Адным з цэнтральных мерапрыемстваў афіцыйнага візіту стала сустрэча Прэм’ер-міністра Беларусі з прэзідэнтам Кыргызстана Садырам Жапаравым. Таксама адбыліся двухбаковыя сустрэчы з кыргызскім калегам у вузкім і пашыраным складах. Падрабязнасці — у нашым матэрыяле.
Патэнцыял супрацоўніцтва — значна шырэйшы
Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Кыргызстана Садырам Жапаравым Аляксандр Турчын канстатаваў: Кыргызстан з’яўляецца нашым надзейным сябрам, правераным часам саюзнікам і важным гандлёвым партнёрам:
— Мы сумесна працуем у інтэграцыйных структурах — СНД, ЕАЭС і ШАС, што таксама спрыяе падтрыманню станоўчай дынамікі двухбаковага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях.
Бакі адзначылі той факт, што беларуска-кыргызскія адносіны паспяхова развіваюцца на ўсіх напрамках, растуць аб’ёмы двухбаковага гандлю. Пастаўлена амбіцыйная мэта па давядзенні ўзаемнага тавараабароту да 2030 года да паўмільярда долараў. Для пераходу на новы ўзровень, патрабуюцца інавацыйныя падыходы і пошук новых пунктаў росту. Ключавую ролю ў якасным росце павінны адыграць праекты прамысловай кааперацыі і развіццё высокатэхналагічных вытворчасцяў. Наша краіна гатова да далейшага пашырэння прысутнасці беларускіх тэхналогій у Кыргызстане.
Са свайго боку Садыр Жапараў выказаў упэўненасць, што патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння значна шырэйшы.
Задача — ператварыць дамоўленасці ў кантракты і прадпрыемствы
У ходзе візіту Аляксандр Турчын прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця беларуска-кыргызскага бізнес-форуму. Ён адзначыў, што Беларусь і Кыргызстан звязвае трывалы падмурак: агульная гісторыя, членства ў адзіных інтэграцыйных аб’яднаннях і, што вельмі важна, узаемадапаўняльны характар нацыянальных эканомік.
— Сёння мы знаходзімся на знакавым этапе, калі палітычны давер паміж лідарамі нашых краін трансфармуецца ў канкрэтныя эканамічныя паказчыкі, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.
Ён канстатаваў: Беларусь разглядае Кыргызстан не проста як рынак збыту гатовай прадукцыі, але як перспектыўную пляцоўку для доўгатэрміновага супрацоўніцтва і стварэння сумесных вытворчасцяў з высокай дабаўленай вартасцю.
— Для гэтага ў нас ёсць усё неабходнае: цвёрдая палітычная воля, празрыстыя правілы гульні ў рамках ЕАЭС і ўзаемная гатоўнасць умацоўваць эканамічныя сувязі на дзесяцігоддзі наперад.

Беларускі прэм’ер нагадаў, што прыярытэты ў прамысловай сферы дакладна вызначаны ў дзвюх «дарожных картах» на перыяды да 2027 і 2030 гадоў. Беларуская тэхніка даўно і заслужана карыстаецца попытам у Кыргызстане, аднак сёння час дыктуе неабходнасць пераходу ад простага гандлю да рэалізацыі глыбокіх кааперацыйных праектаў.
— Важна, што для сумесных праектаў створаны фінансавыя механізмы: падпісана базавае пагадненне паміж Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным банкам развіцця Кыргызстана, якое дазваляе выкарыстоўваць даступныя крэдытныя рэсурсы. Я заклікаю вас да максімальнай актывізацыі прамога дыялогу. Нам неабходны інтэнсіўны абмен вопытам, кіраўнічымі практыкамі і сучаснымі тэхналагічнымі рашэннямі. Выкарыстоўвайце ў тым ліку магчымасці гэтага форуму для ўстанаўлення трывалых асабістых кантактаў, пошуку новых партнёраў, — заклікаў прысутных Аляксандр Турчын.
Ён запэўніў, што беларускі бок настроены на рашучую і выніковую працу:
— Наша задача — ператварыць дасягнутыя дамоўленасці ў канкрэтныя кантракты і прадпрыемствы, якія працуюць.
Форум рэгіёнаў Беларусі і Кыргызстана пройдзе восенню 2026 года ў Мінску
Падчас афіцыйнай сустрэчы са старшынёй Кабінета Міністраў — кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Кыргызстана Адылбекам Касымаліевым у пашыраным складзе Аляксандр Турчын падкрэсліў: важна забяспечваць рэгулярнасць кантактаў і нацэленасць на канкрэтны вынік.
— Асновай нашага ўзаемадзеяння традыцыйна выступае гандлёва-эканамічная сфера. Нягледзячы на знешнія выклікі, захоўваецца станоўчая дынаміка ўзаемнага гандлю. Наша задача — замацаваць гэты трэнд і забяспечыць яго ўстойлівае развіццё, у тым ліку за кошт пашырэння таварнай наменклатуры і паглыблення кааперацыйных сувязей, — адзначыў ён, дадаўшы, што Беларусь гатова актывізаваць удзел у сумесных праектах, абапіраючыся на ўзаемадапаўняльнасць эканомік і перавагі членства ў ЕАЭС.
— Важным напрамкам застаецца ўзаемны гандаль харчовымі таварамі. Вітаем развіццё ў Бішкеку сеткі спецыялізаваных гандлёвых кропак, дзе рэалізуецца беларуская харчовая прадукцыя. Адначасова выступаем за нарошчванне паставак кыргызскай сельгаспрадукцыі на беларускі рынак, — акцэнтаваў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
Важным элементам двухбаковага ўзаемадзеяння застаецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, лічыць Аляксандр Турчын:
— Устаноўлены і паспяхова рэалізуюцца прамыя кантакты паміж рэгіёнамі нашых краін. Лічым неабходным і далей пашыраць такую практыку, выкарыстоўваючы такія новыя фарматы ўзаемадзеяння, як правядзенне форумаў рэгіёнаў. У цяперашні час праводзіцца работа па падрыхтоўцы і змястоўным напаўненні першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Кыргызстана восенню бягучага года ў Мінску.
Энергія руху
Падводзячы вынік сустрэчы Аляксандр Турчын адзначыў, што Кыргызстан займае важнае месца сярод партнёраў Беларусі ў Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне. Ён падкрэсліў, што Беларусь і Кыргызстан эфектыўна ўзаемадзейнічаюць на пляцоўках міжнародных і рэгіянальных аб’яднанняў, уключаючы ЕАЭС, СНД, ШАС і АДКБ:
— Адзначаем выніковасць дзеючага старшынства Кыргызскай Рэспублікі ў ШАС і падтрымліваем намаганні кыргызскага боку па ўмацаванні супрацоўніцтва ў рамках арганізацыі.
Паводле слоў кіраўніка беларускага ўрада, за апошнія гады двухбаковыя сувязі атрымалі прыкметнае развіццё:
— Істотна ўзрасла выніковасць работы сумесных механізмаў, у тым ліку міжурадавай камісіі. Актыўна развіваюцца кантакты паміж рэгіёнамі, а таксама прамыя сувязі паміж прадпрыемствамі і дзелавымі коламі, што фарміруе ўстойлівую аснову для доўгатэрміновага партнёрства. Захоўваецца станоўчая дынаміка ўзаемнага гандлю. Гэта пацвярджае наяўнасць перспектыўнай базы для далейшага пашырэння супрацоўніцтва, а таксама высокую адаптыўнасць і ўзаемадапаўняльнасць нашых эканомік. Мы маем намер не толькі нарошчваць аб’ёмы тавараабароту, але і дыверсіфікаваць яго структуру, уключаючы пастаўкі прамысловай, сельскагаспадарчай, фармацэўтычнай і харчовай прадукцыі.

Абмеркаванне двухбаковага парадку дня працягнулася наведваннем Аляксандрам Турчыным і Адылбекам Касымаліевым «Аўтамаш-радыятар». Прадпрыемства з’яўляецца адным з найбольш буйных прадпрыемстваў у СНД у сферы вытворчасці радыятараў астуджэння рухавікоў і ацяпляльнікаў да грузавых, легкавых аўтамабіляў і трактароў. У Беларусь радыятары вытворчасці прадпрыемства пастаўляюцца пераважна на такія прадпрыемствы як МТЗ, Гомсельмаш, МАЗ, БелАЗ і іншыя.
Таксама кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Кыргызстана правялі сустрэчу з генеральным дырэктарам эка-завода ў Бішкеку Дай Даога, у цэнтры ўвагі якой было азнаямленне з вопытам кыргызска-кітайскай кааперацыі ў галіне перапрацоўкі адходаў з выпрацоўкай электраэнергіі.
Па выніках візіту падпісана кантрактаў і пагадненняў на суму звыш 5 мільёнаў долараў.
Па матэрыялах прэс-службы ўрада.