліва пад Новы год.
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц