У нядзелю матчамі ў Маладзечне і Мінску завяршыўся 35-ы чэмпіянат Беларусі па футболе.
Футбалісты «Мінска» перамаглі на сваёй арэне барысаўскі БАТЭ з сухім лікам 2:0.
Жодзінскія тарпедаўцы саступалі на выездзе футбалістам «Маладзечна» 0:1, але ў канцы паядынку Максім Скавыш і Павел Сядзько двойчы паразілі вароты гаспадароў, і госці атрымалі валявую перамогу з вынікам 2:1.
Наваспечаны чэмпіён краіны «МЛ Віцебск» завяршыў сезон выязной нічыёй з сярэбраным прызёрам, мінскім «Дынама», — 1:1. Уладальнік «бронзы», мазырская «Славія», разграміла на выездзе футбалістаў «Віцебска» з лікам 3:0. Вынікі астатніх сустрэч 30-га тура: «Нафтан» (Наваполацк) — «Арсенал» (Дзяржынск) — 2:0, «Іслач» (Мінскі раён) — «Нёман» (Гродна) — 2:0, «Слуцк» — «Дынама» (Брэст) — 0:2, «Гомель» — «Смаргонь» — 1:3.
Найлепшым бамбардзірам 35-га чэмпіянату Беларусі стаў 23-гадовы нападаючы «Іслачы» Аляксандр Шасцюк, які забіў 17 мячоў.
Вышэйшую лігу пакідаюць футбалісты «Слуцка» і «Маладзечна», якіх заменяць «Баранавічы» і магілёўскі «Днепр». У пераходных паядынках за права выступаць у элітным дывізіёне Нацыянальнага чэмпіянату ў наступным сезоне «Смаргонь» двойчы сустрэнецца з бабруйскай «Белшынай».
Тым часам у кулуарах федэрацыі футбола сур’ёзна разглядаецца праект правядзення чэмпіянатаў Беларусі са змененым рэгламентам. Так, у сезоне-2026 Вышэйшую лігу пакінуць тры каманды, а з Першай паднімецца адна. У чэмпіянаце-2027 згуляюць
14 калектываў. Але гэта можа быць толькі часткай абнаўленняў, і да 2028 года Вышэйшую лігу зрэжуць да 12 каманд. Чуткі аб магчымым скарачэнні колькасці ўдзельнікаў Вышэйшай лігі пачалі хадзіць яшчэ ў пачатку гэтага года. Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук у красавіку заяўляў, што Федэрацыі футбола краіны варта правільна выбудаваць сістэму з меншай колькасцю ўдзельнікаў: «16 каманд для краіны — гэта перабор. Самы час правільна выбудаваць сістэму з меншай колькасцю ўдзельнікаў. Менш каманд — менш матчаў, значыць, можна пачаць чэмпіянат пазней, а скончыць раней. Гэта тэма цяпер вельмі актуальная».