Ведай нашых!
У іх агульнай скарбонцы — 156 перамог на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, 38 — на міжнародных спаборніцтвах, уключаючы ІOІ, Жаўтыкоўскую і Еўрапейскую.
У Год беларускай жанчыны, у маі, дзве вучаніцы Веранікі Лактыной гучна заявілі аб сабе на VІ Еўрапейскай алімпіядзе па інфарматыцы сярод дзяўчат у італьянскім Чэзанатыка. Удзел у ёй бралі каля 200 дзяўчат з 68 краін свету, Беларусь выступала ўпершыню. Наша каманда ў складзе чатырох старшакласніц заняла другое месца ў агульным рэйтынгу. Вялікі ўклад у такі поспех унеслі юныя праграмісткі з Віцебска: Оля Кунцэвіч узяла «золата», Яна Дзенісюк — «серабро».
Такую выдатную падрыхтоўку дзяўчаты атрымалі на факультатыўных занятках па інфарматыцы ў Веранікі Лактыной. Яе асноўнае месца працы — гімназія № 8, выкладае таксама ў гімназіях № 2 і № 1 імя Ж.І. Алфёрава. Настаўніца мае нагрузку ў дзве стаўкі, прычым адна з іх — факультатывы. Яна імкнецца падзяліцца сваімі ўнікальнымі ведамі з як мага большай колькасцю хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі ўрокі інфарматыкі, згодна са школьнай праграмай, пачынаюцца толькі ў шостым класе, на факультатывы могуць запісацца пяцікласнікі. На бягучы момант іх наведваюць каля ста вучняў у некалькіх узроставых групах (з 5-га па 11-ы класы).
— Засваенне матэрыялу на ўроках інфарматыкі дазваляе вучням стаць упэўненым карыстальнікам камп’ютара. Напрыклад, працаваць з тэкставымі, аўдыё- і відэарэдактарамі, ствараць прэзентацыі.
На факультатывах жа мы вывучаем прафесійную, самую хуткую і адну з самых складаных у свеце моў праграмавання C++, — тлумачыць розніцу Вераніка Лактына. — Фактычна мае выхаванцы асвойваюць першы этап папулярнай і запатрабаванай ІТ-прафесіі.
Працавітасць да фанатызму
Абсалютная большасць аўдыторыі Веранікі Лактыной — хлопцы. Лічыцца, што менавіта мужчынскай палове ўласцівыя якасці, патрэбныя будучаму праграмісту: лагічнае мысленне, упартасць, уседлівасць, вялізная працавітасць амаль да фанатызму. Шанс дабіцца найбольшага поспеху мае той, хто валодае прыродным талентам пралічваць наступныя крокі, мадэляваць магчымыя варыянты развіцця падзей і шукаць аптымальнае выйсце з розных сітуацый. Інструменты ж для напісання алгарытмаў дзеяння дае вучням настаўнік.
— Заняткі ў нас вельмі сур’ёзныя, напружаныя, насычаныя, — падкрэслівае Вераніка Лактына. — Спецыяльных падручнікаў няма, дзеці вядуць канспекты пад маю дыктоўку, разам мы разбіраем тэмы. Прапускаць заняткі нельга: непачутае не засвоіш самастойна. На факультатыве вучні атрымліваюць інфармацыю і дамашнія заданні, якія абавязкова выконваюць самі.
Трэба быць вельмі дысцыплінаваным і самаарганізаваным. Не ўсе вытрымліваюць такі тэмп і рытм, таму адсейваюцца. Але тыя, хто разам з патрабавальным настаўнікам даходзіць да 11-га класа, ужо ў школе вызначаюцца з будучай прафесіяй, якая, вядома, звязана з ІТ-сферай. Выпускнікі Веранікі Лактыной паступаюць у вядучыя ВНУ Беларусі, прычым большая частка — без уступных экзаменаў, дзякуючы наяўнасці дыпломаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Так, толькі сёлета сямёра яе выпускнікоў-пераможцаў сталі студэнтамі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.
Суполка аднадумцаў
Цікава: ужо дарослыя людзі, паспяховыя праграмісты, былыя алімпіяднікі Веранікі Лактыной не парываюць сувязі з ёю і адзін з адным. У адным з месенджараў яна стварыла чат, у якім больш за сотню чалавек. Многія з іх радыя быць спонсарамі камерцыйных спаборніцтваў, у якіх выступаюць сённяшнія школьнікі.
— Тыя дзеці, якія наведваюць факультатывы, адчуваюць сябе калі не сям’ёй, то суполкай зацікаўленых аднадумцаў. Яны сябруюць, дапамагаюць адзін аднаму, — адзначае педагог. — Я рада, што выгадавала паплечніка і калегу сабе: мой выпускнік Сяргей Сяргеенка працуе настаўнікам у віцебскай гімназіі № 5.
Наша сустрэча са знакамітым педагогам была прызначаная на заканчэнне адборачнага тура на камандную алімпіяду ФПМІ БДУ. Час выйшаў увечары, ужо цямнела — іншыя хлопцы і дзяўчаты спяшаліся б дадому. Вучні ж Веранікі Лактыной яшчэ з гадзіну не разыходзіліся, даводзячы таварышам варыянты рашэння задач, абмяркоўваючы, што і чаму ўдалося, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся.
— Калі я бачу такую шчырую зацікаўленасць, за спінай быццам вырастаюць крылы, — усміхаецца настаўніца. — Хочацца зрабіць для маіх дзяцей яшчэ больш.
Вучням патрэбныя не толькі веды, якія прапануе засвойваць Вераніка Лактына, але і яе псіхалагічная падтрымка, спакойная ўпэўненасць у іх — яна шчодрая на добрыя словы падбадзёрвання. Так фарміруюцца даверлівыя, паважлівыя адносіны, спакваля ідзе працэс выхавання.
Гадоў дваццаць таму наша гераіня ледзь не спакусілася таксама пайсці ў праграмісты. Вядома, у яе, выдатніцы, якая ў свой час з залатым медалём скончыла віцебскую СШ № 35, з чырвоным дыпломам — ВДУ імя П.М. Машэрава, гэта атрымалася б. Але яна вырашыла не здраджваць педагагічнаму шляху, якім ішла і яе маці, настаўнік-філолаг Раіса Іванюта. Рашэнне аказалася верным.
З таго часу Вераніка Лактына выпусціла са школьных сцен сотні юнакоў і дзяўчат, захопленых праграмаваннем. Заслужыла, здаецца, усе магчымыя ўзнагароды: медаль «За працоўныя заслугі», нагрудны знак «Выдатнік адукацыі», ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны», шматлікія граматы і падзякі. А галоўнае — аўтарытэт у педагагічным асяроддзі, павагу бацькоў і любоў вучняў.
— Я на сваім месцы, — задаволена Вераніка Лактына. — Раблю тое, што добра ўмею і люблю. Хіба не ў гэтым шчасце?
Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара