Top.Mail.Ru

Запрашэнне вярнуцца да вытокаў. Старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба расказаў аб старце новага маштабнага праекта

Праект Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «Спорт для ўсіх» вядомы ўжо многім. Тысячы беларусаў пад адкрытым небам і ў любое надвор’е займаліся фітнесам, удзельнічалі ў забегах, гулялі ў шахматы. Конкурс-марафон «Спорт і Двор» — новы маштабны праект клуба — таксама абяцае стаць яркай спартыўна-медыйнай падзеяй. Аб мэтах праекта, яго асаблівасцях і аб тым, што чакае ўдзельнікаў расказаў старшыня Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Лукашэнка, паведамляе БелТА.


— Дзмітрый Аляксандравіч, як узнікла ідэя праекта «Спорт і Двор»?

— З 2021 года Прэзідэнцкі спартыўны клуб пры садзейнічанні мясцовых улад рэалізуе рэспубліканскі праект «Спорт для ўсіх». Мы будуем шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі. Па ўсёй краіне іх ужо больш за 180. Цяпер мы хочам, каб гэта інфраструктура працавала на поўную магутнасць. «Спорт і Двор» — гэта спроба стварыць магутны стымул для заняткаў спортам на свежым паветры. Мы хочам паказаць: спорт можа быць яркім і займальным для кожнага, незалежна ад узросту і падрыхтоўкі. Наша мэта — матываваць людзей выходзіць з дому, выкарыстоўваць сучасныя пляцоўкі і ўмацоўваць здароўе.

— Назва «Спорт і Двор» гучыць вельмі знаёма, па-роднаму цёпла. Чаму вы выбралі менавіта яе?

— Мы доўга шукалі фармулёўку, якая адлюстроўвала б філасофію праекта. «ДВОР» — гэта цэлы сусвет для многіх беларусаў. Гэта сімвал дзяцінства, першых гульняў і першых перамог. Гэта не проста тэрыторыя каля дома, а ўсё прывычнае асяроддзе: паркі, скверы, стадыёны. Гэта нешта роднае і блізкае. «СПОРТ» — гэта рух, дысцыпліна і самаўдасканаленне. Мы хочам падкрэсліць: займацца спортам можна не толькі ў фітнес-клубах, але і непасрэдна тут, побач з домам. Таму такая назва — гэта запрашэнне вярнуцца да вытокаў, успомніць радасць дзіцячых гульняў, але займацца спортам ужо на новым, сучасным узроўні. Сіла і дух пачынаюцца там, дзе ёсць ты — у тваім двары!

— Конкурс-марафон пройдзе з 15 мая па 2 верасня. Што чакае ўдзельнікаў?

— 80 дзён актыўнасці, цікавыя заданні ад амбасадараў і мора эмоцый. Марафон разбіты на некалькі этапаў. Каб прыняць удзел, трэба знайсці пляцоўку Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, зарэгістравацца на сайце sportdvor. by, выбраць сваю катэгорыю і пачаць трэніравацца. Усяго за час марафону ўдзельнікі павінны выканаць восем трэніровак па заданнях, зняць іх на відэа і апублікаваць у Instagram з абавязковым хэштэгам сваёй катэгорыі.

— «Спорт і Двор» — гэта конкурс-марафон. А якія прызы прадугледжаны?

— Матывацыя — ключавы фактар. Для самых упартых, крэатыўных і рэзультатыўных удзельнікаў мы падрыхтавалі грашовыя прызы. Агульны прызавы фонд складае 24 тыс. рублёў. Ён будзе размеркаваны паміж пераможцамі ў чатырох катэгорыях (за 1, 2 і 3 месцы). Рэгістрацыя адкрываецца 15 мая на сайце sportdvor. by і прадоўжыцца да 15 ліпеня ўключна. Першае заданне марафону з’явіцца ва ўдзельнікаў ужо 15 чэрвеня.

— Хто можа стаць удзельнікам конкурсу? Ці патрэбна спецыяльная падрыхтоўка?

— «Спорт і Двор» — гэта праект для кожнага! Спецыяльнай падрыхтоўкі не патрэбна. Мы прадугледзелі чатыры напрамкі. Першы — катэгорыя «Мужчыны» і «Дзяўчаты» (14-50 гадоў) — для тых, хто гатовы праверыць сілу, вынослівасць і пакарыць новыя спартыўныя вяршыні. Другая катэгорыя — «Сям’я», яна для актыўных пар і сем’яў, якія хочуць праводзіць час разам і прывіваць дзецям любоў да руху. І трэцяя — «50+» — для тых, хто даказвае, што спорт даступны ў любым узросце. Гэта выдатны спосаб захаваць бадзёрасць і стаць прыкладам для моладзі.

— Якія актыўнасці яшчэ чакаюць удзельнікаў?

— Акрамя спаборніцкіх заданняў, рыхтуем шмат цікавага: рубрыкі ад экспертаў і амбасадараў, майстар-класы, інтэрв’ю, розыгрышы і чэленджы. Пакуль мы трымаем інтрыгу аб тым, хто стаў амбасадарамі праекта. Усе падрабязнасці з’явяцца ў нашых сацыяльных сетках, таму сачыце за абнаўленнямі! Скажу толькі, што гэта яркія асобы з розных сфер: вядомыя спартсмены, фітнес-эксперты і медыйныя асобы.

Мы таксама забяспечым маштабную інфармацыйную падтрымку ва ўсіх рэгіёнах. Наша мэта — ахапіць як мага больш людзей, паколькі асноўныя спартыўныя пляцоўкі знаходзяцца менавіта ў раённых цэнтрах і аграгарадках.

— Што б вы пажадалі тым, хто толькі разважае над удзелам?

— «Спорт і Двор» — гэта выдатны шанц пачаць новую, актыўную главу ў жыцці. Гэта магчымасць кінуць сабе выклік, навучыцца новаму і зарадзіцца энергіяй на ўвесь год. Няважна, які ў вас узровень падрыхтоўкі — ваш першы крок на пляцоўку ўжо робіць вас пераможцам. Далучайцеся, і няхай гэта лета стане вашым самым спартыўным!


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю