Я некалі вырашыў стаць настаўнікам, а калі дакладней — сапраўдным педагогам.
У гэтай вось справе, як і ва ўсякай іншай, існуюць асноўныя, галоўныя кірункі: па-першае, захаванне жыцця і здароўя дзяцей, па-другое — на мой погляд — іх выхаванне і прафарыентацыя, па-трэцяе, перадача ведаў.
Многія мае калегі згодны з такой расстаноўкай прыярытэтаў, хто-ніхто веды ставіць вышэй, што не дзіўна, бо менавіта за навучанне, за павышэнне ўзроўню і якасці ведаў настаўнік атрымлівае сваю заработную плату. А калі вучань у конкурсах і прадметных алімпія-
дах займае прызавыя месцы, то педагог, які яго падрыхтаваў, — яшчэ і адчувальны дадатак у выглядзе прэмій ды надбавак.
На тое, каб дзеці як мага лепш вучыліся, скіраваны таксама клопат бацькоў, і ўсё б нічога, калі б у гэтай гонцы за высокімі адзнакамі дарослыя не забываліся аб тым, што паралельна трэба выяўляць інтарэсы, запатрабаванні і магчымасці вучняў, дапамагаць ім вызначыцца з выбарам прафесіі.
Для таго, каб паказаць, наколькі гэта важна, прывяду толькі адзін прыклад. У школе, дзе я працаваў раней, вучыўся вельмі здольны хлопец. У яго, як здавалася, усё было чын чынаром, усё на радасць і яму самому, і бацькам, і настаўнікам: бліскучыя веды, дысцыпліна, перамогі на алімпіядах...
Але ж вось надышоў час для паступлення ў нейкую канкрэтную навучальную ўстанову, і выдатнік разгубіўся, ён... не захацеў выбіраць.
Шчыра перажываючы за хлопца, я спрабаваў пагутарыць з ім і пачуў, што ў нейкай канкрэтнай прафесіі ён сябе наогул не бачыць, што хоча проста зарабляць грошы — адразу і, пажадана, шмат.
Тады я і падумаць не мог, што ў гэтых словах заключаецца мэта вельмі многіх выпускнікоў, а, магчыма, і моладзі ў цэлым. Ну сапраўды: каму з падлеткаў не хацелася б усяго і адразу? Асабліва цяпер, калі дзеці заможных бацькоў адзін перад адным выхваляюцца модным адзеннем, абуткам, дарагімі тэлефонамі, а некаторыя — нават аўтамабілямі.
Само па сабе жаданне ўсё гэта мець цалкам натуральнае. І менавіта мы, педагогі, бацькі, дарослыя, павінны падказаць і параіць правільныя і бяспечныя шляхі для дасягнення мэт і жаданняў. Нам трэба знайсці правільныя словы і растлумачыць, што для паляпшэння свайго дабрабыту не варта канцэнтравацца на адной толькі працы, што можна сумяшчаць яе з завочнай вучобай альбо вучобу — з рознымі падпрацоўкамі...
Сам я выхадзец з вёскі. Лішніх грошай у сям’і ніколі не было, і таму за сваё студэнцкае жыццё (пасля школы вучыўся ў педагагічным каледжы) я чаго толькі не рабіў! Разам з сябрамі мы разгружалі вагоны, складалі дошкі на пілараме, хадзілі ў падсобніках на будаўнічых аб’ектах...
Ва універсітэце вучыўся завочна, ужо працуючы ў школе.
І зноў жа: у нас, настаўнікаў, досыць працяглыя водпускі —
у сярэднім 58 каляндарных дзён. Я ніколі не ўяўляў і не ўяўляю, як можна столькі прасядзець нічога не робячы... А таму (яшчэ і дзеля грошай) заўсёды ўладкоўваўся папрацаваць на нейкай з будоўляў. Хіба ў апошнія гады перайшоў на збор ягад і грыбоў. Цяпер гэта вельмі выгадная справа, мне да таго ж яна заўсёды была па душы...
Пры сустрэчах з выпускнікамі я часта расказваю ім сваю гісторыю, на ўласным прыкладзе паказваю, што можна годна жыць і зарабляць, што не трэба рызыкаваць, кідацца ў нейкія авантуры, якія могуць сапсаваць усё далейшае жыццё. І пры гэтым з цікавасцю назіраю за выпускнікамі — былымі аднакласнікамі, асабліва праз год-другі пасля школы, калі адны з іх у матэрыяльным плане цалкам залежныя ад бацькоў і гэтак жа цалкам загружаныя вучобай (бо першыя курсы ў ВНУ і каледжах, на мой погляд, самыя складаныя), а іншыя — якраз наадварот — вольныя, бо адразу пасля школы пайшлі працаваць.
Гэта вось, другая, катэгорыя маладых людзей досыць бесклапотная, бо не абцяжарана пакуль сямейным жыццём, мае стабільны заробак і (у адрозненне ад студэнтаў) можа шмат што сабе дазволіць.
Аднак, калі ўважліва прыглядзецца, то якраз у іх вачах можна заўважыць і сапраўдны сум, і такую ж шчырую зайздрасць: ва ўчарашніх аднакласнікаў цікавая вучоба, зносіны, шырокія перспектывы, магчыма, кар’ерны рост...
Усё гэта магло быць у іх, калі б тады, адразу пасля школы, не паленаваліся і паспрабавалі-такі паступіць.
Такім чынам, згадзіцеся, ёсць сэнс падумаць, што лепш: зарабляць адразу і як мага больш ці ўсё ж знайсці сабе справу па душы.
Анатоль Аскірка, настаўнік, Быхаўскі раён