Top.Mail.Ru

Засух становіцца больш. Як змяніўся рэжым ападкаў у Беларусі

Як змяніўся рэжым ападкаў у Беларусі, расказала на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Сусветнага дня барацьбы з апустыньваннем і засухай, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі кліматычных даследаванняў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Ірына Даніловіч, перадае БелТА.


Па словах Ірыны Даніловіч, на тэрыторыі Беларусі гадавы ўзровень увільгатнення вагаецца ў межах 5-7 % у апошняе дзесяцігоддзе. Пры гэтым назіраецца трансфармацыя рэжыму выпадзення ападкаў. «Скарачаецца працягласць выпадзення ападкаў — лічба знізілася прыкладна на 20 %. Адначасова павялічваецца інтэнсіўнасць выпадзення ападкаў па ўсёй тэрыторыі краіны: узрастае колькасць ападкаў, якая выпала за кароткія інтэрвалы часу, — сказала яна. — У многіх рэгіёнах краіны адзначаецца адмоўны водны баланс. Гэта асабліва выяўлена ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Нулявы водны баланс фіксуецца на поўдні Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей».

Асаблівая засушлівасць адзначаецца на беларускім Палессі — там у большай меры праяўляюцца такія фактары, як высокія тэмпературы паветра, павелічэнне паўтаральнасці хваляў цяпла. Па словах эксперта, на тэрыторыі Беларусі, і ў прыватнасці Палесся, назіраецца агульная тэндэнцыя зніжэння запасаў вільгаці. Характэрна, што ў структуры сельскагаспадарчых земляў Палесся пераважаюць лёгкія пясчаныя, рыхлыя і супясчаныя глебы, асушаныя дробназалежныя тарфянікі, якія найболей адчувальныя да кліматычных змен.

Разлікі кліматычных мадэляў паказваюць, што дэфіцыт ападкаў на беларускім Палессі складае каля 2-5 % ад сумарнага выпарэння. «Гэты раён ужо знаходзіцца ў зоне з недастатковым увільгатненнем. У далейшым прагназуецца павелічэнне дэфіцыту ападкаў на 5-10 % пры росце сумарнага выпарэння на 6 %», — дапоўніла Ірына Даніловіч.

Акрамя таго, адзначаецца больш ранні надыход глебавых засух. У маі за перыяд пацяплення паўтаральнасць глебавых засух у Брэсцкай вобласці ўзрасла ў пяць разоў, а ў Гомельскай — амаль у два разы. «У выніку перавагі адлігавага характару надвор’я на тэрыторыі краіны снег не назапашваецца і вясной фактычна няма яго дастатковай колькасці, каб пры раставанні насычыць глебу вільгаццю. З-за гэтага працэсы інтэнсіўнага выпарэння пачынаюцца раней», — растлумачыла вядучы навуковы супрацоўнік.

«Для своечасовай адаптацыі да негатыўных наступстваў кліматычных змяненняў і трансфармацый неабходны пастаянны маніторынг і ацэнка прасторава-часавых змяненняў», — падкрэсліла эксперт.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю