Зарплата медыцынскіх работнікаў з сярэдняй адукацыяй будзе павышацца на працягу бягучага года дзякуючы павелічэнню надбавак. 12 лютага апублікавана пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь № 18, вызначае надбаўкі сярэдняму медыцынскаму персаналу.
Павышэнне закране 110 тысяч спецыялістаў
Як адзначыў намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Старавойтаў, гэта планавая работа па павышэнні заработнай платы ў галіне аховы здароўя:
— Выйшла пастанова, якая рэгламентуе павышэнне надбавак у людзей, якія працуюць у галіне аховы здароўя і маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Гэта медыцынскія сёстры і фельчары. У цэлым надбаўкі павялічацца на 35 %. Гэта будзе адбывацца ў выніку трох планавых павышэнняў заработнай платы і паўплывае на павелічэнне надбавак у розных катэгорый спецыялістаў, якія займаюцца той ці іншай работай у галіне аховы здароўя.
Павышэнне закране больш чым 110 тысяч работнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, якія працуюць у нашай краіне ў сферы аховы здароўя.
— Гэта вялікая група спецыялістаў, якія нясуць на сваіх пераважна жаночых плячах сур’ёзную нагрузку, і, зразумела, заработная плата і надбаўкі залежаць ад спецыялізацыі спецыялістаў, — падкрэсліў Аляксандр Старавойтаў. — У сясцёр-анестэзістак аплата адна, фельчароў хуткай дапамогі — другая, спецыялістаў, якія працуюць памочнікамі ўрача, участковымі медыцынскімі сёстрамі, — трэцяя. У залежнасці ад аб’ёму і напружанасці працы адбываецца і дыферэнцыяцыя аплаты.
Як патлумачыў намеснік міністра, гэта дадатковыя надбаўкі да тых, што існавалі раней:
— Першапачаткова яны былі прыняты па рашэнні кіраўніка дзяржавы, каб стымуляваць кваліфікаваных работнікаў для падаўжэння работы ў галіне аховы здароўя. Як бачыце, работа не стаіць на месцы, дзяржава прыкладае ўсе намаганні, каб спецыялісты раслі і развіваліся. Таму гэта павышэнне зарплаты планавае.
Каму колькі?
Надбаўка за спецыфіку работы ў сферы аховы здароўя медыцынскім работнікам з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй устаноўлена ў памеры 30 працэнтаў ад акладу.
Акрамя таго, надбаўка за работу ў сферы аховы здароўя медработнікам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі з 1 сакавіка складзе 130 працэнтаў акладу, з 1 верасня — 140 працэнтаў, з 1 снежня — 155 працэнтаў. Работнікам прыёмнага аддзялення і аддзяленняў (палат) для пацыентаў з парушэннем мазгавога кровазвароту (інсультам) з 1 сакавіка надбаўка складзе 110 працэнтаў акладу, з 1 верасня — 120 працэнтаў, з 1 снежня — 135 працэнтаў.
Медыцынскім работнікам з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй выязных брыгад з 1 сакавіка надбаўкі ўстаноўлены ў 120 працэнтаў акладу, з 1 верасня — 130 працэнтаў, з 1 снежня — 145 працэнтаў. Фельчарам выязных брыгад, якія выязджаюць па выкліку самастойна без урачоў, з 1 сакавіка — 170 працэнтаў, з 1 верасня — 180 працэнтаў, з 1 снежня — 195 працэнтаў.
Участковым медыцынскім сёстрам, братам, памочнікам урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе тэрытарыяльных участкаў, медыцынскім сёстрам і братам агульнай практыкі, фельчарам, медработнікам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй фельчарска-акушэрскіх пунктаў, у тым ліку прынятым на пасаду служачага з ужываннем вытворнага наймення «старшы», надбаўка з 1 сакавіка складзе 110 працэнтаў акладу, з 1 верасня — 120 працэнтаў, з 1 снежня — 135 працэнтаў.
Медработнікам з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй, галоўнай медыцынскай сястры, галоўнаму медыцынскаму брату з 1 сакавіка надбаўка ўстаноўлена ў памеры 95 працэнтаў акладу, з 1 верасня — 105 працэнтаў, з 1 снежня — 120 працэнтаў.
Выніковая сума даплат будзе залежаць ад профілю супрацоўніка, што звязана з аб’ёмам і напружанасцю працы.
У тэму
Медыцынская сястра ўчастковая (старшая) 2-га педыятрычнага аддзялення ўстановы аховы здароўя «25-я гарадская дзіцячая паліклініка» Аксана Нарута:
— Калі стала вядома, што павышаюцца надбаўкі да зарплаты ўрачоў, мы былі крыху засмучаны, бо медыцынская сястра — гэта іх правая рука і галоўны памочнік. А цяпер і нам паведамілі добрую навіну, што надбаўкі ў тры этапы вырастуць і ў сярэдняга медыцынскага персаналу. Гэта вельмі радуе. Адчуваецца, што наша дзяржава клапоціцца пра работнікаў галіны аховы здароўя, і за гэта вялікі дзякуй.